Сёння маці Ягора Юлія сустрэлася з ім у СІЗА-1 і распавяла падрабязнасці праваабаронцам.
Каб пабачыцца з сынам, Юлія прыехала ў Мінск з Саратава.
На пачатак суда яна не прыязджала, бо ведала, што ён будзе закрыты. Першы раз Юлія ўбачыла сына на абвяшчэнні прысуду: «глядзелі адно на аднаго, не адрываючы вачэй». А сёння ім дазволілі спатканне, якое доўжылася адну гадзіну. Юлія адразу адзначыла погляд сына: «У яго пасталелы і стомлены погляд чалавека, які не можа належаць чалавеку 21 года».
Маці Ягора распавяла, як сын пракаментаваў суд і прыгавор:
«Пра суд сказаў, што быў здзіўлены, што ён прайшоў менавіта ў такім фармаце [закрытым рэжыме] і што яго голас прызналі зброяй. Але ён пасмяяўся над гэтым. Ягор вельмі спадзяецца вярнуцца ў Расію, як і мы. Пра тэрмін ён стараецца не думаць, бо гэта вельмі страшная лічба».
Юлія распавядае, што яна і Ягор намераныя не здавацца і далей змагацца за яго свабоду:
«Ягор трымаецца, але такі тэрмін чакана яго вельмі знерваваў. Яго лозунг — «акружаны, але не зламаны». Пакуль ёсць хоць маленькая надзея, ён і мы будзем за яе трымацца. Ён ведае, што мы за яго хвалюемся і любім, гэта будзе яго трымаць, нават калі здаецца, што ўсё зусім дрэнна».
На спатканні з маці Ягор Дуднікаў таксама адзначыў падтрымку беларусаў:
«Яму пішуць многія людзі. Ён вельмі ўдзячны за падтрымку. Яна таксама не дае яму падаць духам», — распавядае Юлія.
Па словах Юліі, Ягор плануе шмат чытаць і займацца спортам.
Сама маці Ягора адзначае, што абвяшчэнне прысуду прайшло для яе цяжка, бо ён, паводле яе слоў, відавочна несправядлівы:
«Я плачу, мне горка і балюча ўсвядоміць тое, што хлапчука пазбавілі юнацтва. Ён не забіў, не гвалціў, не рабаваў. Так, магчыма, тое, што ён рабіў, было няправільна, але пакаранне павінна быць суразмерным, а не як за забойства.
Хочацца сказаць [суддзі і пракурорцы]: «Але вы ж таксама бацькі! Як у вас, гледзячы яму ў юны хлапечы твар, рука паднялася даць яму такі тэрмін! Пазбавіць яго паловы яго пражытага жыцця. Ды ён і не бачыў яшчэ гэтае жыццё! Я не ведаю, як на ім адаб'ецца такі жахлівы тэрмін…»
Падтрымаць хлопца: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Ягору Аляксандравічу Дуднікаву
Расіяніну Ягору Дуднікаву далі 11 гадоў калоніі
«Стакан у параўнанні з камерай — рай, кайфану ў цішыні». Палітвязень Дуднікаў даслаў маці ліст з-за кратаў, у якім апісаў умовы на Валадарцы





