Працэс года — суд над Віктарам Бабарыкам

На фармальна адкрыты працэс пусцілі толькі дзяржаўную прэсу і расійскія СМІ. Людзі стаялі ў чарзе на лютаўскім марозе, каб трапіць на пасяджэнне, але ж у залу акрамя сваякоў не давалі ўвайсці амаль нікому. У тых, каго ўсё ж пускалі на працэс, забіралі тэлефоны.

Бабарыку вінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры, легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і ў «прыняцці службовай асобай матэрыяльных каштоўнасцяў у асабліва буйным памеры ў складзе арганізаванай групы». Справу разглядаў Вярхоўны суд, што аўтаматычна выключала магчымасць апеляцыі.

Віктар Бабарыка не прызнаў віну. У апошнім слове ён заявіў: «Я не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў. Мне не сорамна перад сваёй сям'ёй, перад жонкай і дзецьмі. Нават нягледзячы на тое, што сын знаходзіцца ў турме, таму што асноўная віна яго ў тым, што ён мой сын. Мне не сорамна перад маімі сябрамі і блізкімі, уключаючы не толькі сваякоў, але і людзей, якія былі са мной па жыцці, у тым ліку і па працы. Мне не сорамна перад супрацоўнікамі банка за тое, што разам з імі на працягу 25 гадоў мы зрабілі адзін з найлепшых банкаў гэтай краіны».

6 ліпеня 2021 года суддзя Ігар Любавіцкі прысудзіў Віктару Бабарыку 14 гадоў калоніі. Пакаранне палітык адбывае ў наваполацкай калоніі №1.

Катастрофа года — разгром незалежных медыя і НКА

У пачатку года адбыліся суды над журналісткамі Кацярынай Барысевіч (Тутбай) і Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцова (Белсат).

Дар'я Чульцова і Каця Андрэева на судзе

Дар'я Чульцова і Каця Андрэева на судзе

Барысевіч атрымала 6 месяцаў калоніі за матэрыял аб тым, што Раман Бандарэнка быў цвярозым у вечар забойства. Андрэеву і Чульцову пакаралі за стрым разгону Плошчы перамен, прысудзіўшы кожнай 2 гады калоніі. 

Былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА журналісты Дзяніс Івашын, Андрэй Пачобут.

А раніцай 18 мая сілавікі прыйшлі ў офісы партала Тутбай і кампаніі Hoster.by. Ператрусы прайшлі дома ў галоўнага рэдактара і журналістаў, а таксама ў рэгіянальных офісах.

Затрымалі галоўрэда Марыну Золатаву, дырэктарку Людмілу Чэкіну, бухгалтарку Анжэлу Асад, журналістку Алену Талкачову — агулам 15 чалавек.

Марына Золатава, галоўны рэдактар Тутбай (справа). Фота svaboda.org

Марына Золатава, галоўны рэдактар Тутбай (справа). Фота svaboda.org

11 і па сёння знаходзяцца ў СІЗА, трое пад хатнім арыштам. У тым ліку пад хатнім арыштам і Юлія Чарняўская, удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера.

Сайт партала заблакаваны.

КДК заявіў, што юрыдычная асоба рэдакцыі, якая ў 2019 годзе стала рэзідэнтам ПВТ, атрымала выручку, «не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў». І ў выніку «неабгрунтаванага выкарыстання дзяржаўнай падтрымкі прычыніла дзяржаве шкоду ў асабліва буйным памеры».

Да разгрому ў рэдакцыі працавала 250 чалавек. Невялікая частка выехала з краіны і заснавала партал Zerkalo. Сайты і ўсе сацыяльныя сеткі Tut.by і Zerkalo ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

Праз два месяцы зачыстка працягнулася. 8 ліпеня з ператрусам прыйшлі ў рэдакцыю і кватэры кіраўнікоў «Нашай Нівы», сайт заблакавалі.

Разгром у рэдакцыі «Нашай Нівы» пасля ператрусу

Разгром у рэдакцыі «Нашай Нівы» пасля ператрусу

Затрымалі галоўрэда Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзела рэкламы Андрэя Скурко, рэдактара часопіса «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, а таксама галоўную бухгалтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч. Пазней Марціновіч паведамляў, што яго білі пры затрыманні.

Раковіч і Дынько пазней адпусцілі з абавязкам аб яўцы, а Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко працягваюць знаходзіцца ў СІЗА.

Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко

Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко

Іх абвінавачваюць па ч. 2 арт. 216 КК («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання групай асоб»). Прэтэнзія заключаецца ў тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў.

8 ліпеня і ў наступныя дзесяць дзён прайшла хваля ператрусаў у незалежных медыя ў Мінску і рэгіёнах. Шмат сайтаў былі заблакаваныя, мноства журналістаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Сайты буйных медыя заблакаваныя на тэрыторыі Беларусі, іх сацыяльныя сеткі і тэлеграм-каналы прызнаюцца экстрэмісцкімі. Нешматлікія незалежныя СМІ, якія працягваюць працаваць з Беларусі, вымушаныя ігнараваць грамадска-палітычныя тэмы. Сёння за кратамі застаецца 31 прадстаўнік беларускіх медыя.

Акрамя таго, улады «зачысцілі» некамерцыйныя грамадскія арганізацыі. Прайшлі дзясяткі ператрусаў, некаторыя прадстаўнікі і кіраўнікі НКА трапілі ў СІЗА: праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч, Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук. Больш за 250 НКА ліквідавалі: ад партый і праваабаронцаў да культурных цэнтраў і бортнікаў.

Міжнародны скандал года — пасадка самалёта Ryanair і затрыманне Рамана Пратасевіча

23 мая ў Мінску экстранна сеў лайнер, які ляцеў па маршруце «Афіны — Вільнюс», на борце быў журналіст і актывіст Раман Пратасевіч.

Беларускі дыспетчар паведаміў пілотам, што на пошту аэрапортаў прыйшоў ліст аб бомбе ў самалёце. Дыспетчар параіў экстранна саджаць самалёт у Мінску, што і было зроблена. Ніякай бомбы не знайшлі, але пасля пасадкі Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Сафію Сапегу затрымалі. Неўзабаве яны далі некалькі пакаянных інтэрв’ю дзяржаўным медыя.

Вядома, што пару ўтрымлівалі не ў СІЗА, яны жылі нейкі час разам у доме ці кватэры пад наглядам сілавікоў.

Вакол пасадкі самалёта разгарнуўся вялікі міжнародны скандал. Еўрасаюз забараніў усім дзяржаўным беларускім авіякампаніям палёты над сваёй тэрыторыяй. Буйныя міжнародныя авіякампаніі пачалі будаваць маршруты так, каб не ўваходзіць у беларускую авіяпрастору.

Таксама супраць Беларусі ўвялі новыя санкцыі, пашырылі персанальныя санкцыйныя спісы.

Цяпер грамадзянку Расіі Сапегу вінавацяць аж па сямі артыкулах КК, ёй пагражае да 12 гадоў калоніі. Яна напісала прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Што з крымінальнай справай Пратасевіча, невядома (яго вінавацілі па трох артыкулах, пакаранне таксама да 12 гадоў). 

Беларускі авіядыспетчар Алег Галегаў, які саджаў самалёт, з’ехаў у Польшчу, дзе даў паказанні і прывёў доказы, што самалёт саджалі пад наглядам беларускіх спецслужбаў.

Шок года — перастрэлка паміж КДБ і айцішнікам Зельцэрам

28 верасня сілавікі прыйшлі ў звычайную мінскую кватэру па вуліцы Якубоўскага. Выламалі дзверы — а ў кватэры іх сустрэў узброены стрэльбай 31-гадовы айцішнік Андрэй Зельцэр. У перастрэлцы загінуў сам Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітры Федасюк. Жонку Зельцэра, якая таксама была ў кватэры, затрымалі і змясцілі ў СІЗА, яе вінавацяць у саўдзеле ў забойстве. Таксама праўладныя каналы апублікавалі відэа, знятае з кватэры Зельцэраў, але яно змантаванае так, што застаецца шмат пытанняў. Што прымусіла паспяховага маладога айцішніка пайсці на такі радыкальны ўчынак, навошта ён здымаў свае дзеянні на відэа? Адказаў пакуль няма.

Забойства кадэбэшніка пацягнула наступствы. Сілавікі папярэдзілі, што цяпер пры затрыманнях будуць дзейнічаць больш жорстка: «Калі мы не ўбачым паднятых рук — вораг будзе знішчаны». Больш за сотню чалавек затрымалі за «няправільныя» каментары на адрас забітага сілавіка ці нават за спачувальныя словы на адрас Зельцэра. 

Быў затрыманы і журналіст беларускай «Камсамольскай праўды» Генадзь Мажэйка. Ён апублікаваў на сайце выдання каментар аднакласніцы Зельцэра, якая згадала таго добрым словам. За гэта Мажэйку абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні і абразе прадстаўніка ўлады. Сёння журналіст за кратамі.

Сайт беларускай «Камсамолкі» заблакавалі, пасля прадстаўніцтва газеты ў Беларусі ўвогуле закрылі.

Крызіс года — сітуацыя з мігрантамі на мяжы

Пасля ўвядзення санкцый Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць праз яе тэрыторыю ў Еўрасаюз. 

Так і адбылося, з лета колькасць гасцей з Усходу і Афрыкі планамерна расла, яны прарываліся на тэрыторыі Літвы і Польшчы, беларускія памежнікі ніяк гэтаму не перашкаджалі. Перыядычна мігранты гінулі, але гэта не спыняла іх суайчыннікаў. 

Пазней усё перарасло ў арганізаваны «паход на мяжу», а пасля і штурм беларуска-польскага памежнага пераходу, які з задавальненнем транслявалі беларускія дзяржСМІ. Палякі ўжывалі газ і вадамёты, мігранты — палкі і камяні.

Беларускія прапагандысты тут жа абвінавацілі ў памежным крызісе краіны ЕС і непасрэдна Польшчу.

Пасля гэтага сітуацыя часова заціхла. Мігранты спачатку аселі ў памяшканні лагістычнага цэнтра ў Брузгах, куды да іх ездзілі журналісты, чыноўнікі і нават сам Лукашэнка, а затым пачалі вяртацца на радзіму. Па стане на 19 снежня ў Брузгах заставалася каля 700 чалавек, з якіх 200 дзяцей.

Цікава, што мігранты парушылі цэлы шэраг правілаў знаходжання ў памежнай зоне і наўпрост беларускіх законаў (вырубка лесу, разбурэнне беларускага памежнага пераходу), але ж нікога з іх не пакаралі. Замест гэтага сілавікі прыйшлі да жыхароў Гомельшчыны, якія пакідалі «няправільныя» каментары — людзей затрымлівалі і прымушалі выбачацца на відэа, пасля запісы паказвалі на мясцовым тэлеканале.

Самы жорсткі прысуд года — 18 гадоў Сяргею Ціханоўскаму, гіганцкія тэрміны яго паплечнікам і блогерам

У снежні ў Гомельскім СІЗА вынеслі прысуды так званай «групе Ціханоўскага». 

Сяргей Ціханоўскі атрымаў 18 гадоў калоніі, Арцём Сакаў і Дзмітры Папоў — па 16 гадоў, блогеры Ігар Лосік і Уладзімір Цыгановіч — па 15 гадоў, Мікола Статкевіч — 14 гадоў. Статкевіч будзе адбываць пакаранне ў калоніі асаблівага рэжыму, усе астатнія — ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пазней вялікі тэрмін — 13 гадоў калоніі — далі і блогеру Эдуарду Пальчысу.

Суды праходзілі ў закрытым рэжыме, грамадства не ведае, у чым заключаецца віна гэтых людзей, як яны звязаны паміж сабой і якія злачынствы зрабілі. Але нярэдка за забойствы давалі менш, чым за спробы нешта змяніць у краіне.

А ў маі 2021 на тыя ж 18 гадоў быў асуджаны капітан Дзяніс Урад, які быў дзяжурным па спецсувязі Генштаба. Ён перадаў тэлеграм-каналам інфармацыю пра планы сілавікоў на Дзень Волі, чым «нанёс шкоду дзяржаўнай бяспецы».

Змова года — Фядута, Зянковіч, Кастусёў і падрыхтоўка перавароту

Амерыканскага юрыста Юрася Зянковіча, беларускага палітолага і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве, лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва — у Шклове. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржперавароту і замаху на Лукашэнку. АНТ паказала дакументальны фільм,  дзе дэманструюцца перамовы ў зуме сямі чалавек: акрамя затрыманых там былі псіхіятр Шчыгельскі, былы амапавец Кулажанка, экс-«алмазавец» Ігар Макар і іншыя.

Гумарысты ахрысцілі змову «змовай юрыста і пушкініста», намякаючы на Зянковіча і Фядуту, але ж смешнага ў сітуацыі нічога няма. Трое затрыманых немаладых людзей знаходзяцца ў СІЗА, ім пагражае ад 8 да 12 гадоў калоніі, а ў Кастусёва яшчэ і падазраюць анкалогію. 

Палітвязень года — Марыя Калеснікава

Прыгожая і мужная жанчына, якая свядома выбрала краты на Радзіме замест волі за мяжою.

Калеснікаву ўтрымлівалі ў СІЗА з таго самага моманту на мяжы, калі яна парвала свой пашпарт, каб не быць выкінутай за тэрыторыю Беларусі.

Больш за год яна правяла за кратамі, яе судзілі, абвінаваціўшы ў змове, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, закліках да захопу ўлады. Марыя пасміхалася на судзе, які прыгаварыў яе да 11 гадоў калоніі. 

Адвакат года — Максім Знак

Беларускую адвакатуру грамілі ўвесь год, метадычна пазбаўляючы абаронцаў адвакацкіх ліцэнзій. Скончылася ўсё ўвогуле прызначэннем на пасаду міністра юстыцыі былога сілавіка. 

Але ж адвакат Максім Знак за сваю пазіцыю і абарону «не таго» кліента пазбавіўся не толькі прафесіі, але і волі. Яго абвінавацілі ў змове і закліках да захопу ўлады. У верасні Знака судзілі разам з Марыяй Калеснікавай, ён атрымаў 10 гадоў калоніі.

Медык года — Уладзімір Мартаў

Віцебскі рэаніматолаг Уладзімір Юр’евіч Мартаў адным з першых беларускіх медыкаў, які адкрыта гаварыў пра кавід і звязаныя з ім праблемы.

Фота Аляксандра Веледзімовіча для партала «Імена»

Фота Аляксандра Веледзімовіча для партала «Імена»

А ў сакавіку 2021 ён расказаў пра аварыю на кіслароднай станцыі віцебскай бальніцы, у выніку чаго памерлі некалькі пацыентаў. Здавалася б, жахлівая інфармацыя. Але далей усё было чакана: камісіі, Следчы камітэт, заявы Мінздароўя і нават Лукашэнкі — і нуль вінаватых. А з самім Мартавым не працягнулі кантракт.

Сілавік года — Станіслаў Лупаносаў

Падпалкоўнік ГУБАЗіК Лупаносаў перадаў руху за свабодныя выбары вялізны масіў унутранай інфармацыі пра спецслужбы. Сёння Лупаносаў знаходзіцца за мяжой.

«Я бачыў, як развіваецца сітуацыя ў краіне, да якога краху вядуць нас гэтыя ўлады, як калегі займаюцца відавочнымі злачынствамі, як начальнікі іх да гэтага падбухторваюць. Ва ўсім гэтым я ўдзельнічаць не хацеў, — казаў ён. — А проста сысці і назіраць моўчкі, як грамяць маю краіну? Не. Я вырашыў на карысць радзімы выкарыстаць свае веды, што з Беларусі б было зрабіць немагчыма».

Спрэчка года — вакцынацыя

У 2021 годзе ў Беларусі нарэшце пачалі прышчапляць ад кавіду насельніцтва. Бясплатна, выкарыстоўваючы на выбар расійскую і кітайскую вакцыны.

Амаль адразу ж грамадства падзялілася на дзве часткі: прыхільнікаў і катэгарычных праціўнікаў вакцынацыі. Прычым, калі першыя спасылаліся на дактароў, то другія часцей за ўсё на знаёмых, якім хтосьці штосьці дзесьці паведаміў, далёкіх ад медыцыны блогераў, аматарскія ці канспіралагічныя артыкулы ў сеціве.

Беларускія медыкі нагадвалі пра неабходнасць прышчэпкі, запэўніваючы, што гэта адзіны дзейсны спосаб спыніць пандэмію і абыйсціся без цяжкіх наступстваў хваробы. Але ўсе аргументы разбіваліся аб звычайнае побытавае «ну я неяк не ведаю, неяк не хачу». Частка людзей вакцынавалася б нават за грошы, пры наяўнасці еўрапейскай вакцыны. Але, як высветлілася, яе не прывозлі спецыяльна. Лукашэнка паведаміў, што заходнія вакцыны патрэбныя апазіцыянерам, каб «яны маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць на Захад інструкцыі атрымліваць».

Таксама прапаганду вакцынацыі праваліла дзяржава. Сам Лукашэнка выказаўся, што калі беларусы распрацуюць сваю вакцыну, тады ён і прышчэпіцца. А яго паводзіны ў бальніцы яскрава сведчаць пра стаўленне да «кароны» і мер бяспекі:


Увосені ж, калі праціўнікі ўлады пачалі заклікаць людзей «насіць маску, калі супраць Лукашэнкі». Сам Лукашэнка ўвогуле адмяніў абавязковы масачны рэжым, штрафы за адсутнасць масак, таксама загадаў не прымушаць людзей вакцынавацца.

Як звычайна, сістэма пайшла далей — у гандлёвых установах, аптэках, іншых публічных месцах пачалі тэрмінова прыбіраць нават надпісы пра неабходнасць і карысць масак.

Фатограф года — Надзея Бужан

Фатографка «Нашай Нівы» Надзея Бужан заняла другое месца ў намінацыі spot news (гарачыя навіны) самага прэстыжнага конкурсу прафесійнай фатаграфіі ў свеце — World Press Photo

Надзею ўзнагародзілі за здымак, на якім Вольга Севярынец з кветкамі безнадзейна чакае мужа пад Акрэсціна.

Падтрымка года — Ілля Міронаў

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў напісаў палітвязням больш за 2500 лістоў. Але ўвосені сам стаў адным з палітычных зняволеных — яго затрымалі за спачувальны каментар у адрас Андрэя Зельцэра і змясцілі ў гомельскі СІЗА. 

Вядома, што Міронаў цяпер праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці)

Музыкі года — «Красная зелень»

Зробленыя на каленцы сатырычныя кліпы Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука збіраюць сотні тысяч гледачоў. У топавых відэа аж 700-900 тысяч праглядаў!

Вясёлы дуэт называецца «Красная Зелень». 

Оперная зорка Ляўчук вымушаная была выехаць на працу за мяжу пасля таго, як звольнілася з Вялікага тэатра Беларусі. Песні яна запісвае з гітарыстам і блогерам з Акцябрскага Гомельскай вобласці Андрэем Павуком.

Падзяка года — Кацярына Віннікава, выпускніца юрфака БДУ

Кацярына падчас урачыстага ўручэння дыпломаў выказала падзяку са сцэны Максіму Знаку і звольненым па палітычных матывах выкладчыкам.

Затым у яе ў інтэрнаце адбыўся ператрус, быў канфіскаваны ноўтбук, а дзяўчыну затрымалі, абвінавацілі, што яна «правяла пікетаванне», на якое не быў атрыманы дазвол выканкама і асудзілі на 15 сутак.
Пасля выхаду на волю дзяўчына даведалася, што яе не размяркуюць у Міністэрства па падатках і зборах, як планавалася. Замест гэтага Віннікаву размеркавалі на сельгаспрадпрыемства ў Чачэрскім раёне.

Дзіцячы пісьменнік года — Андрэй Скурко

Кіраўнік аддзелу рэкламы «Нашай Нівы» за кратамі пачаў пісаць вершы свайму малому сыну — але яны атрымалі прызнанне не толькі сярод сваякоў Андрэя!

Цераз лес ідзе цягнік —

зайцы едуць на пікнік!

Праваднік у іх — бабёр,

а варона — кантралёр.

Цягнічок «ту-ту!» спявае,

машыніст яго спыняе,

бо ля кожнае нары

іх надчэкваюць сябры.

Дзве лісіцы-правадніцы

раздаюць звяратам піцу,

хамякі, мядзведзь і сойкі

паразвязвалі ссабойкі.

Хай сабе ідзе цягнік —

пачынаецца пікнік!

Гэтыя вершы настолькі спадабаліся камандзе беларускамоўнага YouTube-канала «Бэйбус», што аўтары вырашылі запісаць аўдыякнігу вершаў нашаніўца. Неабходная сума ўжо сабраная, але збор вырашылі не закрываць. Усе жадаючыя могуць ахвяраваць грошы для выдання папяровай кнігі з вершамі Андрэя Скурко.

Спартсменка года — Ганна Сола

Біятланістка Сола ўзяла ў 2021 годзе сваё першае золата на этапе Кубка свету і бронзу ў спрынце на Чэмпіянаце свету.

Акрамя таго Ганна Сола — адзіная біятланістка беларускай зборнай, якая пасля падзей жніўня 2020 года не падпісала праўладны ліст спартсменаў. Тлумачачы сваё рашэнне, яна адзначыла: «Мне ёсць за што сказаць дзякуй краіне, але ў першую чаргу хацелася б, каб спорт заставаўся па-за палітыкай. Цяжка канцэнтравацца на спартыўных выніках, калі чытаеш сумныя навіны з Беларусі. Таму мая пазіцыя нават не палітычная, а агульначалавечая: за мір, выкананне законаў і вырашэнне любых пытанняў без прымянення гвалту».

Бягуха года — Крысціна Ціманоўская

На Алімпіядзе ў Токіа Крысціна ў сваім інстаграме раскрытыкавала кіраўніцтва зборнай за рашэнне раптоўна паставіць яе на эстафету 4 па 400 метраў, у якой яна не планавала ўдзельнічаць.

За публічнае абурэнне дзяўчыну хацелі прымусам вярнуць з Японіі ў Беларусь, у аэрапорт яе суправаджаў псіхолаг зборнай і прадстаўнік дэлегацыі. Ціманоўская адмовілася садзіцца ў самалёт і звярнулася па дапамогу да мясцовай паліцыі і ў Міжнародны алімпійскі камітэт.

Скончылася скандалам: з’явілася аўдыя, на якім члены беларускай дэлегацыі ўгаворваюць спартсменку «нічога не пісаць, нічога не каментаваць», а таксама вярнуць сутачныя. На тым жа запісу, чуваць, як Ціманоўская плача падчас «угавораў».

У выніку, Крысціна з мужам папрасілі прытулку ў Польшчы. А прапагандыст Азаронак прабіў чарговае дно: у сваім тэлеграме некалькі разоў непрыстойна абаразіў дзяўчыну і пажадаў «адправіць яе туды, куды яна так жадае. У Еўропу. У Літву. У лагер бежанцаў. Да дзвюх соцень дужых мужыкоў з Блізкага Усходу».

Трансфер года — Леа Мессі ў Парыжы

Сёлета чуткі сталі рэальнасцю — легенда «Барселоны» Мессі сыйшоў з клуба, правёўшы ў ім 18 гадоў. Ён вырашыў працягнуць кар'еру ў «Пары Сэн-Жэрмен».

Адзначым яшчэ два важных футбольных трансфера. У ПСЖ таксама перайшоў і капітан мадрыдскага «Рэала» Серхіа Рамас, а Крышціяну Раналду змяніў італьянскі «Ювентус» на англійскі «МЮ».

Інтэрв'ю года — гутарка з Лукашэнкам на BBC

Прыклад бліскучай журналісцкай працы карэспандэнта Сцівена Розэнберга, размова, якая паказала сапраўднага Лукашэнку. Ён нават прызнаў збіццё пратэстоўцаў на Акрэсціна.

Пасля скарочаная версія выйшла на ВВС, змантаваная — на БТ. Поўную расшыфроўку размовы можна прачытаць тут.

Аўдыя года — злівы чыноўнікаў і сілавікоў

Увесь год у сеціва выкладвалі размовы людзей, чые галасы вельмі падобныя на беларускіх чыноўнікаў і міліцэйскіх кіраўнікоў. З іх можна было заўважыць, як сілавікі ставяцца да падзей 2020 года, да сваіх калег, як жывуць і размаўляюць, як успрымаюць пратэстоўцаў і саміх сябе. А таксама даведацца пра «паляванне на людзей», як называлі свае рэйды праўладныя зразальшчыкі стужак увосені 2020. Падчас аднаго з такіх рэйдаў быў забіты Раман Бандарэнка.

Роспачны ўчынак года — спроба самагубства Сцяпана Латыпава ў залі суда

Жыхар «плошчы Перамен», арбарыст Сцяпан Латыпаў быў затрыманы ў верасні 2020, калі не даваў замаляваць вядомы мурал з дыджэямі. На Латыпава завялі крыміналку, прад'явілі цэлы шэраг абвінавачанняў: махлярства, непадпарадкаванне міліцыі, масавыя беспарадкі.

Суд пачаўся ў маі 2021. На пасяджэнні Сцяпан сказаў свайму бацьку: «Пасля спаткання [з табой] да мяне прыйшоў ГУБАЗ, паабяцаў, што калі я не прызнаю віну, у мяне будзе прэс-хата, крымінальныя справы супраць родных і суседзяў».

«Прэс-хата ў мяне была — 51 дзень, — сказаў Сцяпан бацьку. — Так што ты рыхтуйся». Пасля Латыпаў уваткнуў сабе ў горла ручку.

Сцяпан выжыў, нейкі час правёў у бальніцы, пасля суд працягнуўся. Латыпаву прысудзілі 8,5 гадоў калоніі. За здзекі над ім не пакаралі ніводнага сілавіка.

Мужнасць года: Рома Кагадоўскі і лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка

У красавіку ў Мядзельскім раёне 12-гадовы хлопчык Рома Кагадоўскі вынес з палаючай хаты свайго двухгадовага браціка. Рома атрымаў моцныя апёкі, перанёс шэраг аперацый, паўгода правёў у бальніцы. 

Рому ўзнагародзілі ордэнам «За асабістую мужнасць». Фота sb.by

А 19 мая ў Баранавічах упаў вайсковы самалёт ЯК-130, загінулі двое пілотаў: маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка.

Лётчыкі адводзілі самалёт ад населенага пункта і ў выніку катапультаваліся занадта позна. Іх узнагародзілі званнямі «Герояў Беларусі» пасмяротна.

На жаль, у абводвух выпадках не абыйшлося без палітыкі. Кагадоўскага пастаянна выкарыстоўвала дзяржпрапаганда: у сюжэтах ТБ міліцыянты ўрачыста перадавалі бацькам хлопца грошы, адсуджаныя ў пратэстоўцаў. Пасля выпіскі Рома сустрэўся з Лукашэнкам, атрымаў ордэн, а пазней стала вядома, што хлопчык будзе вучыцца ў ліцэі МУС.

Гібель пілотаў жа стала нагодай да першага «прымушэння да жалобы» з боку сілавікоў. Яны правялі сапраўдную зачыстку каментатараў, якія абразліва ці проста неяк «не так» выказваліся ў сацсетках. Людзей прымушалі выбачацца на відэа, некаторых пакідалі на некалькі сутак за кратамі. 

Блогер года — Сяргей Чалы

Хтосьці кажа — інтэлектуальна і захапляльна, хтосьці кажа — доўга і нудна, але ж імя Сяргея Чалага цяпер ужо ведаюць амаль усе. У штотыднёвых прамых эфірах аналітык дзеліцца прагнозамі, разбірае прамовы Лукашэнкі, адказвае на пытанні як пра эканоміку і палітыку, так і пра піва ды футбол.

Яго канал «Чалый Live» з'явіўся ў лютым і за няпоўны год сабраў амаль 85 тысяч падпісчыкаў. Самае папулярнае відэа праглядзелі 331 тысячу разоў — выдатна для беларускага Ютуба.

Комік года — Слава Камісаранка

Беларускі стэндапер, які ўжо даўно жыве ў Маскве, выступаў і ў тэлевізійных шоў, і з сольнымі канцэртамі. Але ж сёлета Слава выйшаў на новы ўзровень папулярнасці. Ён запусціў новы фармат у сваім Ютубе, зняў сольны канцэрт, нарэшце пабываў у Дудзя. А яго маналогі пра «Чык-Чырыка» разарвалі інтэрнэт. Таксама Слава пастаянна прыцягваў увагу да таго, што адбывалася і адбываецца па сёння ў Беларусі.

Сімулякр года — Юры Васкрасенскі

Васкрасенскі ўвесь год старанна імітаваў кіпучую дзейнасць. Дасылаў лісты палітвязням, заклікаючы тых пісаць прашэнні аб памілаванні Лукашэнку, нібыта працягваў ствараць дэкаратыўныя псеўдаапазіцыйныя партыі, ездзіў ва Украіну і Польшчу.

Вось толькі вынікі яго дзейнасці ці то сумныя, ці то смешныя. Партыі існуюць хіба толькі на паперы, памілавалі 13 чалавек, і тое: частку перавялі на «хімію», не вызвалілі ніводнага фігуранта ніводнай з гучных спраў. Нават няшчасны Дзіма Гопта, хлопец з разумовай адсталасцю, працягвае сядзець у калоніі. 

Апагея «васкрасеншчына» дасягнула ўвосені. Юры Васкрасенскі паведаміў, што прадстаўнікі так званага Круглага стала дэмакратычных сілаў наведваюць у Кіеве адміністрацыйныя будынкі і праводзяць кансультацыі з афіцыйнымі асобамі. У якасці пацверджання быў апублікаваны фотаздымак «кіраўніка праваабарончай камісіі КСДС» Кацарэнкі ля дзвярэй украінскага Сакратарыяту ўпаўнаважанага Вярхоўнай рады па правах чалавека. 

Журналісты зацікавілся гэтым фактам і даслалі запыт у Сакратарыят упаўнаважанага Вярхоўнай рады. І атрымалі адказ: той Кацарэнка ні з кім не сустракаўся і ўвогуле не заходзіў у будынак. Ён проста падыйшоў і сфатаграфаўся ля дзвярэй.

Звальненне года — Лідзія Ярмошына

Ярмошына кіравала ЦВК з 1996 года, але выбары 2020 сталі для яе апошнімі.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Імя Лідзіі Ярмошынай фактычна стала сінонімам нячэсных выбараў. «Ярмошына — гэта ўжо не прозвішча, гэта брэнд стварэння паралельнай рэальнасці, нічым не падобнай да таго, як людзі рэальна галасуюць і якія лічбы агучваюць», — казаў палітолаг Валер Карбалевіч. 

За час сваёй адданай службы Ярмошына страціла сына, і адкрыта казала, што засталася адна. «Буду чакаць сыходу з жыцця», — адказвала яна на пытанне, чым будзе займацца на пенсіі.

Ярмошыну замяніў Генадзь Карпенка, камуніст, былы міністр адукацыі.

Цытата года: «Ці могуць быць сябрамі незнаёмыя людзі? Могуць, калі яны беларусы!»

Гэтыя словы Вітольда Ашурка сталі сапраўдным лозунгам. На жаль, ужо пасля смерці іх аўтара. 

50-гадовы Вітольд Ашурак, актывіст і палітвязень з Бярозаўкі быў асуджаны ў Лідзе на закрытым працэсе, яму прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Ашурак быў сябрам Партыі БНФ, каардынатарам руху «За Свабоду», быў бясконца адданы Беларусі.

У маі Вітольд раптоўна памёр у шклоўскай калоніі. СК апублікаваў нарэзку з відэа, на якіх бачна, як Ашурак падае, пасля яму бінтуюць галаву. З відэа вынікае, што Вітольд утрымліваўся ў штрафным ізалятары, чаму — невядома.

Вынікі праверкі па факце яго смерці таксама невядомыя. Крымінальную справу не завялі.

Затое завялі крымінальную справу на людзей, якія прыйшлі падтрымаць Вітольда яшчэ зімою, у дзень абвяшчэння прысуду і скандавалі ў судовай залі «Ганьба!». Цяпер ім пагражае калонія.

Адмена года — Чэмпіянат свету па хакеі

ЧС-2021 мусіў прайсці сумесна ў Беларусі і Латвіі. Але пасля гвалту з боку сілавікоў і дзяржаўных рэпрэсій усё часцей пачалі гучаць галасы, каб у Беларусі адабралі права прымаць турнір.

Рэнэ Фазель прылятаў у Мінск, сустракаўся з Лукашэнкам, фатаграфаваўся з Баскавым — але беларускім спартовым функцыянерам гэта не дапамагло. У студзені 2021 года кампаніі «Нівея», «Шкода», «Лікві Молі» заявілі, што не будуць спонсарамі турніру, калі матчы пройдуць у Беларусі — пасля чаго было канчаткова вырашана, што турнір пройдзе толькі ў Латвіі.

Беларуская зборная паехала ў Латвію, дзе выйграла адзін матч і прайграла шэсць.

Уцякач года — польскі памежнік

У снежні польскі салдат Эміль Чэчка збег у Беларусь, дзе адразу ж стаў героем усіх дзяржаўных СМІ, расказваючы ў інтэрв'ю фантасмагарычныя гісторыі пра жорсткасць полськіх сілавікоў. «Ніколі не было такой сітуацыі, каб мы праводзілі мігрантаў і іх не забілі», — казаў Чэчка, праўда, не прадастаўляючы ніякіх доказаў.

Палякі ў сваю чаргу паведамілі, што ў верасні Чэчку судзілі за жорсткае абыходжанне з блізкімі (паводле журналістаў, ён збіў маці), 12 снежня ён быў затрыманы за кіраванне ў нецвярозым стане. Паведамляецца таксама, што ў хлопца праблемы з алкаголем і наркотыкамі.

Крынж года — Лукашэнка і шпіц святкуюць Вадохрышча

Спачатку сабака сядзеў на стале падчас інтэрв’ю з расійскай журналісткай Аскер-Задэ, але гэта былі яшчэ кветачкі. На Вадохрышча прэс-служба Лукашэнкі выкаціла відэа, вартае стужак ці то Дэвіда Лінча, ці то Сашы Барона Коэна. На ім у пустой паўцёмнай альтанцы Лукашэнка чокаецца кубачкам вады з сабакам. Абсалютны шэдэўр.

Мем года — гомельскі ваенкам Крываносаў

На Усебеларускім народным сходзе вайсковы камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў папрасіў паціснуць руку Лукашэнку, каб атрымаць «зарад энергіі і рашучасці».

А праз некалькі дзён з'явілася адразу некалькі відэа, як Крываносаў перадае «зарад рашучасці» сваім калегам, а пасля і міліцыянерам.

Метафара года — рыбак са Слуцка

No comments.

Чытайце таксама:

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Дар’я Лосік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1