Рэдактарка праекта Крысціна Бандурына адразу расставіла ўсе кропкі над і:
«Дазвол на выкарыстанне імя Юлія Таўбіна атрыманы асабіста мной ад яго нашчадкаў.
Мы не ставілі сабе за мэту паўтарыць ідэю выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм». Назва прыйшла мне ў галаву, калі я пісала тэкст на «Ноч паэтаў» і зразумела, што ў нас з ім шмат агульнага. Гэта не сайт паэзіі Юлія Таўбіна і не віртуальны музей папярэднікаў. Гэта партал сучаснай паэзіі», — патлумачыла яна ў Фэйсбуку.
Крэатыў ацанілі не ўсе. Пісьменнік Валерый Гапееў напісаў з’едлівы пост:
«Мне так падаецца, што нам трэба смялей быць у справе ўвекавечання слынных сыноў Беларусі.
То ідзём у гэтым кірунку далей:
- Штотыднёвік «Кульбак».
- Газета «Цётка».
- Дзіцячы часопіс «Зарэцкі».
Прасоўваем імёны ў культуру:
- Ансамбль народнага танца «Лявонны».
- Народны хор «Чарот».
Напаўняем памяццю актыўны адпачынак месцічаў:
- Рэстаран-кабарэ «Вольны».
- Казіно «Дудар».
Заносім літаратурную спадчыну ў кватэры і дамы:
- Набор гасцінай мэблі «Кляшторны».
- Мужчынская зімовая шапка «Галавач».
І лёгка шліфуем паўсядзённасць:
- Чыпсы «Харык».
- Гарэлка «МаракоFF».
Крэатывім, карацей…
Няма каму спытаць за гэтыя імёны».
Пісьменнік дадаў, што абсалютна супраць таго, каб імем чалавека называўся прадукт іншых людзей.
«Вы не бачыце розніцы паміж літаратурным часопісам і гарэлкай», — пачалі спрачацца з Гапеевым.
«У Францыі каньяк «Напалеон»! Але мне здаецца, што Гапееў тут трохі пра іншае. Бо розніца ёсць, калі супервядомае імя выкарыстоўваюць, бо ўсе і так ведаюць, што імператар — гэта не бухло, і іншая справа, калі ёсць шанцы, што другасны прадукт стане больш вядомы, чым творчасць таго, чыім іменем быў названы», — разважае літаратурны крытык Ганна Кіслыцына.
Аднак большасць падтрымала ідэю з назвай. На думку Ганны Севярынец, «Таўбін» — шыкоўнае імя для паэтычнага партала.
«Як на мяне, Taubin — даволі добры нэймінг у духу зумераў. У іх пакаленні пераемнасць пакаленняў і каштоўнасцяў праяўляецца менавіта так», — выказалася паэтка Марыя Мартысевіч.
Юлій Таўбін — беларускі паэт які пісаў у 1920-30-я гады. Апошнія свае гады ён правёў у цюменскай высылцы. Разам з іншымі творцамі быў расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га.
Чытайце таксама:
«Няхай са мной памірае мой верасовы мёд!» Новыя вершы паэтаў — Макс Вінярскі, а таксама беларускі пераклад слыннай балады
Дзіцячыя вершы Андрэя Скурко чытаюць купалаўцы ВІДЭА
«Нашы кліканні, што гэта фашызм, што будзе кепска, ніхто не слухаў». Гутарым з пісьменніцай Святланай Курс, пераможцай прэміі Гедройца





