У плане падрыхтоўкі законапраектаў рэспубліканскімі органамі на гэты год пазначана, што да верасня павінен быць гатовы праект закона «Аб Усебеларускім народным сходзе». Адказным за яго падрыхтоўку прызначаны Мінюст, а кантраляваць працэс будзе Галоўнае ўпраўленне па справах дзяржаўных органаў.
Пры гэтым яшчэ няма ўпэўненасці, што гэты законапраект спатрэбіцца. Да рэферэндуму па новай Канстытуцыі застаецца больш двух тыдняў, ён пройдзе 27 лютага. А вынікам галасавання можа быць прыняцце новага дакумента або захаванне старой версіі Асноўнага закона. Па выніках рэферэндуму рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго аддалі галасы больш за палову грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Фармальна не выключаны і варыянт, што рэферэндум будзе прызнаны несапраўдным — калі ў галасаванні возьме ўдзел менш за палову выбаршчыкаў, унесеных у спісы.
Раней старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка заяўляў, што праца над падрыхтоўкай законапраекта аб ВНС ужо ідзе.
«Усім дэпутатам трэба падключацца да гэтага працэсу, уносіць прапановы ў Пастаянную камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце па гэтым законапраекце», — казаў ён на пасяджэнні савета Палаты прадстаўнікоў.