У 2019 годзе баец беларускага САХРу Юрый Гараўскі публічна заявіў, што ўдзельнічаў у забойстве палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер ён знаходзіцца ў Швейцарыі, у якой запытаў палітычны прытулак.

Па словах Гараўскага, нядаўна на ягоных сваякоў аднавіўся ціск з боку КДБ, а на яго самога ўзбуджаная крымінальная справа.

У снежні 2019 года выйшаў фільм пра Юрыя Гараўскага, у якім ён прызнаўся, што ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве былога старшыні ЦВК Беларусі Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага ў канцы 1990-х гадоў.

Ціск на сваякоў

Пасля публікацыі відэа, распавядае Гараўскі, ягоных сваякоў некалькі разоў выклікалі ў КДБ — у Беларусі ў яго засталіся маці, брат, былая жонка і дачка. Праз некаторы час цікавасць да іх знікла.

У снежні 2021 года ціск на сямʼю Гараўскага аднавіўся: на працу да ягонага брата прыехалі супрацоўнікі АМАПа і адвезлі ў будынак Генпракуратуры, дзе яго апытвалі каля пяці гадзін, сцвярджае Юрый Гараўскі.

«Апытвалі не радавыя старэйшыя лейтэнанты, а падпалкоўнікі і палкоўнікі КДБ. Не адзін ці два, а чалавек пяць, як мне расказаў брат. Пыталіся, з кім я меў зносіны, сябраваў, калі сваякі апошні раз са мной размаўлялі. Брат адказаў, што і да майго адʼезду мы мала размаўлялі. Перасякаліся альбо дома ў маці, альбо на дачы. Ён практычна нічога пра мяне не ведаў».

6 студзеня 2022 года, кажа Юры Гараўскі, ён даведаўся, што на яго заведзена крымінальная справа. Па якім артыкуле, яму не паведамілі. Крыніцу гэтай інфармацыі Гараўскі не раскрывае:

«Калі разважаць лагічна, то справу супраць мяне маглі ўзбудзіць за падзеі 20-гадовай даўніны, але ўсе саўдзельнікі гэтых злачынстваў працягваюць заставацца на волі. Альбо мае словы маглі расцаніць як паклёп. Альбо наогул — замахам на нацыянальную бяспеку краіны».

Паводле Гараўскага, пасля вымушанага візіту ў Генпракуратуру ўсе ягоныя родныя з нейкай прычыны сталі невыязнымі. У рамках якой крымінальнай справы — яму невядома:

«Яны не могуць нікуды зʼездзіць адпачыць або па пакупкі. Плюс да ўсяго, калі брат быў у Генеральнай пракуратуры і яго апытвалі [супрацоўнікі] з Камітэта дзяржбяспекі, сказалі не пакідаць Мінск. На падставе чаго? Чаму ён стаў невыязным? Я не разумею і не магу зразумець. Яны хочуць задаць пытанні мне. Прычым тут сваякі? Калі здзяйсняліся гэтыя злачынствы, брат наогул быў маленькі, хадзіў у школу.З братам мы хутка [пасля візіту ў Генпракуратуру] перагаварылі. Пасля гэтага ён выдаліўся з усіх месэнджэраў.Больш з ім не размаўлялі».

Гараўскі кажа, што беларускія спецслужбы наўпрост з ім не звязваліся. Сцвярджае, што не ведае і не разумее, чаму менавіта зараз яны зноў зацікавіліся ім, калі на працягу апошніх двух гадоў ніякай цікавасці не праяўлялі:

«(Пасля выхаду фільма — Рэд.) следства было адноўлена, але ўсё пусцілі на самацёк, нібыта няма доказаў. Як няма доказаў, калі ёсць дакладныя дадзеныя, якія я магу ўказаць, дзе былі забітыя і пахаваныя Ганчар, Красоўскі, Захаранка? Думаю, хочуць, каб я змоўк раз і назаўсёды. Улада няхай яшчэ год пратрымаецца, максімум два, але народ яе знясе. А ў Лукашэнкі рукі ў крыві. Мне здаецца, гэта маральны ціск (на сваякоў — Рэд.), каб былі падставы брата пасадзіць і сказаць мне: «Ён сядзіць з-за цябе».

 Гараўскі рыхтуе заяву ў Генпракуратуру РБ

Юры Гараўскі кажа, што вяртацца ў Беларусь не збіраецца. Цяпер ён плануе напісаць заяву ў Генеральную пракуратуру Беларусі, у якой хоча прызнацца ў саўдзеле ў злачынствах, «каб пачаліся нармальныя вышуковыя мерапрыемствы».

 Летам і восенню 2021 года Юрый Гараўскі даваў паказанні швейцарскім уладам па справе аб знікненні Ганчара, Красоўскага і Захаранкі, расказвае былы сілавік.

«Я быў дапытаны пракурорам аднаго з кантонаў. Першы раз мяне выклікалі ў ліпені і апытвалі з адвакатам і перакладчыкам парадку 9-10 гадзін. Другі раз — у пачатку верасня — каля 8 гадзін. Ці адбудзецца суд, пакуль не ведаю».

Былы спецназавец: Я ўдзельнічаў у забойстве Захаранкі і Ганчара

«Яны стралялі ў спіну»: дачка Захаранкі сустрэлася з экс-байцом спецназу Юрыем Гараўскім

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0