— Сапраўды, тэмай братоў Карычаў і іх ільгот ад беларускіх уладаў я займаўся даўно. Нават маю прэмію за першае месца ў «Вольным слове-2020» у галіне журналісцкіх расследаванняў, — распавёў БАЖ Станіслаў Івашкевіч. — Я быў па-за межамі краіны і не мог быць на судзе, адправіў хадайніцтва ў Эканамічны суд Мінска, дзе адбываўся разгляд. Але суд прыняў рашэнне супраць мяне і пастанавіў зняпраўдзіць дзясятак публікацый пра тое, што Карычы атрымалі звышпрыбыткі ад уладаў Беларусі.

Гэта публікацыя рыхтавалася разам з журналістамі Беларускага расследавальніцкага цэнтра, Алесем Ярашэвічам і Вольгай Ратміравай. Журналісты некалькі гадоў працуюць разам у галіне расследаванняў. Публікацыя стала вынікам працы каманды, але пазоў тычыўся толькі Станіслава Івашкевіча. Журналіст звязвае такі падыход суда з міжнароднымі санкцыямі супраць братоў Карычаў і падаў апеляцыю, выніку якой цяпер чакае.

Каманда журналістаў, якія працуюць над расследаваннямі, з ліпеня не ў Беларусі.

— Эканамічны суд Мінска ўжо некалькі разоў разглядаў пазовы супраць мяне. — Згадвае журналіст. — Апошняя справа склалася з 10 пасяджэнняў цягам чатырох месяцаў супраць «Белэнерга». Тады суд адмовіў у пазове і пастанавіў прыбраць тры з трынаццаці цытат, дзе ўжывалася слова карупцыя, бо, паводле закону, гэты панятак можна выкарыстоўваць толькі пасля вынясення адпаведнага судовага рашэння.

Станіслаў Івашкевіч лічыць, што скарга братоў Карычаў з’явілася ў сувязі з санкцыямі супраць іх.

— Суд не зацікаўлены разгледзець справу па сутнасці, бо могуць быць узнятыя дакументы, якія мы можам запытаць у рамках судовых пасяджэнняў, — мяркуе журналіст. — Паглядзім, што адкажуць на апеляцыю, але сітуацыя супрацьлеглая той, што была ў 2018 годзе. Паводзіны суда выглядаюць як палітычна матываваныя, бо былі праігнараваныя ўсе просьбы пазоўніка аб пераносе справы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?