Макс Вінярскі. Мы не шкадуем!

Каб жыць, нам выпала цікавая часіна.
Калі прыйшоў яшчэ раз час світальны,
Шляхі нас прывялі да скрыжавання,
І кожны мусіць зараз шлях абраць.
Куды пайсці? Чаму жыццё аддаць?
Сябрам? Краіне? Ворагам? Свабодзе?
Таму, хто пры уладзе, мовіць «годзе!»
Альбо, як «раб да веку», прамаўчаць?
Мы разам рушылі да зыркага святла.
Нас не спынілі кулі ды кайданы.
Мы не шкадуем пра свой шлях абраны,
Нават калі не выйдзем з небыцця.

Лістапад 2021. Даслана ў лісце з калоніі «Віцьба»

Балада пра верасовы мёд. Пераклад Усевалада Сцебуракі

Той трунак верасовы
вядомы быў здаўна —
ад мёда саладзейшы,
п’янчэйшы ад віна.
Майстры яго варылі,
і потым той напой
таіўся побач з імі
ў пячорах пад зямлёй.

Прыйшоў кароль шатландскі,
і палілася кроў —
ён нішчыў племя піктаў,
цкаваў, нібы звяроў.
І па чырвоных горах
пагоня гнала іх,
пакуль не сціх апошні
людзей маленькіх уздых.

Лета ізноў у краі,
верас барвай гарыць.
Ды толькі няма нікога,
хто можа той мёд варыць.
У магілах безыменных,
Дзе ўпалі, там і ляглі,
маленькія медавары
спяць у сырой зямлі.

Па верасовай пустцы
едзе кароль на кані,
пчолы гудуць трывожна,
плача кулон* ў вышыні.
Едзе кароль, злуецца:
хіба усё дарма?
Над верасам я паную,
а мёду з яго няма!

І тут жа яго васалы,
хто побач быў на кані,
пільна ізноў абшукалі
пусткі і камяні.
Знайшлі яны двух апошніх,
на чый патрапілі след, —
пікт-бацька і сын-падлетак
выйшлі з пячоры на свет.

Кароль паглядаў звысоку
на гэтых дваіх, на зямлю,
а пікты зацята маўчалі
пры свіце і каралю.
Падводзяць малечу да прорвы,
мора ўнізе шуміць:
«Свабоду даруем за веды,
як з верасу мёд варыць!»

Спакойна стаялі абодва,
стары пікт і пікт малы,
верас гарэў на ўзгорках,
унізе грымелі валы.
І раптам прамовіў бацька
і стала вакол цішэй:
«Я маю сказаць два словы
для каралеўскіх вушэй!»

«Старэйшым жыццё дарагое —
я кожную хвілю люблю
і мёду сакрэт адкрыю!» —
прызнаўся ён каралю.
Голас яго то цішаў,
то набіраў уздым:
«Я навучу варыць вас,
ды не пры сыне маім!

Хлопцу жыцця не шкода
і галавы на плячах…
Але я страчу гонар
цяпер у яго вачах.
Скіньце яго са стромы
уніз, дзе шуміць прыбой.
Слова сваё стрымаю —
будзе ў вас напой!»

Хлопца тады схапілі,
рукі сцягнулі вузлом,
уніз штурхнулі з абрыву
у мора на згубу і злом.
Мора накрыла хваляй,
крык у глыбінях знік,
і прагучалі словы,
што мовіў апошні пікт.

«Праўду тады сказаў вам:
гарачы народ малады!
Тым не хапае гарту,
хто не галіў барады.
А я не баюся пакутаў,
не страшаць агонь і лёд.
Няхай са мной памірае
мой верасовы мёд!»

* Кулон — від птушак з сямейства бакасавых.

Пераклад з англійскай «Heather Ale» by Robert Louis Stevenson

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0