Больш за 200 дамоў ва Уруччы гэтым вечарам засталіся без ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Холадна ў кватэрах на вуліцах Нікіфарава, Русіянава, Скарыны, Праграмістаў, Старынаўскай і праспекце Незалежнасці.
Галоўны інжынер УП «Мінсккамунцепласетка» Генадзь Лукашэвіч паведаміў агенцтву «Мінск-Навіны», што робяцца ўсе неабходныя захады, каб як найхутчэй вырашыць праблему. Для ліквідацыі здарэння задзейнічаныя ўсе неабходныя сілы.
Чакаецца, што падача цяпла і гарачай вады будзе адноўлена на працягу 3—5 гадзін.
Па словах суразмоўцы, адключэнне помпы, якое прывяло да збою ў працы ацяплення і гарачага водазабеспячэння, адбылося каля 18.30. Увесь неабходны персанал выведзены цяпер на працу, каб пры неабходнасці аператыўна правесці запуск сістэмы.





