У нядзелю самалёт кампаніі SkyUp, што ляцеў з Партугаліі ў Кіеў, здзейсніў пасадку ў Кішынёве. Фота Depositphoto.com
«Урад выдзеліць 16,6 млрд грыўняў (0,52 млрд еўра), каб гарантаваць бесперабойнасць палётаў у паветранай прасторы Украіны», — паведаміў у нядзелю прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.
Ён заявіў, што ў нядзелю на пазачарговым пасяджэнні прынялі змены да выкарыстання сродкаў Рэзервовага фонду дзяржаўнага бюджэту. Таксама грошы выдзелілі для гарантавання бяспекі палётаў ва Украіне для страхавых і лізінгавых кампаній.
«Гэта рашэнне дазволіць стабілізаваць сітуацыю на рынку пасажырскіх авіяперавозак і гарантаваць вяртанне ва Украіну нашых грамадзян, якія цяпер знаходзяцца за мяжой», — дадаў Шмыгаль.
Раней паведамлялася, што з-за пагрозы ўварвання Расіі ва Украіну з 14 лютага страхавыя кампаніі маглі спыніць страхаванне палётаў над Украінай, што магло прывесці да адмены большасці рэйсаў.
Кіеў настойваў на тым, што закрыць авіяцыйную прастору можа толькі сама Украіна, аднак з-за праблем са страхаваннем рэйсы маглі адмяніць самі авіякампаніі.





