«Ведаю цвёрдыя намеры бацькі, які заўсёды ідзе да апошняга і будзе прытрымлівацца слоў»

У аўторак, бліжэй да вечара, стала вядома, што Уладзімір Мацкевіч адчувае сябе дрэнна. З пачатку галадоўкі ён страціў 7 кілаграмаў. Ад кансультацыі з турэмным псіхолагам адмовіўся, бо лічыць, што «ад яе не залежыць выкананне яго патрабаванняў». Таксама ён напісаў заяву на імя начальніка СІЗА аб зацверджанні завяшчання.

«На працягу 11 дзён Следчы камітэт не рэагаваў на патрабаванні, нават з улікам галадоўкі, — заўважыла Надзея Лучанок, дачка Уладзіміра Мацкевіча. — Не былі дапушчаныя пастар і незалежны лекар.

У нас засталося мала часу на дзеянні. Мы ўпэўненыя, што ўсе патрабаванні законныя, рэальныя і выканальныя. У адваротным выпадку следства, суд і праваахоўная сістэма незваротна дыскрэдытуюць сябе, паказваючы бяздзейнасць».

Як яна падкрэслівае, былі прынятыя неабходныя крокі і фармальнасці. У прыватнасці, больш за дзесяць чалавек напісалі хадайніцтвы аб паручальніцтве. А петыцыя сабрала звыш пяці тысяч подпісаў.

Дачка філосафа ўскладае адказнасць за жыццё, умовы ўтрымання бацькі і ўсё тое, што адбываецца з ім цяпер і будзе адбывацца ў будучыні, на кіраўніцтва СІЗА, якое, па яе меркаванні, знаходзіцца ў закладніках у бяздзейных паводзінаў следства і пракуратуры.

«Для мяне вельмі важна, каб ён быў жывы, здаровы, поўны сіл і энергіі, — сказала Надзея Лучанок. — Але прасіць завяршыць галадоўку я б яго не стала, бо разумею, як яму гэта цяжка чуць. Я ведаю, што ён быў бы рады пачуць, што мы падтрымліваем, паважаем і прымаем яго рашэнне. Але паўплываць на яго рашэнне… Я занадта люблю і паважаю яго, каб гэтага не рабіць».

«Грамадзянская супольнасць існуе, таму што яна мяне аднойчы выратавала»

Філосаф знаходзіцца за кратамі ўжо больш за паўгода. Яго вінавацяць у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).

Як паведаміў сёння палітолаг Андрэй Ягораў, ёсць ускосныя сведчанні, што ў дачыненні да Уладзіміра Мацкевіча можа быць распачатая яшчэ адна крымінальная справа ў сувязі з дзейнасцю або стварэннем экстрэмісцкай арганізацыі, дзе, магчыма, фігуруе «Сход».

Ён расказаў: «Адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму мы мала што ведаем аб ходзе следства. За гэты час праводзіліся адзінкавыя следчыя дзеянні, і яны былі фармальныя. Канкрэтныя эпізоды не прад'яўляліся. За паўгода амаль нічога не адбылося».

На думку Андрэя Ягорава, адбываецца неапраўданае зацягванне следства, што вымушае Уладзіміра Мацкевіча настойваць на выкананні мінімальных стандартаў справядлівасці.

«У будні лекары і працаўнікі СІЗА прыходзяць штодня і настойліва прапануюць спыніць галадоўку і сцвярджаюць, што «памерці яму ніхто не дасць». Але ў выхадныя лекараў няма, і таму мы настойваем на незалежным медыцынскім кантролі», — звярнуў увагу палітолаг.

Блізкія філосафа не выключаюць, што да яго можа быць ужытае гвалтоўнае кармленне, напрыклад, у выглядзе кропельніц: «Гэта супярэчыць волі і рашэнню самога Мацкевіча. Калі гэта можа пачацца? У найбліжэйшыя дні, калі ён можа страціць прытомнасць. У гэтых умовах мы хацелі б мець магчымасць штодзённага кантролю з боку лекара».

Андрэй Ягораў таксама згадаў, што ў 2006 годзе Уладзімір Мацкевіч удзельнічаў у галадоўцы. Тады вернікі адстойвалі будынак царквы «Новае жыццё», і гэта ім удалося. «Я ведаю, што грамадзянская супольнасць існуе, таму што яна мяне выратавала», — напісаў тады філосаф.

Медык: Прыпыненне натуральнага працэсу пагражае катастрафічнымі наступствамі

У якасці эксперта, які патлумачыў, што адбываецца з арганізмам падчас галадоўкі, выступіў кіраўнік асацыяцыі дыетолагаў Украіны Алег Швец.

Ён адразу ж звярнуў увагу на тое, што гэта небяспечны стан для чалавека, і галадоўка павінна быць скончаная як мага хутчэй.

«З ежы і вады чалавек атрымлівае асноўныя будаўнічыя элементы для сваіх клетак, — нагадаў медык. — Тады кроў нармальнай гушчыні і можа транспартаваць кісларод і важныя рэчывы ва ўсе органы, тканкі і клеткі арганізма. Дзякуючы ежы і вадзе, чалавек атрымлівае энергію. Нават калі ён проста ляжыць, то арганізм патрабуе больш за 1000 кілакалорый у дзень, бо ёсць асноўны абмен».

Прыпыненне натуральнага працэсу пагражае катастрафічнымі наступствамі.

«Калі чалавек спыняе есці, арганізм бярэ энергію з «дэпо» — клетак печані, тлушчавай тканкі, — працягвае Алег Швец. — У выніку ўтвараюцца пэўныя рэчывы, уключаючы ацэтон. А калі чалавек яшчэ і не п'е, то ацэтон назапашваецца, дрэнна выводзіцца з нырак і развіваецца інтаксікацыя. Акрамя таго, у такім стане назіраецца нізкі ўзровень глюкозы, нізкі ціск. Гэта можа суправаджацца стратай прытомнасці. Такі стан ўплывае на функцыю стрававальнай сістэмы. Страўнікавы сок і сок падстраўнікавай залозы працягваюць выпрацоўвацца, агрэсіўна ўздзейнічаюць на слізістыя абалонкі. Развіваецца боль. Чалавек дрэнна спіць. З улікам знясіленага маральнага і фізічнага стану гэта пагаршаецца».

Па словах дыетолага, аднаўленне харчавання можа суправаджацца ўскладненнямі і патрабуе медыцынскай дапамогі.

«Галадоўка палітвязня ў турме мае шанец на поспех, калі рэжым хоць бы трошкі заклапочаны сваёй рэпутацыяй». Уладзімір Мацкевіч галадае 10-ы дзень

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0