Андрэй Швед. Фота: прэс-служба Генпракуратуры

Андрэй Швед. Фота: прэс-служба Генпракуратуры

Амбсадар Ізраіля ў Беларусі «падкрэсліў гістарычную важнасць і ўнікальнасць вядзення Генпракуратурай Беларусі такога крымінальнага працэсу», «пагадзіўся, што трэба выявіць усе факты генацыду, у тым ліку з улікам трагічных падзей Халакосту». 

Як сцвярджае Генпракуратура, па справе дапытана больш за 12 тысяч сведкаў, з іх 7,5 тысячы прайшлі праз канцлагеры, праведзена больш за тысячу аглядаў і выяўлена больш за 300 раней невядомых месцаў пахаванняў. 

Нагадаем, у снежні 2021 года ў Беларусі прынялі закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Паводле закона, генацыдам прызнаюцца забойствы ўсіх савецкіх грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі БССР, нацыстамі, іх памагатымі, нацыяналістычнымі фармаваннямі ў перыяд Вялікай айчыннай вайны і да 31 снежня 1951 года.

Некаторыя гісторыкі крытычна паставіліся да закона. Аляксандр Фрыдман напісаў, што такім законам Лукашэнка «прысвойвае» ахвяр Халакосту, аб’яўляючы ў прапагандысцкіх мэтах «беларускім народам» усіх грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі БССР падчас вайны і пасля, а словы «яўрэі» і «Халакост» у законе адсутнічаюць.

У Крымінальны кодэкс прапануецца дадаць артыкул 130-2, які будзе прадугледжваць адказнасць за адмаўленне генацыду беларускага народа з пакараннем да пяці гадоў зняволення. За паўторнае парушэнне закона прадугледжана ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення свабоды.

Ацэнку дзеянням нацыстаў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, даў не толькі вядомы Нюрнбергскі трыбунал, дзе ад СССР былі прадстаўленыя суддзі і пракуроры, але і падобныя працэсы, якія праходзілі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах пасля вайны. Нацызм на гэтых працэсах быў адназначна асуджаны. Тым не менш, у 2021 годзе ў беларускай пракуратуры вырашылі ўсур’ёз вярнуцца да гэтай тэмы.

У Еўропе існуе практыка крымінальнай адказнасці за адмаўленне фактаў генацыду і апраўданне нацыстаў, напрыклад, у Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі і іншых краінах, прычым у заканадаўстве многіх з іх асобна прапісаная адказнасць за адмаўленне Халакосту. 

Але карэктней казаць пра выкарыстанне Беларуссю вопыту Расіі. Напрыканцы 2020 года расійскі суд упершыню прызнаў генацыд савецкага народа нацыстамі. Рашэнне прынялі ў Ноўгарадзе, дзе разглядалася справа пра масавыя забойствы мірных жыхароў у адной з вёсак у 1942-м. За гэтае злачынства ў 1947 годзе ўжо былі асуджаныя нацысты. Арганізатарам забойстваў тады прызналі генерала Курта Герцага, ён і яшчэ 18 нацыстаў атрымалі па 25 гадоў пазбаўлення волі. Адзін з іх быў асуджаны за злачынствы, здзейсненыя толькі на тэрыторыі Беларусі (астатнія — на тэрыторыі сучаснай Расіі). Курт Герцаг памёр у лагеры. Нацыстаў, якія дажылі да сярэдзіны 1950-х, савецкія ўлады амнісціравалі і адпусцілі дадому.

Генеральная пракуратура Расіі тлумачыла, што справу завялі ў 2020 годзе, бо выканаўцы генацыду не былі прыцягнутыя да адказнасці. Летась Следчы камітэт Расіі завёў яшчэ некалькі аналагічных спраў. У сакавіку 2021-га іх аб’ядналі ў адну — пра генацыд народаў СССР.

У той жа час Беларусь прымае свой закон — аб генацыдзе беларускага народа, куды ўключаюць грамадзян усіх нацыянальнасцяў, якія жылі на тэрыторыі БССР у час вайны і да 1951 года. Такім чынам, дзве краіны-партнёркі паралельна запускаюць аднолькавыя крымінальныя працэсы. 

Навошта гэта робіцца? Артыкул Крымінальнага кодэкса Расіі «Рэабілітацыя нацызму» прадугледжвае адказнасць не толькі за ўхваленне нацысцкіх злачынстваў і адмаўленне фактаў, якія прызнаў Нюрнбегскі трыбунал, а яшчэ і за «распаўсюджванне заведама непраўдзівых звестак пра дзейнасць СССР у гады Другой сусветнай вайны». Гэта пакідае вельмі шырокі калідор для для інтэпрэтацый. Але яны тычацца, хутчэй, унутранай палітыкі.

Расійскі палітолаг Аляксандр Марозаў бачыць у дзеяннях расійскіх уладаў праяву вялікай геапалітычнай гульні. На яго думку, логіка наступная: Крэмль хоча развязаць канфлікт з Германіяй, каб урэшце выставіць ёй рэпарацыі за Другую сусветную вайну. 

Генеральны пракурор Беларусі заявіў, што наша краіна панесла больш сур’ёзныя страты падчас вайны, чым меркавалася раней. Таму краіна будзе патрабаваць за гэта кампенсацыю.

Дэпутат парламента Ігар Марзалюк заявіў: «Калі мы дакажам у Міжнародным судзе, што супраць грамадзян нашай краіны быў мэтанакіраваны генацыд, гэта будзе надзвычай важны момант».

Пакуль незразумела, які «міжнародны суд» маецца на ўвазе. Пагадненне па рэпарацыях паміж Германіяй і СССР, куды ўваходзіла і Беларусь, было дасягнутае яшчэ ў 1945 годзе на Патсдамскай канферэнцыі. 

Алексіевіч расказала, чым Другая сусветная адрознівалася ад іншых войнаў

Марзалюк заявіў, што знайшоў для міжнароднага суда ўнікальны дакумент пра знішчэнне беларусаў. Тлумачым, што з гэтым не так

Генпракурор Швед хоча прыцягнуць за генацыд беларусаў ветэранаў польскай Арміі Краёвай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0