Марш, лагер, штурм

Пасля ўвядзення санкцый Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць праз яе тэрыторыю ў Еўрасаюз.

Мігранты з Ірака паказалі, як яны два тыдні жылі ў лесе на беларуска-латвійскай мяжы. ВІДЭА

Так і адбылося, з лета колькасць гасцей з Усходу і Афрыкі планамерна расла, яны прарываліся на тэрыторыі Літвы і Польшчы, беларускія памежнікі ніяк гэтаму не перашкаджалі. 

Але арганізаваны «паход на Еўропу» пачаўся раніцай у панядзелак 8 лістапада. Вялікая калона мігрантаў пайшла проста ў накірунку пункта пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы.

Да самога пункта пропуску яны не дайшлі — звярнулі ў лес, дзе засталіся ў памежнай зоне з беларускага боку. Людзі спрабавалі прарвацца на тэрыторыю Польшчы, секлі дрэвы, палілі вогнішчы, парушаючы гэтым і беларускія законы, і правілы знаходжання ў памежнай зоне, але беларускія сілавікі ніяк не рэагавалі на дзеянні мігрантаў.

Колькасць мігрантаў ацэньвалася ў некалькі тысяч чалавек, большасць складалі іракскія курды. 

Палякі не дапусцілі прарыву, у выніку чаго некалькі тысяч чалавек проста ўстала намётавым лагерам у памежнай зоне. Акрамя мужчын, там былі жанчыны, дзеці. 

А праз тыдзень, 16 лістапада, мігранты пайшлі на штурм памежнага перахода «Брузгі». Яны кідалі камяні, бутэлькі, палкі ў бок Польшчы.

Разбіралі плітку на беларускай тэрыторыі, кідаліся ёю ў польскіх сілавікоў. У адказ палякі ўжылі газ, вадамёты, святлошумавыя гранаты. Беларускія тэлеканалы і дзяржСМІ вялі прамыя трансляцыі з месца падзей.

Фота Reuters/Belta

Фота Reuters/Belta

Пры гэтым за вялікай групай мігрантаў быў бачны шэраг беларускіх сілавікоў — але яны звыкла не рэагавалі на дзеянні «турыстаў».

За разбурэнне мігрантамі беларускага пункту пропуску ніводнай справы не завялі (а якраз пункт пропуску «Брузгі» рэканструявалі да пачатку II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. На рэканструкцыю патрацілі больш за 4 мільёны даляраў).

Следчы камітэт завёў справу па факце дзеянняў польскіх сілавікоў, кваліфікаваўшы іх як «злачынства супраць бяспекі чалавецтва».

Фота: РІА «Новости»

Фота: РІА «Новости»

Чаму Польшча не пускае мігрантаў?

Па-першае, таму што ніводная краіна не пусціць да сябе людзей, якія спрабуюць прарвацца сілай.

Па-другое, палякі не лічаць мігрантаў бежанцамі (падрабязны разбор тут).

Па-трэцяе, каб прасіць пра прытулак у Польшчы, трэба ці перайсці мяжу цішком, ці трапіць туды афіцыйна. Але апошняе было немагчыма — 8 лістапада калона мігрантаў не пайшла афармляць дакументы на выезд з Беларусі і ўезд у Польшчу праз пагранічны пераход, а звярнула ў лес, дзе пачаліся спробы штурму граніцы. 

І, самае галоўнае, мігранты і самі не хочуць у Польшчу — іх мэта Германія. Але, па Дублінскім рэгламенце, мігранты мусяць прасіць прытулак у той жа краіне, дзе яны ўпершыню перасеклі мяжу ЕС. Але яны не хочуць прасіць прытулак у Польшчы — толькі Германія. 

Мігранты на беларускай мяжы перыядычна ладзяць «флэшмобы», як правіла з удзелам дзяцей. Ім раздаюць самаробныя плакаты за напдпісамі «Help us Germany», а часам пішуць прама на дзіцячых тварах. Пасыл адзін: Германія, дапамажы, мы хочам у Германію!

Абменнік, лазня, шаўрма 

Увечары 16 лістапада, пасля штурму мяжы і пагрому ў Брузгах, мігрантаў запрасілі ў памяшканне транспартна-лагістычнага цэнтра. Там ім выдалі матрасы, паведамілі, што можна заставацца колькі патрэбна. Частка людзей «пераехала» ў памяшканне, частка засталася ў намётах ля мяжы.

Фота Sputnik

Фота Sputnik

Туды адразу паехалі рознага кшталту чыноўнікі і дзяржаўныя дзеячы: ад Караніка і Караева да Алега Гайдукевіча і матухны Гаўрыілы. Папіярыцца на бежанцах прыехаў нават расійскі фрык-палітык Віталь Мілонаў.

Пабываў там і сам Лукашэнка.

А літаральна 9 снежня ТЛЦ наведала Наталля Качанава, па традыцыі раздавала дзецям цацкі і салодкія наборы. 

Паступова вакол ТЛЦ пачала вырастаць інфраструктура. Запрацавалі палявыя кухні, штодня мігрантам раздаюць гарачую ежу — самі яны не гатуюць. Праўда, бывалі і эксцэсы, напрыклад, скаргі, што ў некаторых прадуктаў скончыўся тэрмін прыдатнасці. 

Кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік пасля гэтага казаў: «У дзень аб'ём выдачы даходзіць да 5 кг на чалавека. Узмоцнім і кантроль за захоўваннем прадуктаў бежанцамі. Пратэрмінаваных прадуктаў няма».

Мігрантам прывозяць сродкі гігіены, медыкаменты (дарэчы, беларусам, якія трапляюць на Акрэсціна за палітыку, такія опцыі часта недаступныя). Дапамагаюць цёплымі рэчамі, для дзяцей прывозяць цацкі.

Таксама ёсць медыцынскі пункт. Да мігрантаў прыязджаюць нават аніматары — забаўляць дзяцей. У дадатак працуе палявая лазня.

Беларускія ўлады кажуць, што менш чым за месяц на дапамогу мігрантам было выдзелена 25 мільёнаў даляраў — і гэтая сума расце штодня. Для разумення, такі ж гадавы бюджэт у Шчучынскага раёна, дзе жыве 35 тысяч чалавек.

18 лістапада з’явілася інфармацыя, што мігрантаў пачалі вакцынаваць кітайскай вакцынай ад каронавіруса. Цікава, што вакцына двухкампанентная, паміж прышчэпкамі мусілі прайсці тры тыдні. Але ж улады гэты момант ніяк не патлумачылі.

Таксама на мяжы адкрылі ажно два пункты абмену валют і аўталаўку.

А пазней прыкацілі і фудтрак з шаўрмой. Вакол яго адбыўся вялікі скандал — расійскія журналісты паказалі сюжэт, у якім нібыта прадаўцы паднімаюць цэны на шаўрму ў тры разы.

«Шавермагейт» у лагеры мігрантаў працягваецца. Гаспадыня фудтрака: «Мы не падымалі цэны, звярніце ўвагу на рукі!»

Гаспадары фудтрака абверглі гэта, у выніку, сітуацыя дайшла да Караева, памочніка Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці, які быў вымушаны запэўніваць, што гісторыя з коштамі — фэйк.

Таксама ля Брузгоў арганізавалі гандаль адзеннем і абуткам, а пазней туды прыбыў і яшчэ адзін фудтрак, з бургерамі і нагетсамі. Па якім прынцыпе выбіралі гандляроў, невядома, гаспадыня фудтрака з шаўрмой казала «Нашай Ніве», што яе запрасілі гарадскія ўлады.

Не абыходзіцца і без канфліктаў. Чырвоны крыж бясплатна раздаваў адзенне і абутак. А калі мігранты дзялілі апошнюю прывезеную скрыню з цёплым абуткам, пачалася бойка.

«Падстаў для розных канфліктаў хапае: ад адзення да цыгарэт або гарачай вады. Усё, здавалася б, ёсць, але і вялікая канкурэнцыя», — нечакана адзначае праўладны Sputnik.

Засталася тысяча, што далей — незразумела

Сёння ў транспартна-лагістычным цэнтры застаецца каля тысячы чалавек, рапартуе sb.by. Сітуацыя пакуль «завісла» — актыўных дзеянняў мігранты не прадпрымаюць, але і канчаткова пакідаць ТЛЦ хочуць не ўсе.

Спробы перасячэння мяжы таксама перыядычна фіксуюцца польскімі памежнікамі. Польшча ж і спрабуе дамовіцца, і пагражае.

Палякі заявілі, што нават гатовыя вылучыць грошы і прафінансаваць вяртанне мігрантаў на радзіму. Але не выключаюць поўнага закрыцця межаў з Беларуссю.

Таксама палякі штодня дэпартуюць каля 20 нелегалальных мігрантаў, хоць еўрапейскі суд па правах чалавека і забараніў ім гэта рабіць.

Працягваюць курсіраваць і эвакуацыйныя рэйсы з Мінска ў Ірак. На радзіму вярнулася ўжо каля трох тысяч мігрантаў. Пры гэтым, беларускія ўлады працягваюць адзначаць, што прымушаць замежнікаў вяртацца ў Ірак ніхто не будзе.

Хаця тут рыторыка беларускіх уладаў мянялася не адзін раз. Спачатку Лукашэнка абяцаў мігрантам: «Будзем рабіць усё так, як вы пажадаеце, нават калі гэта будзе дрэнна для палякаў, латышоў і яшчэ кагосьці».

Але ўжо праз чатыры дні ён заяўляў, што мігрантаў будуць прасіць вярнуцца назад, бо гуманітарнага калідора ў Еўропу не будзе.

Працягваецца педаліравацца тэма мігрантаў і ў дзяржаўных СМІ.

Штодня выходзяць матэрыялы па тэме — у той жа «Советской Белоруссии» кожны дзень публікуецца каля дзясятка артыкулаў, прысвечаных бежанцам. Але ж у тым, што мігранты пакутуюць і мёрзнуць ля мяжы, беларускія чыноўнікі і журналісты вінавацяць выключна Еўропу.

Людміла Гладкая, аглядальніца і рэпарцёрка «СБ», у сваіх матэрыялах адкрыта называла палякаў фашыстамі, праўладны аналітык Шаўцоў абвінаваціў у памежным крызісе украінцаў, а сам Лукашэнка казаў, што праз мігрантаў Захад «напружвае» Беларусь і такім чынам «стрымлівае беларускае войска».

Інфармацыйнае супрацьстаянне ідзе і ў сацсетках. Кампанія Meta (раней Facebook) заявіла, што мае доказы таго, што беларускі КДБ выкарыстоўваў фэйкавыя акаўнты, якія выдаваліся за старонкі журналістаў і актывістаў, каб распальваць напружанасць у сувязі з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і Польшчы.

Сцвярджаецца, што гэтыя акаўнты публікавалі крытыку Польшчы на ​​англійскай, польскай і курдскай мовах, уключаючы фатаграфіі і відэа пра польскіх памежнікаў, якія нібыта парушаюць правы мігрантаў. Каб зрабіць фальшывыя вобразы пераканаўчымі, некаторыя з уліковых запісаў маглі выкарыстоўваць тэхналогіі «дыпфэйку».

Усяго Meta выявіла і выдаліла 41 акаўнт у Facebook, чатыры акаўнты ў Instagram і пяць груп у Facebook, як сцвярджаецца, звязаных з беларускім КДБ. Таксама кампанія выявіла асобную польскую сетку з фэйкавых акаўнтаў, якія выдавалі сябе за мігрантаў, што спрабавалі адгаварыць людзей ад уезду ў Еўрапейскі саюз.

Тым часам людзі працягваюць гінуць. 3 снежня памерла жанчына, якую ў лістападзе ў цяжкім стане знайшлі на мяжы. Яна была цяжарнай, немаўля выратаваць таксама не атрымалася. А 7 снежня на тэрыторыі Польшчы ў 9 кіламетрах ад мяжы знайшлі цела мужчыны з заплечнікам, у якім быў пашпарт Нігерыі. Агулам ужо загінулі 10 чалавек.

Беларусам загадана маўчаць

Само сабою, беларусам выказваць незадаволенасць сітуацыяй строга забаронена. Да тых, хто пакідаў «няправільныя» каментарыі пра мігрантаў, ужо пачалі прыходзіць сілавікі.

Вядома пра некалькі такіх выпадкаў у Гомельскай вобласці: людзей забіралі ў міліцыю, прымушалі выбачацца на відэа. Пасля відэа з выбачэннямі паказвалі па рэгіянальным тэлебачанні. 

«Наша Ніва» пагаварыла з некаторымі каментатарамі: кажуць, забралі проста з працы, калі знаходзілі нешта «не тое» ў тэлефонах, то пасля яшчэ і судзілі. Пры гэтым незразумела, што за крамола была ў тых каментарыях.

Напрыклад, адзін з мужчын, які выбачаўся, напісаў усяго толькі: «Вунь дзверы, вунь Ірак». Гэтага было дастаткова для таго, каб па яго прыйшлі сілавікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0