ТАСС паведаміў, што Еўрасаюз абмяжуецца персанальнымі санкцыямі, не будзе ўводзіць новых эканамічных санкцый супраць лукашэнкаўцаў. Раней гаворка ішла пра ўвядзенне таксама абмежавальных мер супраць прадпрыемстваў. У той жа час «Белавія» заявіла, што больш не будзе садзіць грамадзян Ірака, Сірыі, Емена на рэйсы з Турцыі ў Беларусь. Гэта выглядае як частка плана дээскалацыі сітуацыі на мяжы.

Гэтаму папярэднічала дастаўка вялікай калоны мігрантаў на мяжу Беларусі і Польшчы ў панядзелак, закрыццё Польшчай перахода Брузгі—Кузніца і пагроза цалкам закрыць мяжу ў выпадку далейшай эскалацыі, пагроза Аляксандра Лукашэнкі ў адказ на такое спыніць транзіт газу па газаправодзе «Ямал-Еўропа».

Польшча, Літва і Украіна накіравалі на беларускую мяжу дадатковыя сілы, Расія выслала на патруляванне беларускага неба атамныя бамбардзіроўшчыкі.

У сераду і чацвер беларускае пытанне двойчы абмяркоўвалі Уладзімір Пуцін і Ангела Меркель — беспрэцэдэнтная інтэнсіўнасць. Ініцыятыва сыходзіла ад нямецкага боку. Берлін патлумачыў, што Мінск адрокся прамых кантактаў з нямецкім бокам яшчэ ў 2020 годзе, таму Меркель размаўляе з тым, хто мае ўплыў на Аляксандра Лукашэнку і каго ў Мінску пачуюць — з кіраўніком Расіі.

Фактычна, гэта азначае, што Захад не лічыць Аляксандра Лукашэнку самастойным у гэтых пытаннях.

Застаецца няясным, ці адбудзецца проста дээскалацыя канфлікту на мяжы, умоўна кажучы, ці вернецца сітуацыя да стану перад панядзелкам 8 лістапада, ці Мінск цалкам адмовіцца ад выкарыстання мігрантаў у якасці козыра.

Пакуль няма ніякіх прыкмет, што Мінск гатовы палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне і нармалізаваць адносіны з краінамі Еўрасаюза.

На сёння ў Беларусі каля 3000 чалавек асуджаныя ці праходзяць па палітычна матываваных крымінальных справах, 847 з іх атрымалі статус палітвязня. Беларусь мае крайне нацягнутыя адносіны з чатырма з пяццю сваіх краін-суседак.

«Браце мой, клянуся Богам, ёсць навіна, што … адкрыюць адзін бок». Што распавядаюць пра шлях на Захад мігранты, якія ідуць туды і якія дайшлі

«Хацела дзяцей мігрантаў пасяліць у сябе — не пусцілі». Пагаварылі з жанчынай, якая жыве недалёка ад Брузгоў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?