Ілюстрацыйны здымак. Фота: depositphoto.com
Жыхары Гомеля сведчаць, што на станцыі ў Навабеліцкім раёне штодзень ідзе разгрузка вайсковай тэхнікі, якая прыбывае з Расіі.
«Вайскоўцы «акупавалі» Зябраўку — былы ваенны гарадок у Гомельскім раёне. Начамі яны там паляць вогнішчы. Жыхары Гомеля на выходных часта ладзілі гонкі на аўтамабілях на былым вайсковым аэрадроме ў Зябраўцы. У нядзелю прыехалі туды на аўто — а людзей не пусцілі. Аэрадром ачэплены вайскоўцамі, гарадок застаўлены вайсковай тэхнікай. Нічога не тлумачылі»,
— паведамілі сведкі.
Жыхароў Гомеля здзівіла ажыўленне ў былых піянерскіх лагерах, якія цяпер закінутыя.
«Там вечарамі і начамі ўсё свеціцца цяпер — там атабарыліся вайскоўцы, паляць вогнішчы»,
— заўважылі крыніцы.
Таксама Свабодзе паведамілі пра ўзмацненне пільнасці з боку беларускіх памежнікаў на мяжы з Расіяй.
«Раней памежнікі правяралі толькі тых, хто прыязджаў на цягніку ў Краўцоўку Добрушскага раёна. Цяпер памежнікаў значна больш, і яны правяраюць усіх агулам, нават тых, хто мае ў Краўцоўцы ці побач лецішча, прыязджае туды на сваім аўто на гомельскіх нумарах. Нават багажнікі правяраюць. Можа, яны не хочуць, каб у тым рэгіёне былі «непажаданыя» людзі, якія «нешта ўбачаць» — напрыклад, вялікую прысутнасьць вайскоўцаў?»
— падзяліліся інфармацыяй жыхары Гомельскай вобласьці.
Як паведамляе расійскае Міністэрства абароны, вайсковая тэхніка на вучэнні ў Беларусь была накіраваная ў тым ліку з Далёкага Усходу. «Міністэрства абароны Расіі перакіне два дывізіёны сістэмаў супрацьпаветранай абароны С-400 «Трыумф» з Далёкага Усходу ў Беларусь. Яны выправіліся з Хабараўскага краю па чыгунцы», — паведаміла 21 студзеня расійскае ведамства.
Чытайце таксама:
Conflict Intelligence Team: Шмат расійскай тэхнікі каля Рэчыцы. Тут няма палігонаў, але блізка да мяжы з Украінай
Калоны тэхнікі ў Слуцку і Калодзішчах: рыхтуюцца наступаць на Украіну? Аналізуем фота і відэа з вайскоўцамі
Лебядок: Беларусь усё больш штурхаюць у рэгіянальную варонку эскалацыі са стандартным выхадам — праз вайну





