«Адно скажу, што гэта быў нелегальны шлях. Часам было нават страшна, даводзілася кансьпіравацца. Але баяўся ня столькі за сябе, колькі за тых людзей, якія нам дапамагалі і засталіся на радзіме. Каб ім не пагоршыць становішча, пра дэталі прамаўчу».

Дзяніс і Віталь падалі заявы на часовы побыт, чакаюць адказу.

У Беларусі на Дзяніса Ўрбановіча як на лідэра «Маладога фронту» былі складзеныя дзясяткі пратаколаў, агулам ён адбыў за кратамі больш за 200 дзён. Найбольш — за абарону Курапатаў, але некалькі апошніх арыштаў — за падзеі пасьля выбараў. Дзяніс кажа, што мог яшчэ трываць і арышты, і зьдзекі ў камэрах на Акрэсьціна, але апошняе затрыманьне ў Мазыры паказала, што далей гаворка будзе не пра содні, а пра гады за кратамі.

«Калі раней былі толькі «адміністратыўкі», дык у жніўні абвясьцілі пра завядзеньне крымінальнай справы па 342 артыкуле (Арганізацыя ці ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. — РС). Нас зь Віталікам затрымалі спачатку ў Нароўлі. Потым выпусьцілі, але празь дзень затрымалі ўжо ў Мазыры. Нібыта мы там 10 жніўня мінулага году, на наступны дзень пасьля выбараў, нешта зладзілі. Але гэта лухта. Віталь у тыя дні сядзеў пад арыштам, а я быў у Менску. У выніку праз 3 дні мазырскія міліцыянты нас адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд з краіны, але дамоў мы ўжо не вярнуліся. Ведаю, што да майго бацькі на Лагойшчыне прыходзілі, мяне шукалі, да сястры прыходзілі. Віталіка таксама шукалі. Ну і вось — цяпер мы тут».

«Бацька яшчэ ня ведае, што я за мяжой»

Бацьку Дзяніса Ўрбановіча 74 гады, ён ужо даўно на пэнсіі. У вёсцы без гаспадаркі не пражывеш: куры, сад, агарод. Таму Дзяніс перажывае, што цяпер ня мае магчымасьці дапамагаць.

«Шмат ведаю тых, хто зьехаў з думкай, што вось-вось вернецца, літаральна ўвесну, але атрымалася інакш. І пакуль канца эміграцыі ня бачна. Разьлічваю на год расстаньня, але можа быць і больш. Бацька яшчэ ня ведае, што я ўжо за мяжой. Днямі паспрабую неяк зьвязацца, але гэта складана, бо ён жыве ў вёсцы. А прыехаць, каб разьвітацца, я не адважыўся. Хутчэй за ўсё, за хатай сачылі», — мяркуе актывіст.

Дзяніс са шматдзетнай сям’і, пра якую расказвае зь любоўю і з прыхаваным болем адначасова:

«Мой бацька, Іосіф Іосіфавіч, раней быў прадпрымальнікам, займаўся продажам мяса, паважаны на вёсцы чалавек. Але ўжо даўно на пэнсіі. Нас у яго чацьвёра, і ён усіх дзяцей выгадаваў сам, бо як мне было 7 год, маці нас кінула. Я ў яго старэйшы сын, яшчэ ёсьць два сыны і дачка. Мы вельмі дружныя і блізкія па поглядах».

Калі Дзяніс адбываў арышты, некалькі разоў яго моцна зьбівалі. Гэта адбілася на здароўі.

«Мне бацька калісьці казаў, што як пойдзеш у апазыцыю, дык рыхтуйся да турмы і таго, што ўсё жыцьцё потым будзеш лячыцца. Відаць, да таго ідзе сапраўды», — усьміхаецца Дзяніс Урбановіч. Але дадае, што наракаць яму на лёс не даводзіцца, бо ў іншых, як, напрыклад, у Міколы Статкевіча, частка жыцьця за кратамі вымяраецца гадамі. Але яны трымаюцца, не здаюцца.

«Ходзім па вуліцах няшмат, толькі па справах»

У Кіеве Дзяніс пакуль прыглядаецца да новых рэаліяў, нават па вуліцах, як кажа, гуляе няшмат і з аглядкай. «Бо тут ёсьць іншая небясьпека, пра якую сябры папярэджваюць. Што сярод уцекачоў-беларусаў могуць быць «агенты» ад лукашэнкаўскіх спэцслужбаў, таму асьцярожнасьці ўсё ж не губляем».

Часта размаўляе з украінцамі. Чым найчасьцей цікавяцца ўкраінскія суразмоўцы?

«Што ў нас адбываецца, за што затрымліваюць людзей, за што саджаюць на тэрміны. Жахаюцца парадкамі, якія ўвёў Лукашэнка. У ім расчараваліся, ужо не сустракаў такіх, хто называе яго «бацькам». Нават абмяркоўваюць, што ён ня супраць прыхапіць кавалак Украіны. Але найбольш зьдзіўляюцца цярплівасьці беларусаў. Пра сябе кажуць, што яны б такога ня вытрымалі».

Паводле Дзяніса, у яго ня раз ужо пыталіся, як беларусы зьбіраюцца далей дамагацца перамогі. «І падводзілі выснову, што самі вінаватыя, бо згубілі мову», — згадвае Дзяніс і прызнаецца, што ад пачутага не раз адчуваў сорам, але не пярэчыў, бо гэта праўда.

«Украінец у бары са мной загаварыў па-беларуску. Сказаў, што адмыслова вывучыў некалькі словаў, бо беларусы да яго прыходзяць як кліенты. А мы самі? Сярод уцекачоў-беларусаў, з кім кантактаваў, можа два-тры размаўляюць па-беларуску. Гэта ж сорам! Нашы людзі хутчэй украінскую тут вывучаць, чым на сваёй загавораць».

«Магчыма, пайду на будоўлю»

У Беларусі Дзяніс Урбановіч працаваў будаўніком, зьбіраўся аформіць індывідуальнае прадпрымальніцтва, каб заняцца рамонтам кватэр, але з прычыны бурных леташніх падзей гэтую мару давялося адкласьці. Цяпер не выключае, што ва Ўкраіне вернецца да працы будаўніка, а яшчэ зьбіраецца далучыцца да дзейнасьці праваабаронцаў, якія апякуюцца ўцекачамі-беларусамі.

Сябра Дзяніса Віталь Трыгубаў паводле прафэсіі палітоляг, скончыў у Менску Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва, але працаваць паводле атрыманага дыплёму не давялося. «Ужо праходзіў у гарадзкой адміністрацыі гутарку, як прыйшлі «людзі ў форме» і сказалі чыноўнікам: «Каго вы бераце на працу? Ён жа ў апазыцыі», — згадвае Віталь падзеі 2016 году.

«Магу паспрабаваць сябе ў гандлі, на будоўлі, ды дзе заўгодна. Пачынаем новую старонку жыцьця», — кажа пра будучыню Віталь Трыгубаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?