Валерый Тарайкоўскі жыве прама насупраць месца гібелі свайго сына Аляксандра.

— Хаджу туды часта, часам кветкі пакладу, часам проста пастаю пакуру — цяжка ўздыхае мужчына.

Кажа, што за кожную кветку на яго лаецца міліцыя, аднак, у адрозненне ад многіх іншых беларусаў, бацьку пакуль не арыштоўвалі.

— На могілкі збіраюся на Каляды, потым абавязкова на Сашаў дзень нараджэння — 26 сакавіка, — з любоўю глядзіць бацька на вялікі партрэт, з якога усміхаецца абсалютна шчаслівы Саша. — Ён заўсёды і быў такі, усмешлівы, з гумарам, аптыміст.

Валерый кажа, што нават праз паўтара года не можа павесіць на фатаграфію сына чорную стужку:

— Гэта для вас ён мёртвы, для мяне — жывы.

Закурыўшы чарговую цыгарэту, мужчына ўспамінае, што даведаўся аб трагедыі толькі праз два дні:

- Я не быў у Мінску ў тыя дні, адразу пасля працы з'ехаў на лецішча. Вярнуўся 12 жніўня, і адразу патэлефанавалі са Следчага камітэта: «Кім вам даводзіцца Тарайкоўскі Аляксандр Валер'евіч?». У мяне не было ніякіх прадчуванняў: адказаў спакойна, яшчэ падумаў, ці мала куды трапіў хлопец, справа маладая.

А яны: «Прыносім свае спачуванні, вашага сына больш няма». Я ледзь не ўпаў, добра, мужыкі побач стаялі, падтрымалі. Я нават не спытаў, што здарылася…

Спачатку сваякам Аляксандра Тарайкоўскага прапанавалі выбіраць месца на Заходніх могілках на агульных умовах: гэта значыць, дзе было.

— А праз некалькі гадзін тэлефануюць з пахавальнага бюро і кажуць, мы выбралі для вашага сына лепшае месца. Сапраўды, там і зручна падысці з любога боку, і вакол прыгожа, — дзеліцца Валерый.

У афіцыйную версію смерці сына ён не верыў з самага пачатку.

- Чаго толькі пра яго не казалі тады. Але ўсе бачылі відэа, дзе ён зусім адзін, як семечка на далоні, у майцы і шортах з рукамі вось так, — Валерый падымае рукі, дэманструючы апошні жэст сына.

Аднойчы, верыць мужчына, на месцы гібелі Сашы з'явіцца помнік, да якога можна будзе прынесці кветкі, калі захочаш.

- Вы лічыце свайго сына героем?

— Я лічу яго сваім сынам. Ён не любіў паўтаноў, для яго было альбо белае, альбо чорнае, — адказвае бацька.

Так здарылася, што сына і дачку ён выхоўваў сам.

— Саша з дзяцінства захапляўся тэхнікай: машыны, гайкі… памятаю, неяк суседка прыходзіць з прэтэнзіяй: «А вы ведаеце, чым ваш Саша займаецца?». Думаю, што ўжо нарабіў, а ён — машыны мые.

Мы жылі тады на Кунцаўшчыне каля трасы. Туды хлопцы і бегалі з вёдрамі. Зарабляў капейку. Яшчэ зусім малы быў, крыху больш за дзесяць гадоў. Потым любіў купляць падарункі малодшай сястры. Наогул вельмі любіў яе, заўсёды абараняў.

У школе пацан як пацан быў, мог і пастаяць за сябе. Але проста так ніколі не лез у бойку. Калі біўся, бывала, значыць, сапраўды нешта адбылося — распавядае бацька.

У 18 гадоў Саша, заступаючыся за маці, якую збіваў сужыцель, не вытрымаў, даў яму здачы, не разлічыў… мужчына неўзабаве памёр. Сашу асудзілі за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць.

- На ўсе спатканні ў калонію я ездзіў да яго. Пакаранне ён прыняў з разуменнем, маці ёсць маці, хоць яна і не жыла з намі. Саша яе шкадаваў. Неўзабаве яму замянілі калонію на «хімію», — кажа Валерый.

Саша марыў быць аўтаслесарам — і стаў ім.

— Тэлефануе, бывала: «Татка, што робіш? Зайдзі да мяне ў гараж». Прыйду — ён паказвае нешта новае, выхваляецца. Першую машыну купіў паўразбураную, пасля аварыі, цалкам яе зрабіў і прадаў. Матацыклы ў яго былі. У гаражы мог быць да позняй ночы.

Працаваў на прадпрымальніка, які займаўся машыннымі шторкамі. Навучыўся і адкрыў сваю справу — распавядае Валерый.

Кажа, у сына не было шмат вольнага часу, таму і сяброў было не шмат. З праблемамі і радасцямі ён часта прыходзіў да бацькі, які жыў амаль побач.

- Мог проста зайсці, пагаварыць па душах. Да рамонту, які я зрабіў ужо пасля смерці Сашы, у мяне стаяла другая канапа для яго, мог і заначаваць, — дзеліцца суразмоўца.

Цяпер у пакоі Валерыя другой канапы няма. Сам ён жыве выпадковымі заробкамі.

— На працу ў 55 гадоў уладкавацца складана. У мяне добрая спецыяльнасць — фрэзероўшчык, але нават на заводзе кажуць, што бяруць толькі да 47 гадоў. Даўно ўжо працую «па халтурах». Працы не баюся. Каб падняць дзяцей, у 90-я нават на машынцы вязаць навучыўся. Цяпер падпрацоўваю падсобным рабочым. Праца адцягвае.

Былі часы, калі я нядрэнна зарабляў, стараўся і Сашы дапамагчы. Апошнім часам — наадварот, ён мне дапамагаў. Цяпер я застаўся адзін, — зноў закурвае Валерый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0