Пакуль ДАІ разбіралася з кіроўцам, п’яны ўласнік BMW сеў за руль — загінуў пасажыр таксі
Сакавік 2011 года. Ноччу ў цэнтры Мінска сутыкнуліся BMW і Volkswagen. Апошні аўтамабіль выкарыстоўваўся як таксі. У момант здарэння там знаходзіўся 19-гадовы пасажыр, які не быў прышпілены рамянём бяспекі. Ад удару юнак выляцеў з салона і загінуў.
Як паведамляла ДАІ, кіроўца BMW праехаў на чырвонае святло. У момант здарэння ён быў п’яны — у мужчыны выявілі каля двух праміле алкаголю.
Падалося, пасля ДТЗ віноўнік нават не разумеў, што адбылося. Яго адказы на пытанні, зафіксаваныя на відэа, выглядалі неадэкватнымі сітуацыі. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што не бачыў, на якое святло праехаў.
Самае дзіўнае, што за некалькі хвілін гэты BMW спынілі на плошчы Перамогі (у квартале ад месца здарэння). За рулём знаходзілася жанчына. Пры сабе ў яе не было пасведчання кіроўцы, і супрацоўнікі ДАІ прапанавалі прайсці ў службовы аўтамабіль.
У гэты час уласнік машыны знаходзіўся ў салоне BMW. Кажуць, што падыходзіў да інспектараў, нешта пытаўся, а потым сеў за руль і даў па газах. За ім адразу ж паехаў аўтамабіль ДАІ, але седан спыніць не паспелі.
Гэты выпадак здарыўся не ў выніку пераследу, але мае прамое дачыненне да дзеянняў міліцыі. Вось лагічныя пытанні, якія паўстаюць: чаму відавочна п’яны чалавек застаўся ў аўтамабілі без кантролю? Як здарылася, што ён меў доступ да ключа запальвання?
Кіроўца BMW быў асуджаны амаль на пяць год зняволення. Яго таксама пазбавілі на такі ж тэрмін пасведчання кіроўцы.
Імкнуўся з’ехаць ад патруля і ўрэзаўся ў слуп
Амаль усе пагоні пачынаюцца з тыповай сітуацыі: кіроўца ігнаруе сігналы ДАІ і імкнецца з’ехаць. У дадзеным выпадку нават ёсць відэазапіс падзеяў з самага пачатку.
Справа адбывалася ў Мінску ў 2018-м. Бачна, як кіроўца Opel спачатку спрабуе падмануць, накіроўваючыся ў скразны двор, а пасля набірае хуткасць, часам праскокваючы на чырвонае святло і выязджаючы на «сустрэчку».
На вуліцы Даўгабродская ён зрабіў памылку, дапусціўшчы занос — аўтамабіль урэзаўся ў слуп. Кіроўца загінуў на месцы здарэння (пазней у яго знайшлі алкаголь).
У салоне знаходзілася кампанія юнакоў, якія атрымалі траўмы і былі дастаўленыя ў бальніцу. Яны сцвярджалі, што пазнаёміліся з уласнікам аўтамабіля за некалькі гадзін да ДТЗ.
Здавалася б, справа не патрабуе абмеркавання, аднак у выніку ўласнай памылкі загінуў малады чалавек. Сям’я, сябры страцілі блізкага, які мог бы прыносіць карысць грамадству.
З аднаго боку, пакідаць без увагі ігнараванне сігналаў ДАІ няправільна. З другага — ці варта міліцэйская прынцыповасць такога выніку? А што, калі б кіроўца проста з’ехаў? Што дае прэсінг чалавека, які гатовы груба парушаць правілы дарожнага руху? У чым мэтазгоднасць?
На гэтыя пытанні цяжка знайсці адназначныя адказы. Але некаторыя спецыялісты ў галіне бяспекі дарожнага руху лічаць: часам лепш кіроўцу адпусціць, чым правакаваць цяжкія наступствы. Аднак у той жа час выпрацаваць механізм прыцягвання да адказнасці, калі яго можна выклікаць на размову ў спакойных абставінах.
Зразумела, што гаворка ідзе пра лібералізацыю, якую зараз уявіць амаль немагчыма. Але ж прыйдзе час…
Па словах сведкаў, хлопец на Mitsubishi рэзка пачаў рух, а пасля трапіў у ДТЗ
Яшчэ адна падобная сітуацыя. Восенню 2017-га года Mitsubishi ўрэзаўся ў слуп на праспекце Дзяржынскага ў Мінску. Удар быў такі моцны, што асвятляльная мачта ўпала, а аўтамабіль загарэўся. Малады кіроўца загінуў на месцы здарэння.
Па словах сведкаў, да гэтага аўтамабіль спынілі супрацоўнікі міліцыі, але кіроўца адмовіўся выходзіць з салона і рэзка пачаў рух.
У ДАІ ж пацвердзілі, што Mitsubishi праехаў на забаронены сігнал светлафора, на што звярнулі ўвагу дзяжурныя ППС.
Зараз ужо цяжка сказаць, што менавіта справакавала хлопца на небяспечныя дзеянні. Аднак гэта здарэнне зноў узняло ў грамадстве пытанне аб алгарытме дзеянняў пры спыненні аўтамабіля з патэнцыйным парушальнікам ПДР.
У многіх краінах Захаду кіроўца пасля спынення паліцыяй павінен заглушыць рухавік і пакласці рукі на руль. Механізм дзеянняў у такіх выпадках у Беларусі дагэтуль дэталёва не апісаны.
Кіроўца, якога пераследавалі, загінуў, яшчэ два чалавекі пацярпелі
Большасць пераследаў з трагічнымі вынікамі адбываецца ў буйных гарадах. Дакладней, пра іх часцей становіцца вядома. Бо ёсць падазрэнні, што інфармацыя аб некаторых выпадках не трапляе ў публічную прастору. А вось здарэнне, пра якое пойдзе гаворка ніжэй, было зафіксавана ў Ваўкавыску ў 2015-м годзе і атрымала вялікі рэзананс.
Днём экіпаж ДАІ атрымаў паведамленне, нібыта кіроўца Kia можа знаходзіцца ў алкагольным стане. Спробы спыніць аўтамабіль ні да чаго не прывялі: мужчына, які знаходзіўся за рулём красовера, ігнараваў заклікі праз гучнагаварыцель і іншыя сігналы.
На адным з перакрыжаванняў Kia сутыкнуўся з BMW. Седан адкінула ў бок і ён урэзаўся ў прыватны дом, праламаўшы плот. Кіроўца красовера загінуў. А два чалавекі з BMW пацярпелі і былі дастаўленыя ў бальніцу.
Слушная заўвага наконт таго, што п’яны кіроўца — гэта апрыёры небяспека. Так, але ж пераслед у горадзе наўрад ці мінімізуе рызыку. Наадварот! Падчас пагоні абодва бакі знаходзяцца ў няпростым эмацыйным стане. Верагоднасць памылкі павялічваецца ў некалькі разоў. А для кіроўцы, якога пераследуюць, падчас пагоні як бы здымаюцца ўсе ўмоўнасці ў выглядзе ПДР, калі ён ужо вырашыў не спыняцца.
Ахвярай стаў супрацоўнік ДАІ
Часам здараецца так, што ахвярамі аўтааварыяў, якія здараюцца падчас пагоні, становяцца самі супрацоўнікі ДАІ. Такі выпадак быў зафіксаваны ў 2018-м годзе ў Гомелі.
Двое інспектараў ДПС патрулявалі на службовых матацыклах. Яны заўважылі байк маркі Honda без рэгістрацыйнага нумару і пачалі пераслед. Кіроўца не спыніўся, а толькі паскорыўся.
Падчас пагоні адзін з супрацоўнікаў ДАІ сутыкнуўся з Nissan. Аўтамабіль рухаўся ў тым жа напрамку і выконваў разварот. Пасля ўдару службовы матацыкл загарэўся. Інспектара шпіталізавалі, але ён памёр у рэанімацыі.
Матацыкліста на Honda у хуткім часе знайшлі. Па факце здарэння была распачата крымінальная справа.
Зразумела, што гэта прафесійная рызыка для супрацоўніка ДАІ, але пытанне тое ж: ці варта было спыняць парушальніка ПДР такой цаной?
Дзяржаўная газета размесціла тэндар на куплю аўто. Выглядае так, што заяўка напісана пад канкрэтны красовер
Мінчук пакатаў сябра на самакаце, той упаў і памёр. Цяпер самакатчыку пагражае да трох год калоніі
У брусельскім метро мужчына свядома штурхнуў жанчыну пад колы цягніка. Выратавала рэакцыя машыніста





