Фота з Музея і грамадскага цэнтра імя Андрэя Сахарава

Што такое «Мемарыял» і як ён узнік?

Гісторыю з’яўлення «Мемарыяла» апісвае «Медуза». У 1987 годзе, калі ў СССР ужо пачаліся маштабныя рэформы, маладыя эканамісты з Масквы і Ленінграда арганізавалі ў сталіцы грамадска-палітычны клуб «Перабудова» — дыскусійную пляцоўку для прыхільнікаў перамен. Некалькі сотняў чалавек рэгулярна збіраліся ў вялізнай зале Цэнтральнага эканоміка-матэматычнага інстытута акадэміі навук. Сярод іх быў і будучы «бацька прыватызацыі» Анатоль Чубайс, тады — малады ленінградскі эканаміст, які выступаў у падтрымку рынкавага курсу развіцця. Зрэшты, апроч эканомікі, тут абмяркоўвалі і заганы савецкай сістэмы ў цэлым.

«На тых выступах, дзе я была, тэма рэпрэсій узнікала, магчыма, у палове выпадкаў. Было зразумела, што гэта самае цікавае і важнае. Стала зразумела, што ўнутры гэтай вялікай аўдыторыі чалавек на 400—500 ёсць дастатковая колькасць людзей, якім гэтак жа, як і мне, хочацца нечага яшчэ. Вось мы пагаварылі, пагадзіліся з тым, што рэпрэсіі — гэта было дрэнна. Пагадзіліся, што трэба нешта рабіць, каб [у гісторыі краіны такога больш] не паўтарылася. Ну дык давайце ўжо абмяркуем, што», — узгадвае цяперашні выканаўчы дырэктар «Мемарыяла» Алена Жамкова.

Аднойчы пасля чарговага пасяджэння клуба «Перабудова» нехта прапанаваў усім жадаючым застацца — так адбылася першая сустрэча гуртка, які пазней атрымаў назву «Мемарыял».

Адной з першых ініцыятыў стала ўстаноўка помніка ахвярам палітычных рэпрэсій у СССР. Пачаць вырашылі са збору подпісаў. Збіралі іх на Арбаце і Пушкінскай плошчы, а калі міліцыя пачала затрымліваць агітатараў, яны перамясціліся ў клубы, тэатры і на канцэрты. Праз паўгода ў актывістаў было некалькі соцень тысяч галасоў. Да таго моманту мемарыяльцы ўжо вырашылі, што патрэбны не проста помнік, а цэлы мемарыяльны комплекс — з музеем, архівам і бібліятэкай.

У чэрвені 1988-га каля палаца спорту «Дынама» прайшоў мітынг пад лозунгам «Ахвярам рэпрэсій — мемарыял». Упершыню перад такой вялікай колькасцю людзей выступіў Андрэй Сахараў, жывы сімвал савецкага праваабарончага руху. Да маладых актывістаў у той час далучыліся дасведчаныя дысідэнты (яны ў тым ліку дапамагалі з арганізацыяй мітынгаў). 

Старшынёй афіцыйна не зарэгістраванай арганізацыі пагадзіўся стаць Андрэй Сахараў. Але атрымаць афіцыйны статус «Мемарыял» змог толькі праз год, ужо пасля смерці знакамітага фізіка-дысідэнта: улады доўга адмаўлялі ў рэгістрацыі, спасылаючыся на розныя нагоды.

Паводле шырока вядомай гісторыі, на пахаванні Сахарава ў снежні 1989 года Міхаіл Гарбачоў звярнуўся да ўдавы праваабаронцы Алены Бонэр:

«Мы падумаем, як увекавечыць яго памяць».

«Не трэба думаць, зарэгіструйце «Мемарыял»», — адказала Бонэр.

Праз месяц зарэгістравалі спачатку маскоўскае аддзяленне, а потым і ўсесаюзнае таварыства. Неўзабаве з'явіўся і помнік: камень, які мемарыяльцы прывезлі з тэрыторыі Салавецкага лагера. Манумент вырашылі ўсталяваць на Лубянцы, наўпрост насупраць будынка КДБ. Лакацыю адобрылі дэпутаты Массавета.

«Цяпер гэта цяжка ўявіць, але ў [канцы 1980-х і ў] 1990-х КДБ не чыніў ніякіх перашкод. Супрацоўнікі баяліся люстрацый і забароны на прафесію. Тады ў грамадстве ішла дыскусія аб неабходнасці суда над КДБ», — тлумачыць гісторык Сяргей Бандарэнка.

Фота з Музея і грамадскага цэнтра імя Андрэя Сахарава

Фота з Музея і грамадскага цэнтра імя Андрэя Сахарава

Мемарыял адкрылі ў дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій — 30 кастрычніка 1990 года. Так у сваякоў пацярпелых ад рэпрэсій з’явілася месца, куды можна прынесці кветкі і ўшанаваць памяць блізкіх.

З цягам часу «Мемарыялу» ўдалося ажыццявіць усё задуманае: з'явіліся і музей памяці, і навуковы цэнтр, і бібліятэка. Музейная калекцыя «Мемарыяла» складаецца з асабістых рэчаў палітвязняў, якія прыносілі сваякі: прадметаў лагернага побыту, рукадзелля, аб'ектаў мастацтва, створаных мастакамі ў турмах.

«Мемарыял» — гэта яшчэ і навуковая ўстанова, якая ўвесь час папаўняе базу даных палітычна рэпрэсаваных; у ёй ужо больш за тры мільёны запісаў аб ахвярах тэрору. У архіве арганізацыі можна знайсці спісы людзей, расстраляных у Маскве; спісы прыгавораных да вышэйшай меры пакарання па асабістым указанні Сталіна; больш за тысячу ўспамінаў пра ГУЛАГ ад яго вязняў і работнікаў; звесткі аб кадравым складзе НКУС. Праект «Тапаграфія тэрору» дае разуменне аб рэпрэсіях у геаграфічным вымярэнні: гэта даведнік па месцах у Маскве і Маскоўскай вобласці, звязаных з палітычным тэрорам. Акрамя таго, «Мемарыял» даследуе рэпрэсіі супраць рэлігійных груп, расійскіх немцаў і польскіх грамадзян. Па сутнасці, расійскія праваабаронцы стварылі унікальны архіў, якім сёння могуць карыстацца нашчадкі рэпрэсаваных на ўсёй постсавецкай прасторы. У Беларусі, на жаль, такога поўнага і аб’ёмнага каталога няма. 

Ад тэмы рэпрэсій — да вызвалення закладнікаў

Хоць першапачаткова «Мемарыял» задумваўся як асветніцкая арганізацыя, яго ўдзельнікі неўзабаве зразумелі, што займацца толькі вывучэннем мінулага і ігнараваць бягучы палітычны парадак дня ў іх не атрымліваецца. «Пры Гарбачове тых, хто сядзеў па відавочна палітычных абвінавачваннях, пачалі выпускаць, але заставаліся яшчэ «памежныя зняволеныя». Некаторых, як сёння, судзілі па сфабрыкаваных крымінальных злачынствах, — тлумачыць праваабаронца і супрацоўнік «Мемарыяла» Алег Арлоў. — Мы пачалі займацца гэтымі палітвязнямі, збіралі спісы, звярталіся ў пракуратуру, стаялі ў пікетах — гэта быў першы праваабарончы накірунак «Мемарыяла».

У чэрвені 1995-га першая чачэнская вайна была ў самым разгары. У Будзёнаўску тэрарысты на чале з кіраўніком непрызнанай Ічкерыі Шамілем Басаевым узялі ў закладнікі больш за 1200 жыхароў, іх сагналі ў раённую бальніцу. Баевікі патрабавалі вывесці расійскія войскі з Чачні. Пасля няўдалага штурму загінулі дзясяткі закладнікаў. Прарвацца і абясшкодзіць баевікоў не ўдалося.

Вызваленне закладнікаў. Скрыншот з відэа «Настоящее время»

Вызваленне закладнікаў. Скрыншот з відэа «Настоящее время»

Праз лекараў тэрарысты прапанавалі вызваліць жанчын і дзяцей — у абмен на спыненне штурму. У штабе спецаперацыі медыкаў адмаўляліся слухаць. Выпадкова яны сустрэлі дэпутата Дзярждумы Юлія Рыбакова, той адвёў іх да праваабаронцаў — упаўнаважанага па правах чалавека Сяргея Кавалёва і супрацоўніка «Мемарыяла» Алега Арлова.

«Мемарыял» у Чачні фактычна працаваў як замена апарата ўпаўнаважанага па правах чалавека Сяргея Кавалёва, узгадвае Арлоў: «Мы з 1994 года знаходзіліся ў зоне канфлікту. Сачылі, як выконваюцца правы чалавека, размаўлялі з баевікамі, ваеннымі і мірным насельніцтвам. Пісалі даклады аб тым, што сапраўды адбываецца, і, вядома, спрабавалі дабіцца вызвалення палонных і закладнікаў».

Сяргей Кавалёў, які даведаўся ад медыкаў аб прапанове тэрарыстаў, пачаў тэлефанаваць у Маскву — і неўзабаве змог звязацца напрамую з прэм'ер-міністрам Віктарам Чарнамырдзіным. Алег Арлоў кажа, што прэм'ер не быў цалкам занураны ў сітуацыю. Пасля званка рыторыка ў штабе змянілася. «Да гэтага дзяржава планавала паводзіць сябе па-людаедску, — прыгадвае Арлоў. — Сілавікі толькі адмахваліся ад нашай прапановы правесці перамовы, каб выратаваць людзей. А цяпер пагадзіліся».

У выніку з бальніцы выпусцілі большую частку закладнікаў. За гэта Басаеў атрымаў некалькі аўтобусаў, на якіх тэрарысты маглі вярнуцца ў Чачню. У якасці жывога шчыта яшчэ на некалькі дзён з баевікамі засталіся 139 добраахвотнікаў, сярод іх быў і Алег Арлоў з «Мемарыяла».

Зачыстка праваабаронцаў — зніштажэнне «Мемарыяла»

Калі Уладзімір Пуцін вырашыў стаць прэзідэнтам у трэці раз, барацьба з «Мемарыялам» і іншымі праваабарончымі арганізацыямі стала ў Расіі часткай дзяржаўнай палітыкі. У 2012-м з'явіўся закон аб «замежных агентах»; праз год такі статус атрымаў праваабарончы цэнтр «Мемарыял», а ў 2016-м — яго галаўная арганізацыя «Міжнародны Мемарыял». 

У 2020-м пазбавілася свайго кіраўніка карэльскае аддзяленне «Мемарыяла»: гісторыка Юрыя Дзмітрыева асудзілі на 13 гадоў па абвінавачанні ў сэксуальным гвалце над дзіцем. «Мемарыял» называе гэтую справу сфабрыкаванай і палітычна матываванай. Дзмітрыеў займаўся складаннем спісаў рэпрэсаваных у Карэліі і пошукавымі працамі на месцы расстрэлаў. У канцы 1990-х пошукавая група пад кіраўніцтвам Дзмітрыева выявіла ў лясным урочышчы Сандармох расстрэльныя ямы — масавыя пахаванні ахвяр рэпрэсій 1937-1938 гадоў.

У 1953-м вязні ў Нарыльску (Гарлаг) патрабавалі перагляду палітычных справаў, скарачэння працоўнага дня і паляпшэння ўмоваў утрымання. Фота: архіў ФСБ Расіі

У 1953-м вязні ў Нарыльску (Гарлаг) патрабавалі перагляду палітычных справаў, скарачэння працоўнага дня і паляпшэння ўмоваў утрымання. Фота: архіў ФСБ Расіі

У кастрычніку 2021 года на офіс «Мемарыяла» ў Маскве напалі невядомыя, сарваўшы паказ фільма пра галадамор ва Украіне. Паліцыя, якая прыехала на выклік, замкнула гледачоў у будынку і запатрабавала ад кожнага даць справаздачу, адкуль яны даведаліся пра паказ. А тых, хто напаў на людзей, проста адпусцілі.

Праз месяц Генпракуратура падала іск аб ліквідацыі «Міжнароднага Мемарыяла». Арганізацыю абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб «замежных агентах», а менавіта — у адсутнасці адпаведнай маркіроўкі ў матэрыялах. 28 снежня Вярхоўны суд задаволіў іск. 

«У тых, хто змагаецца з мінулым, няма будучыні»

«Ліквідацыя «Мемарыяла» — гэта спроба забараніць мінулае, выключыць у грамадства яго калектыўную памяць, прымусіць мільёны людзей забыцца пра сваю сямейную гісторыю, — адзначаецца ў рэдакцыйнай калонцы «Медузы». — Тыя, хто спрабуе гэтага дабіцца, відавочна, спадзяюцца, што назаўжды адаб'юць жаданне да незалежнага, крытычнага, аўтаномнага ад дзяржавы мыслення. Але яны памыляюцца.

Пачаўшы вайну з гісторыяй, улада сама мабілізуе грамадства вакол тэмаў, якія спрабуе цэнзураваць. Сама выракае сябе на параўнанні са сталінскім рэжымам, які спрабуе абараніць ад «Мемарыяла». Можна паспрабаваць змяніць стаўленне да гісторыі, але нельга адмяніць гісторыю. У тых, хто змагаецца з мінулым, няма будучыні. У вас няма будучыні».

Справа Разанава: як 50 гадоў таму трое мінскіх студэнтаў кінулі выклік сістэме

Даследчыца Лідзія Савік: Паралелі з 1930-мі гадамі відавочныя

«На мяне самога напісалі чатыры даносы». Гісторык Ігар Кузняцоў пра злітую базу зваротаў у міліцыю і паралелі з 1930-мі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0