Наш клас. Фота 2006 года. Клас вучыўся з 1998 па 2009 год, але не ўсе давучваліся да апошняга года

Наш клас. Фота 2006 года. Клас вучыўся з 1998 па 2009 год, але не ўсе давучваліся да апошняга года

Гэта клас мінскай беларускамоўнай гімназіі №4. Тут ёсць і зоркі алімпіяд, і залатыя медалісты. Яны скончылі школу ў 2009 годзе. Як склаліся лёсы тых, хто з'ехаў? Запісалі некалькі гісторый.

«Да інтэрв'ю ў Google рыхтаваўся месяц літаральна кожны вечар»

Мікалай:

«З'ехаў з Беларусі ў 2018 годзе разам са сваёй жонкай. Як толькі мы з ёй пазнаёміліся, яна адразу сказала, што хоча ў Германію. Яна доктар, а доктарам у Беларусі вельмі цяжка працаваць. У Германіі можна пацвердзіць дыплом. Рашэнне пераехаць з Беларусі было не цяжкім, бо мне была вядома палітычная сітуацыя яшчэ да 2020 года.

Яшчэ ў школе я займаўся алімпіядамі па фізіцы, пасля перайшоў у фізічны клас у Ліцэі БДУ, паступіў у БДУІР таму што ён таксама мае дачыненне да фізікі і матэматыкі. Ва ўніверсітэце пачаў працаваць па спецыяльнасці праграміста. З 2018 года паспеў пажыць у трох гарадах Германіі (Карлсруэ на 300 тысяч чалавек, Мюнхен, а цяпер жыву ў маленькім горадзе на 30 тысяч чалавек). Жонка год назад пацвердзіла дыплом і працуе доктаркай тут жа. Гадуем коціка і сабачку.

Зараз я працую ў Google, у камандзе менеджара пароляў на пазіцыі распрацоўшчыка. Менеджар пароляў збірае, захоўвае і запаўняе паролі, а таксама паведамляе карыстальніку, калі пароль слабы, перавыкарыстоўваецца або быў выкрадзены.

Мне дапамагло трапіць у Google тры фактары. Першы — досвед. Яго я пачаў збіраць яшчэ з першай працы з 2011 года, у 2014-м стаў на поўную стаўку працаваць.

Другім фактарам была ўдача. Вельмі шмат людзей спрабуюць прайсці ў Google, таму выдзеліцца цяжка, і, хутчэй за ўсё, калі проста падацца на адну з вакансій, то адказу не дачакаешся, калі, канечне, ты не скончыў топавага амерыканскага ўнівера. На мяне рэкруцёры Google выйшлі праз LinkedIn, дзе я быў ужо даўно зарэгістраваны (магчыма, я дадаў нейкія ключавыя словы, па якіх яны шукалі кандыдатаў).

Ну і трэці фактар — падрыхтоўка. Першы раз мяне запрасілі на інтэрв'ю ў 2014 годзе. Тады я адчуваў сябе крутым праграмістам і вырашыў, што падрыхтоўка мне не патрэбна. Відавочна, тое інтэрв'ю я праваліў.

Другі раз мяне запрасілі на інтэрв'ю ў 2019 годзе. Тут я папрасіў месяц на падрыхтоўку і літаральна кожны вечар рыхтаваўся. На гэты раз я інтэрв'ю прайшоў.

З вясёлага ў школьныя гады ўспамінаецца наша настаўніца гісторыі, якая б з лёгкасцю магла пайсці ў стэндап з яе крылатымі фразамі «Рыба гніе з галавы, а клас — са старасты», «Трэба фарбаваць не валасы, а розум». Таксама з усмешкай успамінаю ўрокі фізкультуры. Напрыклад, калі нас вучылі гуляць у хакей, то не было канькоў і шайбы і прыходзілася бегаць па лёдзе і ганяць тэнісны мяч.

Удзячны школе за сяброў, з якімі да гэтай пары падтрымліваем кантакт».

«Адкрыла ў Ізраілі свой бізнэс у сферы прыгажосці»

Ганна:

«Я працавала ў некалькіх кампаніях пасля школы і падчас вучобы ў БДУ (спецыяльнасць была менеджар-эканаміст). Пачынала з сакратара гендырэктара ў «Аптэка Груп», апошняя пасада перад пераездам была ў рэкламным агенцтве TDI — менеджар па праектах.

У лістападзе 2014 года я з’ехала ў Ізраіль, каб паступіць у магістратуру і адвучыцца на магістра бізнэс-навук. Пражыла там сем гадоў. Адкрыла свой бізнэс у сферы прыгажосці.

Пяць месяцаў таму яго закрыла і пераехала з мужам у Амерыку, бо там ён атрымаў працу. Чакаю дазволу на працу і праходжу сумоўе ў амбасаду Ізраіля ў ЗША на некалькі адміністрацыйных пасад. Паралельна наладжваю свой бізнэс па прафесіі баер (выкуп і адпраўка брэндаў).

Наш клас быў вельмі моцным. Амаль усе алімпіяды праходзілі з удзелам нашых аднакласнікаў, усе былі выбітныя і з добрых сем’яў. Бацькі заўсёды збіраліся і абмяркоўвалі, як яшчэ можна палепшыць для нас школьныя гады, арганізоўвалі паездкі, паходы.

Чаму я вырашыла не вяртацца? Пакуль вучылася ва ўніверсітэце, сустрэла будучага мужа. Але ўжо пасля двух год за мяжой вяртацца не хацелася зусім. Я прылятала кожныя тры-чатыры месяцы да мамы і сяброў. Ужо тады бачыла розніцу ў менталітэце і сацыяльна-эканамічных пытаннях жыцця ў Беларусі ў параўнанні з Ізраілем».

«Ствараю паліто, інспіраваныя 1930—50-мі гадамі»

Паліна:

«Для мяне было важна працягваць навучанне на беларускай мове, таму пасля восьмага класа гімназіі я паступіла ў ліцэй імя Якуба Коласа. Менавіта з ліцэем у мяне звязаны самыя цёплыя і цудоўныя ўспаміны.

У ліцэі вучылася вельмі мала людзей на адным курсе (у нас было ўсяго восем чалавек). І ўсе курсы адно аднаго ведалі. Мы таксама ездзілі за мяжу на выязныя сесіі ў Польшчу ці Літву, там жылі разам. Гэта дазваляе табе трымаць кантакт не толькі з тымі людзьмі, якія з табой вучацца ў адной групе, а знаходзіць новых сяброў.

Зусім іншае стаўленне да настаўнікаў, бо пасля таго, як ты з імі жывеш у адным інтэрнаце, бачыш, што гэта абсалютна нармальныя людзі, і больш нефармальныя адносіны з імі пачынаюцца. Гэта спрыяе навучальнаму працэсу, бо ў цябе ёсць вялікі давер да таго чалавека, які табе выкладае матэматыку альбо фізіку.

Мы ладзілі канцэрты, зрабілі тэатр унутры ліцэя і падрыхтавалі пастаноўку, якая называлася «Народны альбом». Нават ставілі гэты спектакль у Польшчы некалькі разоў. Гэта было класнай прыгодай, якую я ніколі б не ажыццявіла ў звычайнай школе, дзе тысяча навучэнцаў і ты ведаеш толькі клас, з якім непасрэдна займаешся.

Я з’ехала з Беларусі ў 2010 годзе. Гэта было планаваным рашэннем, бо ў мяне быў шанец паступіць на праграму Каліноўскага і я ім скарысталася. Бацькі ў размове мне казалі: «Ты заўсёды можаш вярнуцца і паступіць у беларускую навучальную ўстанову, але калі ў цябе ёсць шанец паехаць за мяжу і паглядзець, як выглядае жыццё ў іншай краіне, то гэта варта зрабіць». Асабліва ўлічваючы тое, што я змагла атрымаць стыпендыю.

Я паралельна паступіла ў Ягелонскі ўніверсітэт і Акадэмію мастацтваў. Мы з бацькамі падумалі, што ў Ягелонскім універсітэце адукацыя будзе на больш высокім узроўні.

Правучылася на мастацтвазнаўцу. На жаль, падчас універсітэта зразумела, што гэта не зусім мой кірунак, і вырашыла частку сваёй стыпендыі інвеставаць у навучанне шыццю. Купіла сабе танную машынку, тканіны… І праз некалькі месяцаў пачаліся першыя замовы. Такім чынам я вырашыла, што мне трэба змяніць маю спецыялізацыю з мастацтвазнаўцы на краўца.

Я ўжо амаль дзевяць гадоў прафесійна займаюся шыццём на замову. Працую ў вельмі вузкім напрамку — ствараю паліто, інспіраваныя 1930—50-мі гадамі. Людзі да мяне прыходзяць па канкрэтны стыль.

Я вельмі люблю сваю працу і рада, што ўдалася знайсці альтэрнатыву.

Апошні раз у Беларусі я была месяц таму. А дагэтуль быў вялікі перапынак праз пандэмію. Я прыязджала ў 2020 годзе спецыяльна на выбары, каб прагаласаваць. Правяла тады ў Беларусі два месяцы. Мне было важна паглядзець, як змяняецца гісторыя, і вельмі хацелася быць удзельнікам, усё гэта бачыць на ўласныя вочы.

Тады быў такі настрой узнёслы, у людзей было шмат веры ў светлую будучыню. Калі я прыехала цяпер на навагоднія святы адведаць блізкіх, у мяне склалася адчуванне, што гэтая ўзнёсласць крыху змянілася адчаем. Быць можа, людзі спадзяваліся, што змены наступяць хутчэй. У мяне самой пазітыўны настрой — мне здаецца, што змены непазбежныя, гэта проста пытанне часу».

«Напішы паперку, што будзеш супрацоўнічаць, а мы закрыем тваё пытанне з арміяй»

Сева:

«Калі гэта фота была зроблена, я тады ўлез у «Малады фронт» і з тых часоў шчыльна ў палітычным варушняку кручуся. Мяне ў тым ліку таму не ўзялі ў 11 клас. Сказалі, што нават няма сэнсу пісаць заяву на імя дырэктара аб пераводзе.

Гэта беларускамоўная гімназія, там у прынцыпе нашы людзі былі. У БРСМ асабліва ніхто ўступаць не хацеў. Некаторыя насілі значкі «За свабоду». Нас за іх ганялі, але мы былі ўпартыя.

Пасля 10 класаў я паступіў у каледж сувязі (цяпер ён называецца Беларускай дзяржаўнай акадэміяй сувязі). Там вучыўся з пераменным поспехам. Два гады на дзённым, потым мяне адлічылі, бо я быў занадта заняты падрыхтоўкай рэвалюцыі (усміхаецца). Пасля на завочным тры гады, адкуль мяне таксама адлічылі. Потым я зноў аднавіўся. І апошні раз мяне адлічылі, калі заставалася адна ці дзве сесіі да дыплома. Тады я ўжо працаваў у АГП, і зусім з вучобай не атрымлівалася.

Пасля мяне хацелі адправіць у армію. Я прыходзіў у ваенкамат, мяне там чакаў кадэбэшнік. І казаў: «Давай ты напішаш паперку, што будзеш супрацоўнічаць з органамі дзяржбяспекі, а мы закрыем тваё пытанне з арміяй». Я кажу: «Я і так па здароўі непрыгодны, таму мне ваша прапанова не надта цікава».

Праходжу медкамісію, і тут здараецца проста цуда-вылячэнне. І зноў кадэбэшнік: «Ну што, разумееш схему працы?» Кажу: «Калі мяне прызавяце, буду з вамі судзіцца да страты пульсу». Пакуль апратэстоўваеш рашэнне камісіі, ты ж у армію не ідзеш.

Праз пару дзён мне ў паштовую скрыню падае апавяшчэнне, што ваенны камісар забараніў мне выезд за мяжу. Я схадзіў да адваката, той сказаў, што на маім месцы не выпрабоўваў бы лёсу. Я прыехаў дадому, сабраў сумку і праз Расію выехаў. Гэта было ў 2015 годзе. Як дабраўся да Кіева, адразу папрасіў палітычнага прытулку. Праз паўтара года атрымаў статус уцекача.

У Кіеве ўладкаваўся фронт-энд-распрацоўшчыкам. Я на яго не вучыўся (у каледжы ў мяне была спецыяльнасць «лінейна-кабельныя збудаванні сувязі»), мне проста заўсёды гэта цікава было, сам нейкія сайты кляпаў яшчэ ў школе. І калі ў Кіеў прыехаў, вырашыў, што гэта самы просты спосаб грошай зарабіць.

Знайшоў вакансію адразу. З тых часоў фронт-энд-распрацоўшчыкам у розных месцах і працую».

«Удзельнічаў у міжнароднай алімпіядзе ў Мексіцы — гэта стала маёй першай паездкай у далёкае замежжа»

Максім:

«Я вучыўся ў гімназіі толькі першыя 10 класаў, а пасля з групай сяброў паступіў у Ліцэй БДУ. Яшчэ з гімназічных часоў актыўна ўдзельнічаў у алімпіядах па фізіцы.

У выпускным класе стаў першым на рэспубліканскай алімпіядзе і паўдзельнічаў у міжнароднай у Мексіцы ў горадзе Мерыда — там атрымаў срэбны медаль, а паездка ў Мексіку стала маёй першай паездкай у далёкае замежжа і пакінула шмат уражанняў.

Потым паступіў на фізічны факультэт БДУ, які з адзнакай скончыў у 2014-м. І з таго года працягнуў сваё навучанне і працу ў Пецярбурзе. Я і зараз тут жыву. Паступіў у аспірантуру, а ўжо ў 25 гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю — гэта даволі хутка. Зараз працую старэйшым навуковым супрацоўнікам ва ўніверсітэце ІТМО. Дарэчы, менавіта тут навучаецца беларускі камп’ютарны геній Генадзь Караткевіч.

У мяне ёсць свая невялікая навуковая група, а з 2022-га я ўзначальваю лабараторыю, у мяне ўжо абараніўся першы аспірант.

Ёсць такі тэрмін — мэтаматэрыялы. Гэта штучныя структуры з незвычайнымі электрамагнітнымі ўласцівасцямі. Калі мы ў казках чытаем пра шапку-невідзімку, мы думаем, што гэта цалкам немагчыма, але фізіка такія рэчы дазваляе.

Можна зрабіць маскіроўку пры дапамозе спецыяльных асяроддзяў. Гэты кірунак мы і даследуем, супрацоўнічаем і з замежнымі навукоўцамі. За гэты час я шмат дзе пабываў у камандзіроўках, у тым ліку ў Аўстраліі, ЗША і Паўдневай Карэі. Таксама я выкладаю ва ўніверсітэце. 

Чаму я пераехаў у Пецярбург? Вядома, што фінансаваць фундаментальныя даследаванні, вялікія праекты, могуць сабе дазволіць не ўсе дзяржавы. Калі я ішоў на фізфак, у мяне была ідэалістычная мара застацца ў Беларусі і адначасова рабіць вялікую навуку. Праз некалькі год я зразумеў, што прыйдзецца выбіраць штосьці адно. І я зрабіў свой выбар».

«Адвучылася на медсястру, працую ў Варшаве»

Настасся:

«Я з’ехала з Беларусі восем год таму, у 2014-м. Нейкай адной канкрэтнай прычыны не было, хутчэй сукупнасць прычын. У той час былі папулярныя карты паляка, у мяне была магчымасць такую зрабіць, і на той момант мой малады чалавек (цяпер ужо муж) прапанаваў з’ехаць.

Пасля школы я адвучылася на медсястру і два гады па размеркаванні працавала ў паліклініцы ў Мінску. Праца, напэўна, у большай ступені паўплывала на рашэнне не заставацца тут. Вучылася таксама на біяфаку БДУ, але ў сувязі з ад’ездам не скончыла вучобу. Цяпер працую ў Варшаве ў стаматалогіі.

Пра школу ў мяне толькі добрыя ўспаміны, як мне падаецца, наш клас быў вельмі дружны, і асаблівых канфліктаў не здаралася. З многімі падтрымліваю адносіны дагэтуль. Я рада, што вучылася менавіта там у той перыяд часу!

Вясёлыя гісторыі… Не ведаю, ці вясёлая гэта (цяпер мне за яе вельмі сорамна), але неяк я паспрачалася з аднакласнікам, што ён можа з’есці таракана. Спрачаліся на грошы, у выніку я страціла некаторую суму».

«Сілавікі здзівіліся майму заробку: нешта мала для айцішніка»

Андрэй:

«Я працаваў у многіх месцах. Спачатку гэта былі прафесіі без адукацыі, прадавец, напрыклад. Пасля я вырашыў паступіць ва ўніверсітэт на спецыяльнасць «эканоміка кіравання». Давучыўся ў 2017-м, але вырашыў, што хачу быць праграмістам, і пачаў вучыцца ў гэтай сферы, на курсах і самастойна. Першым месцам працы была беларуская кантора, падначаленая Міністэрству прамысловасці. Пасля ўладкаваўся ў іншую кампанію. 

Актыўна сачыў за ўсімі навінамі, выбарамі, удзельнічаў, бо нармальны чалавек не можа проста сядзець і глядзець на гэта. Мяне тады не затрымлівалі. А ў чэрвені дадому прыехала восем здаровых мужыкоў, проста з ложка мяне дасталі. «Усё, будзеш адказваць за свае словы». А я пакідаў каментары ў розных групах. Забралі тэлефон, ноўтбук.

Павезлі мяне ў ГУБАЗіК, мы там патусілі крыху, пазапісвалі відэа, які я злачынца. І заробак прасілі назваць, так. Але тады ён быў вельмі нізкі. Яны здзівіліся: нешта мала для айцішніка. А я толькі ўладкаваўся, у мяне выпрабавальны тэрмін быў, штосьці каля 400 даляраў атрымліваў.

Я адсядзеў 13 сутак нібыта за непадпарадкаванне. Адвакат пасля сказаў, што лепш з’ехаць, бо гучаў крымінальны артыкул за распальванне варожасці. Я на ўсякі выпадак з’ехаў ва Украіну, праз два дні пасля адседкі.

Пазней мой бацька ездзіў забіраў ноўтбук, яго распытвалі, дзе я. А потым прыйшла папера, што справа закрыта. 

Ва Украіне я атрымаў дазвол на жыхарства, і працую праграмістам на беларускую кампанію дыстанцыйна. Мне дапамагло, што праца была, менш заганяўся.

Не ведаю, ці вяртацца. Магчыма, гэта ўсё яшчэ небяспечна».

***

Вы спытаеце, як склаліся лёсы тых, хто застаўся ў Беларусі. Па-рознаму. Некалькі чалавек сталі айцішнікамі — гэта быў клас з фізіка-матэматычным ухілам, таму не дзіва, што тут многім добра даюцца дакладныя навукі. Сярод выпускнікоў — менеджар буйной кампаніі, памочнік адваката, рэжысёр, настаўніцы, бізнэсоўца, шматдзетная мама, якая прысвяціла сябе сям’і. Гэта гісторыі і натхняльнага поспеху, і звычайнай будзёнага жыцця. На радзіме.

Чытайце яшчэ:

«Я б быў добрым ідэолагам, але нядоўга». Шчырая гутарка з блогерам Андрэем Павуком

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?