Дзяніс Якубовіч чытае паперу, атрыманую ў адказ на ягоную скаргу. Скрын з відэа.

Дзяніс Якубовіч чытае паперу, атрыманую ў адказ на ягоную скаргу. Скрын з відэа.

Раней у МУС паведамілі, што за напад на супрацоўнікаў міліцыі былі затрыманыя бацька і сын: мужчына ўчыніў страляніну, калі міліцыянты прыехалі затрымліваць яго сына, які нібыта знаходзіцца ў вышуку. Сваякі затрыманых расказалі пра сям'ю Якубовічаў і пра тое, што здарылася ў двары дома ў Чырвонай Слабадзе 3 лютага. 

Паводле інфармацыі блізкіх сваякоў сям'і, Дзяніса раней затрымлівалі, потым ён ляжаў у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску, пазней яго і зусім адпусцілі. Але справа не звязана з яго фірмай і прадпрымальніцкай дзейнасцю.

«Наколькі нам вядома, раней праводзілася праверка па артыкуле 317 КК Беларусі — нібыта, Дзяніс ездзіў без правоў і яго некалькі разоў на працягу года спынялі. Але дакладна сказаць, што там было, мы не можам. Побач не знаходзіліся. Але ведаем, што не было складзена ніводнага пратакола.

Месяцы з два таму яго затрымалі на 72 гадзіны — з 10 па 13 снежня, ён знаходзіўся ў ІЧУ. Потым 15 дзён - у «Навінках». Дзяніса ў выніку адпусцілі. Ніякіх папер яму не было дадзена з нагоды яго затрымання. Ён пісаў звароты з патрабаваннем, каб яму выдалі дакументы, якія будуць аформленыя належным чынам аб тым, што праводзілася судова-псіхіятрычная экспертыза ў дачыненні да яго, а таксама ў міліцыю, каб там таксама выдалі дакумент аб тым, што ён знаходзіўся ці не знаходзіўся трое сутак у ІЧУ.

Пасля таго, як яго адпусцілі, Дзянісу сказалі прыйсці ў міліцыю. Ён быў згодны, але толькі пасля таго, калі прыйдзе позва. Таксама ён пісаў лісты ў розныя інстанцыі: у МУС, Генеральную пракуратуру і ў Адміністрацыю прэзідэнта са скаргамі на дзеянні супрацоўніка Мінскага РАСК.

Дзяніс вельмі ўпарты і хацеў справядлівасці. На відэа ён чытае адзін з адказаў, што ягоную заяву разгледзяць», — кажуць сваякі.

Яны адзначаюць: да 3 лютага сям'я ні ад каго не хавалася, «вяла зусім адкрыты лад жыцця».

«Яны спакойна жылі, ездзілі на машыне па цэнтральных дарогах, пакідалі яе на стаянках і паркоўках. А пра тое, што Дзяніс знаходзіцца ў вышуку, ніхто не ведаў. Так, у вышук яго падалі, калі ён пасля інцыдэнту ў двары з'ехаў адтуль. Затрымалі яго на наступны дзень», — кажуць сваякі.

Па іх словах, усё адбылося ўвечары 3 лютага. Дзяніс, ягоны бацька, а таксама іншыя члены сям'і знаходзіліся на кухні, калі пачулі нейкія гукі з боку ўваходу.

«Дзверы былі зачыненыя. Першай дзіўныя гукі пачула 9-гадовая дачка, яна пайшла паглядзець, што адбываецца, а ў гэты момант у дом уварваліся людзі. Яна прыбегла назад, моцна крычала. Ніхто ніякіх дакументаў ім не паказваў. Унутры пачалася бойка, потым усе выбеглі на двор. На відэа відаць, што і Дзяніс, і Уладзімір знаходзяцца ў шокавым стане. Яны просяць паказаць дакументы і спачатку не разумеюць, што адбываецца. Усе, вядома, моцна спалохаліся. Дзяніса яшчэ дома, як нам вядома, людзі, якія прыехалі, пачалі збіваць», — распавядаюць блізкія сям'і.

У міліцыі заявілі, што мужчыну, гэта значыць бацьку Дзяніса, раззброілі, але ва Уладзіміра, і гэта таксама відаць на кадрах відэа, стрэльбу ніхто не забіраў. Цяпер і бацька, і сын, знаходзяцца ў СІЗА. Распачатая крымінальная справа па артыкуле 364 КК Беларусі «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Раней у МУС паведамлялі, што 38-гадовы мужчына, які знаходзіцца ў рэспубліканскім вышуку як абвінавачаны па крымінальнай справе, прыехаў у Чырвоную Слабаду наведаць бацьку. Аператыўнікі даведаліся пра гэта і вырашылі яго затрымаць. Калі міліцыянты прыехалі, 65-гадовы бацька мужчыны выйшаў на іх з карабінам «Сайга», ударыў аднаго прыкладам і тры разы стрэліў. Міліцыянты яго абяззброілі.

Чытайце таксама:

«Выскачыў бацька, зрабіў тры стрэлы». Міліцыянер з рэзанаснага відэа ў Чырвонай Слабадзе расказаў «Нашай Ніве» сваю версію падзей

«Я цябе грохну, не верыш?» З'явілася ВІДЭА канфлікту з сілавікамі на Салігоршчыне, дзе бацька са стрэльбай абараняў сына

Пад Салігорскам двое мужчын аказалі ўзброены супраціў міліцыянтам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0