Растэрміноўка па 500

У растэрміноўку можна знайсці кватэру ў яшчэ не здадзенай новабудоўлі. Шукаем танныя варыянты. Такія цяпер прапануе, напрыклад, «Мінск Свет». У іх ёсць праграма растэрміноўкі да пяці гадоў. Мінімальны першапачатковы ўзнос — 30%, астатнюю суму раскідаюць пароўну на ўвесь час. 

Але ёсць нюанс: цана квадратнага метра пры растэрміноўцы вышэйшая, чым пра пакупцы адразу. Напрыклад, аднушка ў доме, які сёлета здаецца, плошчай 31,4 «квадрата» каштуе 37,7 тысячы даляраў. А пры пакупцы ў растэрміноўку — 46 тысяч. Адразу трэба выкласці 13,8 тысячы даляраў, а пасля кожны месяц аддаваць па 537 даляраў. 

Пераплата — 8,3 тысячы, ці 22% ад звычайнага кошту.

Крэдыт і шалёныя пераплаты

У асноўным крэдыты на жыллё выдаюць цяпер пад 20-21%. Возьмем для падліку «Беларусбанк» (там стаўка 21%). Уявім, што нам трэба ўзяць у крэдыт 20 тысяч даляраў. Аформім іх на 10 год. Пры такім варыянце ў месяц давядзецца плаціць ад 520 да 170 даляраў. У выніку вы пераплаціце 105% — гэта больш за 21 тысячу даляраў. 

Калі ў доўг атрымаецца ўзяць 30 тысяч даляраў, то па працэнтах за іх давядзецца вярнуць амаль 32 тысячы (гэта акрамя асноўнай сумы).

Калі ў забудоўшчыка ёсць банкі-партнёры, то яны могуць даць крэдыт на больш выгадных умовах. Напрыклад, у «Белінвестбанку» гэта 18,23% (а падчас ільготнага перыяду, звычайна гэта год, стаўка — ад 12,87%).

У крэдыт можна аформіць да 90% кошту жылля. Пагасіць доўг можна датэрмінова, штрафаў за гэта не будзе.

Аформім крэдыт у 20 тысяч даляраў на 10 год і атрымаем такую карціну. Першы год плацім у сярэднім па 370$ на месяц, другі — па 430$ (і далей з кожным годам менш). Пераплата за ўвесь час складзе 17,3 тысячы даляраў, гэта амаль 87%.

З сумай у 30 тысяч даляраў пераплата будзе 26 тысяч.

У згаданых крэдытах нефіксаваны працэнт — адзін прывязаны да стаўкі рэфінансавання, другі — да стаўкі авернайт. Калі яны вырастуць, павялічыцца і сума выплат.

Параўноўваем з арэндай

У сярэднім арэнда аднушкі ў сталіцы каштуе 220 даляраў (па звестках агенцтва «Твая сталіца»). Гэта значна менш, чым першапачатковыя выплаты па крэдыце. Але праз восем год сумы зраўняюцца, і арэнда будзе даражэйшай, чым вяртанне доўгу банку. Так атрымліваецца, калі браць крэдыт на 20 тысяч даляраў.

Калі сума пазыкі ў 30 тысяч, месячныя выплаты банку ўвесь час будуць большыя за цану арэнды. Агулам за 10 год арэнды вы аддасцё 26,4 тысячы даляраў. 

Гэта, канечне, тэорыя. Яна не ўлічвае рост цэн на арэнду кватэр, індывідуальныя льготы на жыллё, датэрміновае пагашэнне крыдытаў, змены працэнтных ставак.

«Банкам не цікава адбіраць кватэры, яны лепш дадуць растэрміноўку»

«Танней цяпер здымаць, гэта дакладна, — кажа эксперт па рынку нерухомасці Наталля Літоўская. — Але лепш купляць, бо аплачваеш сваё. І потым са свайго не выганяць.

Нават калі на нейкі час будзе правал у фінансах, банк дасць растэрміноўку плацяжу. Банкам не цікава адбіраць кватэры (многія крэдыты патрабуюць маёмасці ў заклад. — «НН»). Гэта не іх профіль — перапрадаваць жыллё».

Ёсць адзін лайфхак па крэдытах. Многія з іх можна гасіць датэрмінова. Таму, калі вы ўзялі крэдыт, дзе першы год працэнты меншыя, чым пасля, лепш у гэты перыяд пастарацца вярнуць банку як мага больш рублёў. Бо працэнты налічваюць на тую суму доўгу, якая застаецца.

«Штомесячны плацёж па крэдыце не павінен перавышаць 40% даходаў сям’і. Калі даход маленькі, складана разлічваць на нармальную суму ў доўг. Цяпер крэдыты бяруць на 5-20 тысяч даляраў у эквіваленце», — дзеліцца назіраннямі эксперт.

На сайце аднаго з банкаў можна разлічыць максімальную суму, якую дадуць у крэдыт. Так, калі сямейная пара на дваіх зарабляе 2000 рублёў на месяц, то ім у крэдыт на 20 год могуць прапанаваць да 25 тысяч даляраў. 

Партнёрскія крэдыты з банкамі выгадныя і самім забудоўшчыкам.

«Логіка такая: калі чалавек можа дакрэдытавацца на двушку на 10 тысяч даляраў, забудоўшчык будзе трымаць цану на 10 тысяч вышэйшай. Знікне магчымасць дакрэдытоўвацца — давядзецца зніжаць цану, падладжвацца пад плацежаздольнасць.

Многія ўводзяць растэрміноўкі, прывязаныя да валюты. У растэрміноўку ўключанае падаражэнне метра. Гэта як крэдыт ад забудоўшчыка ў валюце, але пад 2-4% гадавых.

Не паўсюль будзе вялікая пераплата. У адным з праектаў растэрміноўка павялічвае цану метра на 30 даляраў. Гэта падарунак. І гарантыя для забудоўшчыка, што ён сваё ў валютным эквіваленце атрымае, няхай і праз чатыры гады», — заўважае Наталля Літоўская.

Чытайце таксама:

У Беларусі і Мінску кватэры прадаюць і купляюць як ніколі раней за 10 гадоў

Ад 42 тысяч даляраў за аднапакаёўку. На аўкцыён выставілі гатовыя кватэры ў розных раёнах Мінска

Як ад'езд тысячаў беларусаў адбіўся на рынку жылля?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0