«Свабода» пагаварыла з жонкай Эдуарда Вікторыяй Пальчыс, даведаліся, як яна ўспрыняла ўчынак мужа. Вікторыя цяпер жыве за мяжой і, натуральна, на судзе яна не прысутнічае. На судовае паседжанне ў Мінск прыехалі бацькі Эдуарда, якія жывуць у Лідзе.

«Бацькі былі ў зале паседжання, бачылі сына, але не маглі нават памахаць, жэстамі прывітацца, бо судзьдзя іх спыніў: «невербальныя знакі не дазволеныя». Яны кажуць, што ён добра трымаецца, добра выглядае, крыху схуднеў, але вельмі бледны, бо больш за год не бачыў сонца. Прыкладна цягам гадзіны яны знаходзіліся ў зале, але потым працэс зрабілі закрытым, і ўсіх выставілі», — кажа Вікторыя.

Яна прызнаецца, што не была здзіўленая ўчынкам Эдуарда, калі ён назваў суд «цыркам» і заявіў, што не хоча ў ім удзельнічаць. Да таго ж папрасіў выдаліць з залы і яго самога.

«Я не магу сказаць, што чакала, што Эдуард нешта такое зробіць. Але я і не магу сказаць, што для мяне гэта стала нечаканасцю. Бо Эдуард вельмі шчыры ў сваіх паводзінах, і для яго такія рэчы, як павага да суда, — гэта не сімвалічны жэст. То бок устаць перад суддзёй, калі ён не паважае суд, для яго непрымальна. Пашану ён не будзе праяўляць, калі не лічыць суд сапраўдным і справядлівым. То бок для мяне гэта не стала нечаканым».

«Мне падаецца, што Раман Пратасевіч сабой ужо не распараджаецца»

Вікторыя ведае, што адным са сведак на судзе будзе Раман Пратасевіч, з якім сям’я Пальчысаў раней сябравала.

«Мы з Ромам раней часта стасаваліся, Рома бываў у нас з Эдзікам у гасцях. Хлопцы разам стаялі ў Курапацкай вахце, у Эдуарда і Рамана былі сяброўскія, таварыскія адносіны.

Цяпер, мне здаецца, Рома ў вельмі складанай сытуацыі. Я не ведаю, як ён будзе сябе паводзіць у якасці сьведкі, бо ён ужо пайшоў па шляху супрацоўніцтва.

І калі ён чакаў сумленнасьці, шчырасьці з таго боку, кшталту «я вам скажу тое і тое, усё раскажу, а вы за гэта адпаведна паставіцеся да мяне», — ён моцна памыляўся. І цяпер Раман робіцца нейкім інструментам у іх руках. Таму я яму моцна не зайздрошчу. Не ведаю, што ён будзе ў судзе казаць, але мне падаецца, што Раман Пратасевіч сабой ужо не распараджаецца», — выказала меркаванне Вікторыя Пальчыс.

За некалькі дзён да пачатку працэсу Вікторыя Пальчыс у інтэрвію «Свабодзе» прызналася, што ўсведамляе, на які вялікі тэрмін могуць асудзіць яе мужа. Але аптымізму яна не траціць.

«Трэба маліцца за Эдуарда, за ўсю сітуацыю ў краіне, каб яна хутчэй вырашылася. Таму што не можа так доўга трымацца такое відавочнае і непрыхаванае зло. Таму найперш трэба маліцца.

Трэба пісаць лісты палітвязням, хоць яны дрэнна даходзяць. Мне падаецца, гэта вельмі важна і для тых людзей, што пішуць: яны самі не забываюцца пра палітвязняў у турмах, якім патрэбнае спачуванне, дапамога, і гэта надае сілы і тым, хто піша.

Зразумела, мне трымацца вельмі дапамагае дачка. Яна надае сіл, эмоцый, сэнсу жыць. Ёсць Эмілія — гэта значыць, ёсць што рабіць, ёсць чым заняцца», — прызнаецца Вікторыя.

Адвакатка Эдуарда Пальчыса пад падпіскай аб неразгалошванні. Яна паведамляе толькі агульную інфармацыю — як здароўе, як настрой. На яе думку, суд не будзе ісці доўга, прысуд могуць абвясціць да новага года.

Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў КК:

  • арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
  • арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак);
  • арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Максімальнае пакараньне па гэтых артыкулах — да 12 гадоў зняволення.

«Думала вярнуцца ў Беларусь, Эдзік кажа: пакуль не варта». Як і чым сёння жыве Вікторыя Пальчыс 

«Затуманьваў свядомасць грамадзян». Завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Эдуарда Пальчыса

Раман Пратасевіч праходзіць сведкам. Што вядома пра закрыты суд над Эдуардам Пальчысам

Пачаўся суд над Эдуардам Пальчысам. Суд зрабілі закрытым

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0