Фота: depositphotos.com

Фота: depositphotos.com

1. Рэбэка Донэр «Усе беды нашых дзён: праўдзівая гісторыя амерыканкі ў сэрцы нямецкага супраціву Гітлеру» / All the Frequent Troubles of Our Days: The True Story of the American Woman at the Heart of the German Resistance to Hitler

Мілдрэд Харнак з Мілуокі выкладала амерыканістыку ў Берліне, калі да ўлады прыйшоў Гітлер. Цяпер яе ўнучатая пляменніца, скрупулёзная даследчыца і майстра інтрыгоўнага аповеду, расказвае, як Харнак адкрыта супраціўлялася нацызму, сабраўшы вакол сябе кола адважных, але асуджаных на паразу, паплечнікаў. Яе забіла гестапа. Гэта гістарычная біяграфія, але яна чытаецца як літаратурны трылер.

2. С’юзан Сімард «У пошуках дрэва-маці: адкрываючы мудрасць лесу» / Finding the Mother Tree: Discovering the Wisdom of the Forest

С’юзан змяніла наша агульнае ўяўленне пра лес: зразумеўшы, як працуюць грыбныя сеткі пад лясным покрывам, даследчыца параўнала іх з кабельнай праводкай інтэрнэту (Wood Wide Web). Кніга зрабіла рэвалюцыю ў традыцыйнай батаніцы. Анягож, Сімард расказвае ў ёй, як дрэвы перадаюць электрасігналы карнявой сістэме суседніх дрэваў, калі на іх нападаюць жукі, а тыя ў сваю чаргу вылучаюць рэчывы, якія змогуць адпудзіць шкоднікаў. Навуковыя адкрыцці ў кнізе пераплеценыя з лірычнымі адступленнямі.

Выступ С’юзан Сімард пра мудрасць лесу можна паслухаць на TED-talk.

3. Джой Уільямс «Трывога» / Harrow

Апакаліптычнае фэнтэзі — адзін з самых збітых і спісаных жанраў сучаснай літаратуры — атрымлівае новае дыханне ў неверагодна смешным рамане, хай сабе гумар у ім чорны. Старыя экатэрарысты, заблытаны ў жыцці квазі-месія, дзіця-суддзя, які цытуе Кафку, таталітарны рэжым, якому ўсё да лямпачкі: усё гэта стварае мазаічную карціну экалагічнай катастрофы, дзе нігілізм мяжуе з духоўным ростам.

4. Юдзіт Шаланскі «Пералічваючы згубленае» / The Inventory of Losses

«Пісаннем нічога немагчыма вярнуць», — кажа Юдзіт Шаланскі ў гэтай медытатыўнай, прасякнутай надзеяй падборцы эсэ. «Але, пішучы, усё можна перажыць наноў».

У 12 эсэ аўтарка разважае пра зніклыя астравы Ціхага акіяна, жывёл, што вымерлі, руіны і прагалы ў старажытна-грэцкіх рукапісах, якія так шмат у сабе хаваюць.

Туга па зніклым, магчыма, стала ўжо непапулярнай тэмай, але ў гэтай кнізе аўтарка ўглядаецца ў тэму амаль рэлігійна. Так, што адчуваеш, як зніклае вяртаецца.

5. Джон Эдгар Уайдмэн «Толькі пачні мяне шукаць, і я ўцяку» / Look for Me and I’ll Be Gone

Гэта зборнік апавяданняў, у якім гісторыя пераплятаецца з асабістымі трагедыямі і ў якім 80-гадовы аўтар стварае партрэт-калаж жыцця афраамерыканцаў. У кнізе досыць пафасных момантаў, аўтар вагаецца, ці мае сэнс расказваць гэта, але непахісны ў сваёй тэхніцы — занатоўваць «доўгія, шчыльна запоўненыя плыні часу ў кожным імгненні».

6. Джошуа Коэн «Нетаньяху: аповед пра вельмі нязначны эпізод у гісторыі вельмі знакамітай сям’і» / The Netanyahus: An Account of a Minor and Ultimately Even Negligible Episode in the History of a Very Famous Family

Джошуа Коэна даўно хвалілі за выдатнае валоданне мовай, але ў гэтым рамане ён даводзіць мову да стылістычнай дасканаласці. Падзеі ў рамане адбываюцца ў 1960-я гады ва ўніверсітэцкім гарадку, але за імі хаваецца глабальнае даследаванне палітычнай тэмы. Разважаючы пра жыццё ўніверсітэцкага гарадка і феномен габрэйска-амерыканскага рамана, Коэн стварае прыпавесць пра неадназначнасць сіянізму.

7. Ален Гельца «Робэрт Э. Лі: Жыццё» / Robert E. Lee: A Life

Робэрт Э. Лі так і не прыжыўся ў сваёй краіне. Ні ў адной з дзвюх. Ален Гельца паказвае генерала паўстанцаў арыстакратам з Поўдня, чые выбітныя дасягненні на палях бітваў былі перакрэсленыя яго пагардай да руцінных палітычных спраў Канфедэрацыі. Не занурваючыся ў дыскусію вакол культуры вайны, аўтар уважліва разбіраецца, ці вінаваты Лі ў здрадзе, абароне рабаўладальніцкага ладу і няздольнасці распачаць працэс міжрасавага прымірэння ў пасляваенны час.

8. Элбрыдж А. Колбі «Стратэгія адмаўлення: амерыканская абарона ў эпоху канфлікту Вялікіх Сіл» / The Strategy of Denial: American Defense in an Age of Great Power Conflict

Кітай ужо не стрымаць. Яго ўжо не супакоіць. Таму яму трэба адмовіць у яго найбліжэйшых геапалітычных мэтах і задачах і перапыніць яго доўгатэрміновыя планы эканамічнага, вайсковага і ідэалагічнага дамінавання ў так званую «кітайскую эру», якая немінуча насоўваецца. Элбрыдж Колбі, адзін з галоўных аўтараў нацыянальнай стратэгіі абароны 2018 года, тлумачыць ў кнізе, простай мовай, ясна і канкрэтна, як Вашынгтон мусіць рашуча дзейнічаць, каб спыніць рост кітайскай сілы і амбіцый.

9. Робэрт Грос «Трансцэндэнталісты і іх свет» / The Transcendentalists and Their World

Канкорд, штат Масачусэтс, быў цэнтрам першага амерыканскага культурнага абуджэння. Эмерсан, Таро ды іншыя творцы заклалі тут асновы філасофіі і літаратуры. Гэта было невялікае мястэчка Новай Англіі, дзе пражывала ўсяго 2000 чалавек у сярэдзіне 19 стагоддзя. Робэрт Грос па-майстэрску апісвае жыццё мястэчка, царкоўны прыход, сацыяльныя парадкі, норавы людзей у тую эпоху і ў тым краі, дзе закладаліся асновы будучай нацыі.

10. Нікалас Томас «Вандроўнікі: Пасяленне ў Ціхім акіяне» / Voyagers: The Settlement of the Pacific

Каля 3500 год таму назад маракі з Азіі выправіліся ў падарожжа ў адкрытых каноэ, каб заснаваць будучае павуцінне культур на астравах паўднёвага Ціхага акіяна. Культуры будуць аб’яднаныя мовай і гандлем і будуць мець агульную назву: палінезійскія і меланезійскія культуры. Як і чаму тыя першыя вандроўнікі выправіліся ў невядомае? У кнізе антраполаг Нікалас Томас, родам з Аўстраліі, запрашае чытача ва ўяўнае падарожжа следам за першымі вандроўнікамі па Ціхім акіяне.

«Нашы кліканні, што гэта фашызм, што будзе кепска, ніхто не слухаў». Гутарым з пісьменніцай Святланай Курс, пераможцай прэміі Гедройца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0