У рэкламе цуд-прэпарата пішацца, што засталіся ўсяго 44 упакоўкі пры «навукова-даследчым інстытуце кардыялогіі» і іх можна атрымаць па квоце бясплатна, трэба толькі запоўніць заяўку.
Скрыншоты рэкламы
Сам Лабадзенка пра рэкламу даведаўся ад знаёмых:
«Ужо з дзясятак знаёмых перапыталі мяне, ці добры той прэпарат ад гіпертаніі, які я рэкламую. І скінулі раздрукаваныя скрыншоты».
Журналіст знайшоў нумары махляроў і патэлефанаваў, каб разабрацца.
«Першая жанчына сказала, што яна афіцыйны прадстаўнік завода. Нібыта ў іх беларуска-швейцарскае прадпрыемства, прамыя пастаўкі з Алтайскага края.
Пачала расказваць пра карысць прэпарату. Я кажу: «Пакуль вашу рэкламу не ўбачыў, гіпертаніі не было».
Калі пачула пра рэкламу з маім тварам і патрабаванне прыбраць, дала задні ход: «Мы не ведаем, хто рэкламу дае». Па іншым нумары чалавек быў больш згаворлівым. Паабяцаў, што перадасць усё дырэктару», — расказаў Глеб.
Ці падаваць на махляроў заяву ў міліцыю, ён яшчэ не вырашыў: наўрад ці нядобрасумленных прадаўцоў змогуць адшукаць.
«Ясна, што павераць у такое толькі тыя, каго Кашпіроўскі лячыў праз тэлевізар і хто купляе фільтры вады ў аферыстаў, якія ходзяць па кватэрах. Але на ўсялякі выпадак папярэджваю: гэтая рэклама — падман і махлярства, не верце ёй!
Адзіны прэпарат, які я магу ўсім прапісаць, — гэта порцыя чарадзейства і захаплення нашай слаўнай гісторыяй у музеі «Стары Менск»», — напісаў у Фэйсбуку Лабадзенка.





