Робертсан, які ўзначальваў НАТА ў перыяд з 1999 да 2003 года, сказаў, што Пуцін ясна даў зразумець на іх першай сустрэчы, што ён хоча, каб Расія стала часткай Заходняй Еўропы.

Робертсан успомніў раннюю сустрэчу з Пуціным, які стаў прэзідэнтам у 2000 годзе. «Пуцін сказаў: «Калі вы збіраецеся запрасіць нас у НАТА?» — і я сказаў: «Ну, мы не запрашаем людзей туды, яны ўступаюць у НАТА, яны падаюць заяўку на ўступленне ў НАТА». І ён сказаў: «Ну, мы не стаім у адным шэрагу з рознымі краінамі, якія не маюць значэння».

Гэты расказ пераклікаецца з тым, што Пуцін сказаў у інтэрв'ю BBC незадоўга да таго, як ён упершыню ўступіў на пасаду прэзідэнта Расіі больш за 21 год таму.

Пуцін тады заявіў, што не выключае далучэння да НАТА, «калі погляды Расіі будуць прынятыя пад увагу як погляды раўнапраўнага партнёра».

Ён сказаў, што яму складана разглядаць НАТА як ворага.

«Расія — частка еўрапейскай культуры. І я не магу ўявіць сваю краіну ізаляванай ад Еўропы і ад таго, што мы часта называем цывілізаваным светам», — сказаў Пуцін.

Пасля Аранжавай рэвалюцыі ва Украіне ў 2004 годзе Пуцін стаў насцярожана ставіцца да Захаду, які ён абвінаваціў у фінансаванні НДА. Ён таксама быў абураны экспансіяй НАТА ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу: Румынія, Балгарыя, Славакія, Славенія, Латвія, Эстонія і Літва вырашылі далучыцца да альянсу ў 2004 годзе, Харватыя і Албанія ў 2009 годзе. А ў Расіі так нічога і не выйшла.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?