Фота: Кацярына Сычкова / URA.RU / ТАСС

Фота: Кацярына Сычкова / URA.RU / ТАСС

З сярэдзіны лютага ў «Камітэт салдацкіх маці» пачалі звяртацца бацькі салдат, якія праходзяць тэрміновую службу ў вайсковых часцях у розных месцах Расіі. Усе яны паведамлялі адно і тое ж: іх сыноў альбо прымусілі тэрмінова падпісаць кантракт, альбо накіравалі на тэрыторыі вайсковых часцей, размешчаных ля мяжы з Украінай.

Дырэктар «Камітэта салдацкіх маці» Вольга Ларкіна расказала «Медузе», што большасць салдат тэрміновай службы ў апошні тыдзень перакідвалі ў вайсковыя часці на тэрыторыі Белгарадскай вобласці. Большасць бацькоў ці не ведаюць канкрэтны нумар вайсковай часці, куды адвезлі іх сыноў, ці не называюць, бо баяцца нашкодзіць свайму дзіцяці.

Марыя, маці салдата тэрміновай службы, які служыць сёмы месяц, расказала «Медузе», што апошні раз ён тэлефанаваў ёй два дні таму, 22 лютага. Тады яго перакінулі ў вайсковую часць за сто кіламетраў ад Харкава (але на тэрыторыі Расіі).

Яшчэ на пачатку лютага яго і іншых салдат тэрміновай службы адпраўлялі ў Луганск, у «ЛНР», а потым перавялі назад у Расію — у Курск. Ужо адтуль — гэта апошняе, што пра свайго сына чула Марыя — яго перавялі бліжэй да Харкава.

Сын казаў, што нічога нельга гаварыць, усё праслухоўваецца і тэлефоны адбіраюць. Пра свой стан ён казаў «усё добра», але што такое «ўсё добра», калі нельга нічога казаць? І як на вайне можа быць усё добра? Я плачу, не ем, сяджу, тупа тэлевізар гляджу. Я не разумею, як салдат тэрміновай службы можна было адправіць на вайну? Я не магу больш чакаць, мне вельмі дрэнна. — патлумачыла Марыя. — У нас ёсць групы, дзе сядзяць адныя маці сыноў, якія служаць. І яшчэ на тым тыдні адна мама напісала: «Навошта салдат тэрміновай службы адпраўляюць?» На наступны дзень яе сын быў пакараны камандзірам! Гэта як? Яны залезлі ў групу і паглядзелі? Усё шыта-крыта, нельга, кажа.

Вайскоўцаў тэрміновай службы не забаронена перамяшчаць з адной вайсковай часці ў іншую, але іх не маюць права адпраўляць на баявыя дзеянні.

«Прыцягненне вайскоўцаў [па прызыву] да вучэнняў і іншых мерапрыемстваў, якія праводзяцца Міністэрствам абароны на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, цалкам законнае», — кажа юрыст Камітэта салдацкіх маці Расіі Аляксандр Латынін.

Пры гэтым салдаты тэрміновай службы, якія знаходзяцца на службе менш за чатыры месяцы, працягвае юрыст, могуць праходзіць службу на тэрыторыі іншых дзяржаў, але іх удзел у якіх-небудзь баявых дзеяннях забаронены ўказам прэзідэнта Расіі.

Пра гэта ведала і сям'я іншага салдата тэрміновай службы, Уладзіслава. Таму, калі малады чалавек патэлефанаваў сям'і са словамі, што яго і таварышаў па службе папярэдзілі аб будучых вучэннях паблізу Варонежа, ніхто з родных не здзівіўся.

«Тое, што іх вазілі, не выбівалася рэзка з таго, што было да гэтага ў іншых на службе. Папярэднія, тыя, хто служыў, казалі, што ездзілі ў Варонеж праводзіць вучэнні, таму мы не хваляваліся, думалі, гэта запланаваная паездка і нармальна», — расказала «Медузе» Паліна, сястра Уладзіслава.

Апошні тыдзень Уладзіслаў быў у дарозе. Яго з саслужыўцамі прывезлі ў Варонеж, папярэдзіўшы, што яны тут толькі на адзін дзень. Куды іх адвязуць далей — не казалі. На наступны дзень салдат адправілі ў бок Белгарада.

Апошні раз Уладзіслаў тэлефанаваў сям'і два дні таму.

«Ён патэлефанаваў і папярэдзіў, што там, куды іх адпраўляюць, дрэнна з сувяззю. Сувязь у іх не забароненая. Але ўчора ён не патэлефанаваў. Мы спісалі на дрэнную сувязь. А цяпер усё стала зразумела», — сказала «Медузе» Паліна, сястра Уладзіслава.

Расійская вайсковая тэхніка ў Растоўскай вобласці, 24 лютага 2022 года. Фота: Юрый Качаткоў / EPA / Scanpix / LETA

«Ён казаў, што яны павінны будуць заключыць кантракты, каб разарваць іх праз два месяцы»

Паліна ўспамінае, што яе брат апошні месяц працаваў у канцылярыі і займаўся складаннем кантрактаў, але асабліва пра гэта не распаўсюджваўся:

«Магчыма, нельга было распавядаць, можа, гэта здагадка, але ён казаў, што яны павінны будуць заключыць кантракты, каб разарваць іх праз два месяцы. Апошнім часам ён дрэнна спаў па начах, таму што яны рабілі гэтыя кантракты. Перад ад'ездам у Белгарад яго паднялі ў дзве гадзіны ночы, каб ён заняўся кантрактамі».

Паліна расказвае, што брат ёй не адказаў, ці заключыў ён кантракт сам.

«Магчыма, заключыў. Ён не стаў бы спрачацца, калі б яму сказалі, што гэта трэба зрабіць. Хоць ён служыць менш за тры месяцы», — кажа Паліна.

Па законе, калі салдат тэрміновай службы гатовы пайсці ваяваць па кантракце, то ён можа падпісаць яго праз чатыры месяцы пасля пачатку тэрміновай службы па сваім жаданні. Аднак на практыцы кантракты заключаліся пад ціскам, сцвярджаюць родныя салдат.

«Маці распавядаюць, што ім тэлефануюць сыны са словамі, што іх прымушаюць падпісваць кантракты. Мы лічым, што нельга прымусіць салдата тэрміновай службы стаць кантрактнікам. Але якім чынам іх там прымушаюць? Мы не ведаем. Тым, каму ўдалося з бацькоў датэлефанавацца, распавядалі, што ў сыноў проста забралі ваенныя білеты, паставілі штампікі і ўсё — яны цяпер кантрактнікі», — расказала «Медузе» дырэктарка «Камітэта салдацкіх маці» Вольга Ларкіна.

Па словах юрыста Аляксандра Латыніна, перавод вайскоўца па прызыве на кантракт — доўгі працэс, які суправаджаецца зборам вялікай колькасці дакументаў. 

«Гэтая працэдура складае не менш за месяц, а іншы раз доўжыцца і тры-чатыры. Для некаторых вайскоўцаў — нават паўгода», — кажа Латынін.

А заявы маці салдат тэрміновай службы аб тым, што іх сыноў пад ціскам прымушаюць пераходзіць на кантрактную службу, ён каментуе коратка:

«Калі вельмі хочацца і вельмі трэба, тады некаторыя, у тым ліку службовыя асобы, ідуць на парушэнні закона».

Яшчэ раз — хто можа ўдзельнічаць у баявых дзеяннях?

Расійская бранятэхніка на чыгуначнай станцыі ў Растоўскай вобласці, 23 лютага 2022 года. Фота: EPA / Scanpix / LETA

Расійская бранятэхніка на чыгуначнай станцыі ў Растоўскай вобласці, 23 лютага 2022 года. Фота: EPA / Scanpix / LETA

Сына Алены (імя змененае па просьбе гераіні) тыдзень таму спешна перавезлі з вайсковай базы ў падмаскоўным Нара-Фамінску на іншую базу за 25 кіламетраў ад мяжы з Украінай у бок Белгарада:

«Пыталіся па жаданні, я сказала «Сынок, не едзь», а ён кажа « Усе з'едуць. Я што, адзін буду тут пляц падмятаць?»

Учора сын тэлефанаваў мне двойчы з чужых тэлефонаў. Ён распавёў, што ў яго і іншых салдат забралі тэлефоны і ваенныя білеты, а ў вайсковую часць прывезлі «новую партыю дзяцей». Ён даў свой паўэрбэнк двум з іх, а яны наўзамен далі яму патэлефанаваць са сваіх тэлефонаў.

Ён сказаў «нас шмат». Я яму сказала: «Толькі нічога не падпісвай», але ён і не хацеў. Яго ўгаворвалі яшчэ тут. Яны там усіх хлопчыкаў ўгаворвалі падпісваць кантракт, я яго ўмольвала не падпісваць, — расказвае «Медузе» Алена. — Я яму толькі паспела сказаць, што калі вам ваеннікі аддадуць, паглядзі, ці не паставілі вам пячатку [аб праходжанні службы па кантракце], а калі паставілі — знайдзі магчымасць і прышлі эсэмэску».

«Камітэт салдацкіх маці» звяртаўся з пытаннямі, ці прымушаюць салдат тэрміновай службы падпісваць кантракты і ці адпраўляюць іх у вайсковыя часці на мяжы з Украінай, у вайсковую пракуратуру, Мінабароны і кіраўніцтва Заходняй вайсковай акругі — менавіта ў ёй знаходзіцца большасць часцей, з якіх салдат тэрміновай службы адпраўляюць ва Украіну. Але канкрэтнага адказу ніхто не даў.

У Мінабароны адказалі, што распараджэнняў аб пераводзе салдат тэрміновай службы на мяжу з Украінай ім не давалі.

«Кажуць, трэба тэлефанаваць камандзіру вайсковай часці, дзе адбываецца такая сітуацыя, і што ўся адказнасць за асабісты склад ляжыць на камандзіры часці, а датэлефанавацца камандзіру часткі немагчыма», — патлумачыла «Медузе» Ларкіна.

У Міністэрстве абароны таксама не адказалі на пытанні «Медузы» пра сітуацыю з салдатамі тэрміновай службы. Сваякам тых салдат, з якімі гаварыла «Медуза» і якія звярталіся ў тыя самыя органы, таксама не далі канкрэтных адказаў. Адзінае, што прапануюць родным салдат, каб даведацца пра лёс сваіх дзяцей і сваякоў — пісаць афіцыйныя звароты.

«У мяне паніка, дзе маё дзіця? Я тэлефанавала па ўсіх тэлефонах, з якіх ён калі-небудзь набіраў, ва ўсіх выключаныя. Дзіця сказала, што тэлефоны забралі нават у капітанаў, — падкрэсліла Алена ў размове з «Медузай». — Я кепска сябе адчуваю, мне трэба, каб не было там дзяцей, каб дзеці былі на месцах, куды іх прызывалі, а не ў гэтым пекле. У нас куча радні з боку Украіны. У мяне там пляменнікі, у мяне там усе. Як гэта будзе выглядаць? Мы з сястрой усю раніцу плачам: яна адтуль, я адсюль».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0