З 1-га лютага бюджэт пражытковага мінімуму складзе 329,35 рубля, было — 321,22 рубля. Для працоўных БПМ цяпер будзе складаць 329,35 рубля, для пенсіянераў — 224,1 рубля, дзяцей да трох год — 187,04, дзяцей ад 3 да 6 год — 259,47 і для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 год — 317,33 рубля. 

У сувязі з ростам БПМ пераразлічаць сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні, даплаты пенсіянерам, старэйшым за 75 год. 

Так, даплата для люзей, старэйшых за 80 год складзе 65,72 рубля, ва ўзросце ад 75 да 80 год — 49,29. 

Павелічэнне БМП адлюструецца і на дзіцячай дапамозе. Так, выплата пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 2965,5 рубля (раней — 2880,1), другога і наступных дзяцей — 4 151,7 (раней — 4 032,14).

У сувязі з павелічэннем сярэднямесячнага заробку (ён пераразлічваецца двойчы на год — 1 лютага і 1 жніўня) вырасце дапамога па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да 3 год — прыкладна на 8,8%. Дапамога на першае дзіця складзе 539,56 рубля (гэта 35% ад сярэдняга заробку па краіне за квартал, павялічылі амаль на 44 рублі), на другога і наступных — 566,56 рубля (40%, павялічылі на 50 рублёў), на дзіця с інваліднасцю — 637,72 (45% ад сярэдняга заробку, павялічылі на 56 рублёў).

Новы памер БМП будзе дзейнічаць да канца красавіка 2022-га. 

Павялічацца падаткі для іпэшнікаў

Сёлета ў Падатковы кодэкс унеслі змены. За студзень індывідуальныя прадпрымальнікі плацілі падатак яшчэ па старых стаўках, а з 1-га лютага адзіны падатак яны будуць плаціць ужо па новых.

Гэта тычыцца іпэшнікаў, якія трапілі пад абмежаванні, памер выплаты для іх павялічваецца ў тры разы. Да падатковых змен яны працавалі па спрошчанай сістэме і плацілі 5% падатку. Цяпер давядзецца пераходзіць на агульную сістэму з падаткам у 16%.

Вырасце камуналка

1-га студзеня паднялі тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, таму з лютага пачнём плаціць ужо па новых стаўках.

Так, сума ў жыроўцы для тыпавой двухпакаёкі, дзе жывуць тры чалавекі, павялічыцца прыкладна на 11 рублёў.

Харчаванне дзяцей у школах стане даражэйшым

Урад скарэктаваў нормы па харчаванні дзяцей у садках і школах. Цяпер харчаванне дзяцей ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў каштуе 2,96 рубля за дзень (было 2,75), 3-7 год — 3,85 (было 3,51), для малодшых школьнікаў — 2,52 (было 2,19), для дзяцей старэйшай школы — 2,94 (было 2,44). За месяц выходзіць прыкладна 60 рублёў на адно дзіця.

Павялічацца экспартныя мыты на нафту

Урад павышае стаўкі экспартнай мыты на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяць за межы Еўразійскага эканамічнага саюза:

  • на сырую нафту, мазут, бітум нафтавы, вазелін і парафін, адпрацаваныя нафтапрадукты — да $43,8 за тону (раней — $38,7);
  • на прамагонны бензін да $24 за тону (раней $21,2);
  • на таварныя бензіны, дызельнае паліва, лёгкія, сярэднія дыстыляты, бензол, талуол, кіслолы, масла змазачнае — да $13,1 за тону (раней — $11,6).

Павысяць цэны на цыгарэты

Гродзенская тытунёвая фабрыка з 1 лютага павысіць цэны на 10 капеек, у тым ліку на NZ Safari — да 1,8 рубля, Queen Charm, Queen Elegance, Queen Menthol — да 1,6 рубля, portal ONE — да 1,5 рубля, NZ Safari Pride — да 2,45 рубля.

Кампаніі «Тытунь-інвест», «Беларусьгандаль» і «Інтэр Табака» не анансавалі павышэння цэнаў з 1 лютага.

Колькі грошай атрымлівае бюджэт ад шкодных звычак беларусаў?

«У нас у горадзе няма такога попыту, каб плаціць такія падаткі». Іпэшнікі разважаюць, як працаваць у новых умовах

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0