Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская заклікала рабіць бюлетэні несапраўднымі, перакрэсліваць абодва варыянты адказаў, а пасля паведамляць пра свой выбар платформе «Голас».

У Вільні плануецца стварыць аператыўны штаб дэмсілаў, які стане адсочваць сітуацыю. У его склад, апроч штаба Ціханоўскай, увойдуць прадстаўнікі Каардынацыйнай рады, НАУ, а таксама грамадзянскіх ініцыятыў і платформ — «Голас», «Зубр», «Сумленныя людзі».

«Гэта каардынацыйны цэнтр, які пачне працу сёння. Перад рэферэндумам мы збяромся ў адным офісе ў Вільні, каб працаваць разам», — удакладніла Святлана Ціханоўская.

Па яе словах, платформа «Голас» зоймецца альтэрнатыўным падлікам. «Сумленныя людзі» будуць адказваць за дастаўку інфармацыі грамадству і працу з тымі, каго прымушаюць стаць членамі выбарчых камісій. «Зубр» будзе фіксаваць парушэнні на ўчастках.

У аператыўны штаб увойдзе таксама аб’яднанне экс-сілавікоў, якое зоймецца інфармацыйнай бяспекай, будзе адсочваць і аналізаваць аператыўнае становішча сярод сілавікоў і чыноўнікаў.

«Мы падтрымліваем агульную пазіцыю прызнаць рэферэндум несапраўдным праз дзеянні грамадзян, — далучыўся кіраўнік НАУ Павел Латушка. — У адносінах да ацэнкі міжнароднымі партнёрамі — дамагацца афіцыйных заяваў аб няпрызнанні за Лукашэнкам права на правядзенне рэферэндуму».

Як адзначыла прадстаўніца платформы «Сумленныя людзі» Алена Жываглод, праца з членамі выбарчых камісій ужо вядзецца.

«Мы разумеем, што ўлада задзейнічае адміністратыўны рэсурс, таму падрыхтаваліся да розных сцэнароў, і адпрацуем не горш, чым у 2020 годзе», — запэўніў Павел Лібер, сузаснавальнік платформы «Голас».

Аднак падчас прэс-канференцыі ён вырашыў не дэталізаваць план, каб не даць магчымасць падрыхтавацца другому боку: «Наконт немагчымасці фатаграфавання [бюлетэняў на выбарчых участках] — важная заўвага, мы ўлічваем такі сцэнарый. Будуць прадугледжаныя іншыя варыянты».

Таксама Павел Лібер нагадаў, што платформа «Голас» не збірае персанальныя звесткі, дэананімізацыя карыстальнікаў праз яе немагчымая.

«З 27 студзеня ў нашым чат-боце можна прайсці навучэнне, аднавіць веды і падчас рэферэндуму накіроўваць туды інфармацыю пра парушэнні», — нагадаў прадстаўнік платформы «Зубр» Павел Марыніч.

«Менавіта таму, што няма выбару, мы прапануем перакрэсліць абодва варыянты, — заўважыў Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай. — Беззаконнасць стала синонімам цяперашняй сітуацыі. Вы паглядзіце на праект Канстытуцыі, што нам прапануюць… Што гэта? Нам прапануюць пухліну ў выглядзе УНС! Як гэта будзе працаваць, мы бачым на прыкладзе Казахстана. Гэта будзе новая нестабільнасць».

На пытанне, ці пойдзе Святлана Ціханоўская на рэферэндум, яна адказала: «Я не пайду на тэрыторыю амбасады [у Вільні], але паўдзельнічаю ў экзіт-поле, які будзе арганізаваны ў Літве».

Што змянілася ў праекце Канстытуцыі, вынесеным на рэферэндум

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0