Расійская «Новая газета» публікавала расповед Ягора Дуднікава пра тое, як яго затрымлівалі. 

«Мяне затрымалі 4 мая 2021 года, жорстка. Паспець уцячы не было сіл. Іх было шмат — я адзін. Я адразу зразумеў, што да чаго: працаваў ГУБАЗіК, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні.

Крычалі: «Поскудзь, дабегаўся?» У мяне ўсё ў вачах пацямнела. Былі і супрацоўнікі КДБ. Яны паводзілі сябе інтэлігентна ў адрозненне ад ГУБАЗіК.

Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб. Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама, што я агучваў відэаролікі, якія ў далейшым размяшчаліся на Youtube-канале «Батогсб/партызанскібот».

Пасля затрымання мяне павялі дадому, там быў ператрус. Завялі ў здымную кватэру, дзед, у якога я здымаў яе, спаў. Мяне два разы стукнулі нагой у вобласць грудзей і пасля гэтага завялі панятых. Пачаўся ператрус. Канфіскавалі маю апаратуру, два тэлефоны, тры асабістыя дзённікі, дакументы, карту і 60 беларускіх рублёў.

Пасля надзелі мяшок на галаву і павялі. Я быў у паніцы, мяне трэсла, але пры гэтым істэрыкі не было.

Калі шманалі, пасадзілі на калені, сказалі маўчаць. Але я зрэдку гаварыў з дзедам і пазіраў на кошку. Я разумеў, што, магчыма, яе больш не ўбачу, і развітваўся з ёй. Пасля ператрусу — зноў мех на галаву і павялі да аўтамабіля. У машыне закінулі на задняе сядзенне, рукі былі ўвесь час у кайданках.

Сказалі, што паедуць закопваць мяне. «Саджаць бульбу», — так пажартаваў адзін з іх. Казалі, каб я сказаў тое, што ім патрэбна, на камеру, і тады, магчыма, мяне дэпартуюць дадому.

Мяне білі, бо я віну не прызнаваў. Білі жорстка. Праўда, ужо праз месяц сінякоў зусім не засталося.

Мяшок быў няшчыльны, і я ўбачыў, што мяне вязуць да будынку КДБ. Завялі ў кабінет на трэцім паверсе, пасадзілі на крэсла, рукі шчыльней пераціснулі кайданкамі, з-за чаго я ўскрыкнуў. Знялі мяшок і сказалі, што калі я буду выдзелвцца, то павязуць у аддзяленне АМАП, і тады мне ўзгадаюць усе мае словы (у агучаных роліках). Я моцна спалохаўся, бо ведаю, што рабіў АМАП у жніўні 2020 года.

Пасля гэтага ў гадзіну ночы пачаўся відэадопыт без адваката, дзе мне далі тэкст, які я зачытаў. На камеру мяне распытвалі пра дзейнасць, я баяўся і казаў тое, што ім патрэбна. Яны прынеслі гіру на 32 кг і паставілі каля мяне.

Пасля гэтага сталі пытацца, якое я маю дачыненне да Вольгі Карач і Ігара Макара. Я быў жудасна напалоханы, не пярэчыў ім. Пасля допыту з відэакамерай з мяне знялі кайданкі, далі папіць і прынеслі сумку з ежай (мяне затрымалі якраз, калі я ішоў з крамы з пакетам).

Потым да раніцы мы сядзелі і размаўлялі з чэкістамі «па душах». Ад страху ў мяне кружылася галава. Я іх ужо стаў успрымаць як таварышаў, таму што яны сталі мне спачуваць, прапаноўваць пакурыць ці папіць гарбаты з шакаладкай.

Яны патрабавалі даць доступ да тэлефонаў, да сваіх акаўнтаў у сацсетках і Тэлеграме. Я падпарадкоўваўся, бо памятаў моцныя ўдары за адмову. Потым мне дазволілі паспаць на крэсле. Я прысланіўся да халоднага сейфа і падрамаў.

Пакуль я спаў, ахоўнікі ўвесь час мяняліся. Відаць, ім патрэбны быў адпачынак у больш камфортных умовах. Каля 11 раніцы мне прынеслі аркушы паперы, ручку і сказалі пісаць яўку з павіннай. Чэкісты фактычна прымусілі мяне напісаць яе. Сказалі, што калі не напішу, то мяне прызнаюць тэрарыстам і згнаяць у турме, я не ўбачу маму, сваю дзяўчыну. А калі напішу, то дэпартуюць у Расію, і я ўсё забуду як страшны сон.

Пыталіся, ці бачыў я Дзяніса Хофмана, Вольгу Карач, Ігара Макара і іншых адміністратараў тэлеграм-канала «АГСБ», каб завербаваць мяне. Калі даведаліся, што я іх не бачыў, нерваваліся.

У яўцы я напісаў, што нібыта заклікаў да гвалтоўных дзеянняў, прамога фізічнага кантакту з праваахоўнымі органамі, таксама напісаў пра мой удзел у ботах тэлеграм-канала «АГСБ» (кантактаваў з людзьмі, адказваў на пытанні). Указаў, што з Карач адзін раз звязваўся, з Макарам не звязваўся ні разу. Пасля гэтага я прасіў даць доступ да тэлефона, каб патэлефанаваць маці і дзяўчыне.

Яны казалі, калі я не буду ісці на кантакт, прыедуць да маёй дзяўчыны, і мала ёй не падасца. Пасля сказалі мне, што я паеду ў апартаменты з двума супрацоўнікамі. Калі буду паводзіць сябе добра, то размова працягнецца.

За мной прыйшлі два супрацоўнікі, надзелі мяшок на галаву, закінулі ў аўтамабіль, і мы паехалі. Мы даехалі досыць хутка, і як пазней я ўбачыў, мяне размясцілі ў двухпакаёвай кватэры з відам на помнік Якубу Коласу. Там мяне засялілі ў адзін пакой, а супрацоўнікі знаходзіліся ў іншым пакоі. Кайданкі з мяне знялі, і я змог паесці.

У 23.00 мне сказалі: «Адбой». Калі я лёг, то пачуў гук перасмыкнутага затвора пісталета. Я жудасна спалохаўся і ўціснуўся ў канапу. Але за мной ніхто не прыходзіў. Праз некаторы час паспрабаваў схадзіць у прыбіральню, аднак дзверы звонку былі зачыненыя. Пасля гэтага я заснуў. 

Раніцай мяне разбудзілі і сказалі збірацца. Надзелі зноў мяшок на галаву і адвезлі, як аказалася пазней, у будынак КДБ. Завялі ў кабінет, пасадзілі на крэсла і сказалі наноў пісаць яўку з павіннай.

Відаць, за гэты час вывучылі мой мабільны тэлефон, і ў іх з'явіліся дадатковыя пытанні. Пасля гэтага сказалі, што давядзецца пасядзець у «Амерыканцы», бо я «здаў» Дзяніса Хофмана (па мянушцы Дзіс), яго асабістыя даныя знайшлі ў мяне ў тэлефоне (сілавікі лічаць Дзяніса Хофмана (Хромава), грамадзяніна Германіі, датычным да тэрарыстычнай дзейнасці ў Беларусі, — заўв. «НН»).

Затым зноў надзелі мяшок на галаву і павялі да следчага, які сказаў, што я падазраюся ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Мінску, і яшчэ я парушыў рэжым знаходжання ў краіне.

Прыйшлі салдаты і завялі мяне ў СІЗА КДБ. Там мяне неаднаразова вадзілі на допыты, дзе прысутнічалі розныя адвакаты. Допыты здымалі на відэа, дзе я ўжо паўтараў завучаны тэкст. Праз два тыдні пачалі прыходзіць першыя лісты ад маёй дзяўчыны і адзін ліст ад маці.

25 мая я да мяне прыйшлі ў камеру і сказалі: «З паперамі на выхад». Завялі ў кабінет, дзе далі загадзя падрыхтаваныя адказы на пытанні тэлевізіёншчыкаў з «АНТ». Далі час вывучыць адказы, і 28 мая прыехалі людзі з тэлеканала «АНТ» і зрабілі запіс. Прасілі сказаць так: «Я, Дуднікаў Ягор, вядомы як Злойбэт. Вы лохі, балаболы, я расчараваны ў вас і супрацоўнічаю са следствам».

Пасля гэтага мяне завялі ў камеру, а ў панядзелак 31 мая перавялі ў СІЗА на Валадарскага. У СІЗА КДБ я сядзеў у адной камеры з Віктарам Бабарыкам і Рыгорам Кастусёвым. Яшчэ быў бізнэсмен Размус. Праўда, яго потым прыбралі. Адносіны з сукамернікамі добрыя, яны сталі мне ледзь не дзядулямі, падвучыў беларускую мову.

Я толькі агучваў відэаролікі, тэксты даваў Дзіс — адміністратар тэлеграм-канала. Гэта я рабіў за ўзнагароду. Аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале «АГСБ» агучваў з сярэдзіны лістапада 2020 па май 2021 года. У роліках і паведамленнях былі заклікі выходзіць на вуліцу і на прамы фізічны кантакт з супрацоўнікамі праваахоўных органаў».

«Стакан у параўнанні з камерай — рай, кайфану ў цішыні». Палітвязень Дуднікаў даслаў маці ліст з-за кратаў, у якім апісаў умовы на Валадарцы

Што такое «АГСБ»? Канал, які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім, а пазней і тэрарыстычнай арганізацыяй. Гэта канал, створаны расіянінам Дзянісам Хромавым. Сам ён жыве ў Германіі. Вядомы тым, што ў 2010-х чытаў battle-рэп пад псеўданімам D1S. Ніякага дачынення да Беларусі Хромаў не мае, але падчас пратэстаў у Мінску Дзяніс вырашыў, што беларусы дзейнічаюць няправільна, і з назіральніка ператварыўся ва ўскоснага ўдзельніка — стварыў радыкальны канал і чат. 

Правакатыўны стыль канала быў відавочны: так, адміністратары скідвалі фота паляўнічай зброі на фоне нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга з падводкай у духу: «У вас ёсць зброя, якую вы гатовыя ўжыць супраць карнікаў? Скідвайце фота ў наш бот! А таксама фота любых іншых прылад, якія могуць нанесці шкоду здароўю».

Адміністратары і мадэратары канала, сярод якіх, як у наступным выявілася, былі супрацоўнікі органаў, заахвочвалі ўдзельнікаў да актыўных дзеянняў.

Як выглядае, некаторыя беларусы, расчараваныя ў немагчымасці спыніць беззаконне мірным шляхам, ішлі раіцца аб далейшых дзеяннях да Хромава і яго ананімных паплечнікаў, якія падказвалі, што трэба рабіць. За датычнасць да «АГСБ» былі затрыманыя дзясяткі беларусаў, у тым ліку і Ягор Дуднікаў.

Яму выстаўленыя абвінавачванні па двух артыкулах (адзначым, што арт. 342 КК, па якім яго затрымлівалі, у выніковым абвінавачванні няма):

  • заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі — ч. 3 арт. 361 КК, караецца пазбаўленнем свабоды ад 2 да 7 год;

  • распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні да сілавікоў (у Беларусі сілавікі з 2020 года лічаць сябе асобнай сацыяльнай групай) — ч. 3 арт. 130 КК, караецца пазбаўленнем свабоды ад 5 да 12 год.

Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Хрыпач, ужо вядомы па судах над палітвязнямі: даў 10 год Аляксандру Троцкаму.

Паводле абвінавачвання, ён наехаў 12 жніўня на сваёй машыне на нагу супрацоўніка ДАІ. У той вечар каля Стэлы аўтамабіль Аляксандра спынілі ўзброеныя людзі, калі ён адмовіўся выходзіць да іх з машыны, то выбілі шыбы, дасталі яго з салона і моцна збілі. З чэрапна-мазгавой траўмай пад канвоем і ў кайданках ён правёў у шпіталі тры тыдні. Затым Аляксандра перавялі ў СІЗА-1 па крымінальнай справе за гвалт у дачыненні да міліцыянта (арт. 364 КК).

Але перад перадачай справы ў пракуратуру следчыя перакваліфікавалі абвінавачанне на больш жорсткае — замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў. Таксама суддзя Хрыпач вядомы тым, што разглядаў гучную «справу 17» аб незаконным распаўсюджванні наркотыкаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0