Фота: cri.it

Фота: cri.it

У Сангара і Канар трое дзяцей — 12-гадовы Харыяд, 9-гадовы Таман і Таня, якой яшчэ не споўнілася і года. Сям'я жыла ў горадзе Сулейманія на ўсходзе Ірака, адкуль і прыляцела ў Беларусь.

Па адной з версій, Таман тры гады таму трапіў у аўтакатастрофу; яго не змаглі своечасова праапераваць і таму ампутавалі ногі.

У той жа час у адным з інтэрв'ю мама хлопчыка казала, што пасля нараджэння ў дзіцяці дыягнаставалі захворванне ног.

— Мы вельмі стараліся трапіць на лячэнне за мяжой, але нам не дазволілі пакінуць краіну. Нам прыйшло запрашэнне на лячэнне ў Нямеччыну, але мы не маглі з'ехаць з Курдыстана, — расказвала маці дзіцяці. Бацька адзначаў, што сям'я некалькі разоў падавалася на атрыманне шэнгенскіх віз, але атрымлівала адмовы.

Са слоў Сангара, яны прадалі ўсё, што ў іх было, каб паспрабаваць перабрацца ў Еўропу. Галоўная прычына такога імкнення — атрыманне дзецьмі неабходнай медыцынскай дапамогі.

На беларуска-польскай мяжы яны спачатку жылі ў імправізаваных лагерах, што былі разбітыя ў лесе. Аб сям'і пісалі польскія журналісты, а крыху пазней — дзяржаўныя СМІ Беларусі, кажучы пра «жорсткасць і нялюдскасць» Еўрасаюза.

У нейкі момант у Тамана зламаліся пратэзы. Як паведамлялі беларускія дзяржаўныя СМІ, бацька звярнуўся па дапамогу да мясцовых дактароў. У лагер бежанцаў прыязджала спецыяльная брыгада разам з дырэктарам Гродзенскага філіяла Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўляльнага цэнтра Валерыем Віткоўскім.

 Таман на беларуска-польскай мяжы. Фота: wyborcza.pl

 Таман на беларуска-польскай мяжы. Фота: wyborcza.pl

У выніку пратэз адрамантавалі. Але гэта было часовае рашэнне: дзецям трэба мяняць іх прыкладна раз у год. Таман сваімі карыстаўся да таго моманту ўжо восем месяцаў.

Пра тое, каб памяняць пратэзы ў Беларусі, спецыялісты нічога не казалі. Ва ўсякім разе ў сюжэтах пра гэта нічога не было.

Потым цікавасць да курдскай сям'і знікла. Але іх гісторыя не скончылася. Спачатку яны былі ў лясным лагеры, потым перасяліліся ў лагістычны цэнтр «Брузгі». Крыху пазней іх вывезлі ў Мінск, каб вярнуць у Ірак, але сям'я наважылася застацца ў беларускай сталіцы, дзе правяла больш за месяц.

Фота: Wyborcza.pl

Фота: Wyborcza.pl

— Гэта былі жудасныя дні — распавядаў Сангар. — Мы былі з тысячамі іншых людзей у лесе на мяжы з Польшчай, калі тэмпература дасягала -18 градусаў. Еўропа, пра якую так марылі, была ўсяго ў некалькіх метрах, але мяжа ахоўвалася, таму дабрацца да яе было немагчыма.

Польскія грамадскія арганізацыі і актывісты звярталіся да мясцовага ўрада і лідараў іншых еўрапейскіх дзяржаў з просьбай адкрыць гуманітарны калідор не толькі для сям'і Тамана, але і для іншых: старых, дзяцей і жанчын, якія на той момант знаходзіліся каля беларуска-польскай мяжы.

Сам Таман і ягоны сябар запісалі відэа, дзе звярталіся да футбаліста Крышціяну Раналду. Дзеці распавядалі пра жаданні Тамана: «дапамога нагам» і «хацеў бы цябе ўбачыць», «паехаць у Еўропу».

Фота: cri.it

Фота: cri.it

У выніку гісторыяй сям'і зацікавіліся ў Італіі. У сітуацыю ўмяшаўся мясцовы ўрад, а таксама італьянскі Чырвоны Крыж.

У сярэдзіне студзеня гэтага года за курдскай сям'ёй у Мінск вылецелі дактары-добраахвотнікі італьянскага Чырвонага Крыжа. На руках у іх былі ўсе неабходныя дакументы для легальнага перасячэння мяжы.

Фота: cri.it

Фота: cri.it

Сям'я паляцела з Мінска 15 студзеня. Цяпер знаходзіцца ў Балоньі, дзе спецыялісты артапедычнага інстытута Рыцалі будуць займацца здароўем Тамана і спецыяльна для хлопчыка зробяць новыя сучасныя пратэзы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0