«Калі ЕС пагодзіцца на пасрэдніцтва Пуціна, той згуляе як «міратворац» і зможа выйсці з ізаляцыі»

Расійскі палітолаг Іван Прэабражэнскі ўпэўнены, што ў Маскве ў курсе ўсіх дэталяў аперацыі ад беларускіх улад па выкарыстанні ўцекачоў у якасці трансмежнай зброі. Там радыя скарыстаць гэта ў сваіх інтарэсах.

«Расія чакала, калі Еўрасаюз вымушаны будзе папрасіць яе выступіць пасрэднікам у адносінах з Лукашэнкам, бо больш нікога, апроч Расіі (і, можа быць, Кітая), той слухаць не стане. Гаворка якраз пра размову Пуціна з Меркель. Калі ЕС пагодзіцца на пасрэдніцтва Пуціна, той згуляе як «міратворац» Лукашэнка ў 2014 годзе і зможа выйсці з ізаляцыі».

На думку эксперта, пачаўся этап вялікага палітычнага гандлю: Расію палохаюць санкцыямі, каб яна ўмяшалася і спыніла Лукашэнку. Расія, у сваю чаргу, палохае тым, што зусім самаўхіліцца — тады проста не будзе каму размаўляць з беларускімі ўладамі. 

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Гэта можа працягвацца да моманту, пакуль надвор'е — снег і маразы — не ператворыць трафік з людзьмі ў «дарогу смерці», і спробы штурму мяжы з беларускага боку часова, да вясны, не саслабнуць ці зусім не спыняцца. У любым разе ўжо сёння Пуцін узмацняе свой уплыў, і пры такім раскладзе Беларусь ад яго дакладна нікуды не дзенецца», — лічыць Прэабражэнскі. 

«Лукашэнка хацеў бы, каб Захад і Крэмль плацілі за свой спакой»

Палітолаг, эксперт iSANS i Цэнтра EAST Андрэй Елісееў лічыць перабольшаным меркаванне, што Масква вырашае ўсё ў бягучай сітуацыі на памежжы, як заяўляў у тым ліку польскі бок.

«Пуцін сапраўды мае вялікі ўплыў на замежнапалітычныя дзеі Лукашэнкі, і прапагандысцкая падача сітуацыі ў беларускіх дзяржаўных і крамлёўскіх СМІ збольшага ідэнтычная. Гэта сцверджанні пра адказнасць Захаду за міграцыйную сітуацыю, які, маўляў, раней праявіў агрэсію да далёкіх краін, а таксама пра адначасова бездапаможны Еўрасаюз, які не можа даць рады сітуацыі, і ягонае «фашысцкае» стаўленне да ўцекачоў. Разам з тым, на мой погляд, Крэмль і Лукашэнка маюць ва ўсёй гэтай гісторыі свае мэты і свае партыі ў гульні», — каментуе эксперт.

На яго думку, Масква хацела б цяпер павялічыць на Беларусі сваю пастаянную вайсковую прысутнасць. Лукашэнка ж імкнецца зрабіць такую прысутнасць толькі часовай для застрашвання Захаду: ён адначасова шантажыруе і Захад, і Крэмль, што здольны супраць іхняй жа волі ўцягнуць іх у вялікі канфлікт.

«Лукашэнка хацеў бы, каб Захад і Крэмль плацілі за свой спакой і купілі яго «прадказальнасць». Два гады таму Лукашэнка гуляў у рэгіянальнага «міратворца» і атрымліваў бонусы пад гэты імідж. Цяпер жа спрабуе выбіваць рэсурсы у суседзяў у якасці «вайнатворцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0