Віншаванне Святланы Ціханоўскай

31 снежня ў 23.46 па беларускім часе лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская ўжо традыцыйна пачне падсумоўваць вынікі года і віншаваць беларусаў з Новым годам на сваім ютуб-канале.

…і Сяргея Ціханоўскага

Сваё віншаванне да Новага года паплечнікам з-за кратаў перадаў і Сяргей Ціханоўскі. Яго плануюць агучыць на канале «Краіна для жыцця» ў 23.34 па беларускім часе.

Беларускі мюзікл

Віншаванне Святланы Ціханоўскай будзе таксама дублявацца на ютуб-канале «Белсата». Але святочная праграма пачнецца там яшчэ раней. А 21:25 каманда абяцае сатырычную праграму «Лукавыя навіны», а ўжо ў 22.00 — перадачу «Жэстачайшы мульт». Менавіта гумарам канал прапаноўвае дадаткова змагацца з дыктатурай.

Пасля беларусы змогуць ацаніць новы мюзікл «Вяртанне дадому» з удзелам вядомых вядучых і акцёраў — Кацярыны Ваданосавай, Дзяніса Дудзінскага, купалаўца Міхася Зуя.

Мюзікл будзе актуальны многім беларусам, што вымушаныя цяпер жыць за мяжой, але агулам ён пра адно запаветнае жаданне на ўсіх. Тут жа заяўленыя гурт «Разбітае сэрца пацана», Анастасія Шпакоўская, Юрый Стыльскі і іншыя.

Роўна апоўначы беларусам прапануюць разам праспяваць гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». А потым чакаюцца архіўныя падборкі і відэанарэзкі. У тым ліку цудоўны мінулагодні мюзікл пра чыноўнікаў «ЧынЧыны ў краіне цудаў».

Праграма для дзетак

За дзіцячым кантэнтам (ды і што там казаць — дарослым, калі вы любіце мульцікі і казкі) 31 снежня можна наведацца на ютуб-канал «Бэйбус».

У 20.30 там абяцаюць культавы шведскі мульт «Мама Му, Крумкач і Каляды», а таксама прэм’еру двух новых калядных вершаў палітвязня, рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко.

Інтэрактыўны эфір ад «Маланкі»

Каманда «Маланкі» плануе сустракаць Новы год у прамым эфіры, пачынаючы з 22.00: лепшыя кліпы беларускіх артыстаў 2021 года, яркія ўспаміны і мемы будуць папярэднічаць прагнозам ад аналітыкаў на 2022 год.

Героям 2021-га будуць уручаныя віртуальныя прэміі, а сапраўдныя падарункі — мерч ад «Маланкі» — могуць выйграць усе гледачы, калі выканаюць інтэрактыўнае заданне.

Таксама на канале будзе адмысловае прысвячэнне рэпрэсаваным медыя і салют роўна ў 23:34. Тут таксама пакажуць зварот Святланы Ціханоўскай.

«Навагодні special» на канале «Годна»

Невялікая святочная праграма ў фармаце цёплых моладзевых пасядзелак у бары плануецца з 17.00.

Пакуль вы будзеце наразаць салаты, зоркі беларускамоўнага TikTok Ліза і Мікіта запрасілі сваіх сяброў і калег, каб згадаць добрае, абмяняцца надзеямі, падзяліцца свежыміі песнямі.

У эфіры з'явяцца Андрусь Такінданг, Сяргей Башлыкевіч, гурт «Бачу ўпершыню» і музычнае адкрыццё года: спявачка Iva Sativa.

Навагодне-аналітычная перадача ад чыноўнікаў Сяргея Мікалаевіча і Мікалая Сяргеевіча

«У навагоднім «ЧинЧинЧасе» Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч адкажуць на хвалюючыя вас пытанні і зададуць курс нашаму з вамі караблю, які ідзе на добрым якары поўным ходам! Пажаданні, песні і тосты па ДАСТе — толькі ў нас у «ЧинЧинЧасе»» — менавіта так апісвае падрыхтаваную перадачу ўжо ўпадабаны беларусамі дуэт чыноўнікаў-экс-купалаўцаў — Дзмітрыя Есяневіча і Міхася Зуя. У ралях таксама — вядомая выканаўца «Шчучыншчыны» Алена Зуй-Вайцяхоўская і іншыя зорныя беларусы.

Прэм'ера адбудзецца ў 22.00 па Мінску на ютуб-канале «чыноўнікаў».

Кіношная альтэрнатыва

Калі вам не па душы любыя навагоднія аганькі, заўсёды можна прысвяціць вечар-ноч добраму кіно.

Выдатна прайсціся па класіцы ад «З лёгкім парам», «Моцнага арэшка», да «Грэмлінаў» і «Дрэннага Санты». Ці можаце скарыстацца нашай нетыповай падборкай калядных стужак.

Урваць квіток на адну з культурных падзей

Калі вы не любіце сядзець дома і ўпэўненыя ў сваёй абароненасці супраць кавіду, зазірніце ў мясцовую афішу. Пры наяўнасці квіткоў можна завітаць у прысвятак, напрыклад, на навагодні канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Сустракаць разам Новы год прапаноўваюць адразу тры альтэрнатыўных тусовачных пляцоўкі сталіцы: Dogma на Куйбышава, 22, Hide на Кастрычніцкай, 19 і Modul на Кастрычніцкай 16/3. Дзверы Christmas Treep адчыняцца з 22.00.

Як варыянт можна таксама завітаць на рок-караоке ў «Графіці» а 23.00 ці на дыскатэку 80-90-х у Re:Public.

На свежым паветры

Галоўнымі пляцоўкамі для святкавання ў Мінску ў гэтым годзе будуць Палац спорту і Верхні горад.

Пачынаючы з 00.30 першага студзеня, на першым пункце абяцаюць святочную праграму і беларускую эстраду старога гарту: Ірыну Дарафееву і Алену Ланскую. Не абыдзецца і без Дзеда Мароза са Снягуркай. Тут жа пасля гадзіны ночы чакаецца міні-салют. Больш падрабязна пра праграму ў сталіцы афлайн аж да сёмага студзеня мы пісалі тут.

У іншых гарадах Беларусі асноўны варушняк чакаецца на галоўных цэнтральных елках. 

Тыкток з беларускім смакам: сабралі для вас падборку цікавых айчынных каналаў, за праглядам якіх можна бавіць вечары

Салюты ў дварах, Жыве Беларусь і Ціханоўская з праектара. Як мінчукі адзначалі Новы год-2021

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0