Спачатку пра адзінкавыя выпадкі смерці сталі гаварыць губернатары. Журналісты The Moscow Times ранкам 2 сакавіка знайшлі 29 імёнаў загінулых на рэгіянальных сайтах.

Рамзан Кадыраў, глава Чачні, адным з першых сярод старшыняў рэгіёнаў, прызнаў страты землякоў — двое загінулых.

Ролік з пахавання Абдулбека Тарамава і Тамірлана Ісаева апублікаваў ГТРК «Вайнах».

«Наш кіраўнік [Рамзан Кадыраў] ведае пра гэта, ён папрасіў ад сябе перадаць спачуванні. Ад фонду, названага ў гонар Ахмата-Хаджы (мёртвыя ўжо мёртвыя, хоць для жывых, якія засталіся, будзе дапамога), перадаў вам адзін мільён рублёў і адну карову. Няхай Алах прыме гэтую міласціну. Хай гэтая міласціна стане прычынай таго, што Алах дапаможа тым хлопцам, якія яшчэ знаходзяцца ва Украіне», — сказаў выступоўца на адным з пахаванняў, яго словы перадаў «Каўказскі вузел». 

Аб гібелі землякоў паведамлялі і кіраўнікі іншых рэгіёнаў. Так, кіраўнік Дагестана паведаміў, што падчас спецаперацыі ва Украіне загінуў ураджэнец Кулінскага раёна, афіцэр Нурмагамед Гаджымагамедаў. 28 лютага кіраўнік Калмыкіі апублікаваў звесткі аб гібелі сяржанта Канстанціна Манджыева.

1 сакавіка пра гібель землякоў у баявых дзеяннях ва Украіне паведамілі таксама губернатары Астраханскай вобласці, Краснадарскага краю, Кабардзіна-Балкарыі, Інгушэціі.

У сеціве можна знайсці відэа з пахаванняў.

У Караноўскім раёне на Кубані 2 сакавіка развіталіся з двума роднымі братамі, якія загінулі ва Украіне ‒ Васілём і Аляксандрам Мурэнькіх.

Васілю было 39 гадоў, а Аляксандру — 30. Яны загінулі ў першы ж дзень вайны 24 лютага.

У абодвух братоў засталіся дзеці і жонкі.

Маці ў адзін момант страціла абодвух сыноў.

22 лютага ў Аляксандра нарадзілася дачка Паліна, ён яе так і не пабачыў.

У іх роднай школе стварылі куток памяці, назваўшы яго «Парта герояў».

«Яны са зброяй у руках абаранілі мірнае неба над нашай галавой»

Пра гібель жыхара Краснадарскага краю, капітана арміі Аляксандра Лысенкі паведаміў губернатар Кубані Веніямін Кандрацьеў.

Лысенка — камандзір разведроты.

Ён быў адзіным сынам у маці.

«У родных, якія цяжка перажываюць страту, не было сілаў камунікаваць з журналістамі», — кажа журналістка ў сюжэце.

Тое, што кажуць тыя, у каго сілы былі, уражвае. Пакуль увесь свет не разумее, што робяць ва Украіне расійскія войскі і за што яны там гінуць, тыя, хто выступаў на пахаваннях, гэта разумеюць, і, як яны кажуць, «разумеюць цудоўна».

«Мы усе цудоўна разумеем, што адбылося б, калі б наш галоўнакамандуючы, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, не папярэдзіў гэтую нашу пагрозу», — кажа на пахаванні адзінага сына ў маці, 32-гадовага Аляксандра Лысенкі, Герой Расіі Яўген Шэндрык.

«Яны са зброяй у руках абаранілі мірнае неба над нашай галавой», — такая рыторыка шмат у якіх сюжэтах з пахаванняў.

«Справа, якой ён аддаў жыццё, жыве», — распавядае журналіст.

«Усе плачуць — і мужчыны, і жанчыны. Гэта нашы дзеці. Яны абараняюць Радзіму», — кажа праз слёзы нейкая суседка Аляксандра.

«Саша загінуў не проста, — упэўнены настаўнік Аляксандра, Валер Косаў. — Ён загінуў за ўсіх нас. Таму шта мы цудоўна разумеем, навошта ўсё гэта адбываецца на Украіне. Каб амерыканцы не размясцілі там свае ракеты, не нацэлілі на нас».

Александр Лысенка таксама загінуў у першы ж дзень вайны.

У яго засталіся жонка і дзве маленькія дачкі. «Яны будуць ганарыцца бацькам», — упэўненая журналістка Наталля Ястрабава з «Кубань-24».

2 сакавіка ў Татарстане развіталіся з 31-гадовым Ільнурам Сібгатуліным. Сяржант-кантрактнік загінуў ва Украіне 26 лютага падчас, як пішуць журналісты, «правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі».

Ільнур Сібгатулін — з сям'і вайскоўца.

У мінулым годзе ажаніўся. Дзяцей у яго не было.

Сюжэт з пахавання журналісты ТНВ назвалі «Выканаў свой абавязак».

У Чалябінску ў закрытай труне пахавалі загінулага расійскага танкіста

Канстанцін Глушкоў загінуў 24 лютага падчас «спецаперацыі» ва Украіне. У Канстанціна засталіся жонка і трое дзяцей.

На развітанне з ім прыйшлі каля 400 чалавек. Яго пахавалі з вайсковым салютам, але без аркестра.

Пахаванку даслалі па Ватсапе

А вось маці ўраджэнца сяла Азёрнае (Саратаўская вобласць) Максіма Ханыгіна не можа яго пахаваць. Бо яго цела не аддаюць.

Максім быў салдатам тэрміновай службы.

Хоць Мінабароны Расіі сцвярждала, што ва Украіну паехалі толькі афіцэры рэгулярнай арміі і кантрактнікі.

Максім загінуў таксама ў першы дзень вайны, 24 лютага, не дажыўшы суткі да свайго 22-годдзя.

«Сказалі, што цела не выдадуць, пакуль усё не скончыцца, каб не паднімаць паніку. Кажуць: думаеце, адзін ваш там?

А дзе «там», ваенкамат сам не ведае, нават пракуратура не можа знайсці канцоў. Непрабіўная сцяна. І ніякіх звестак, дзе менавіта, пры якіх абставінах загінуў», — распавяла маці Максіма, Людміла «Новай газеце».

Пахаронку ёй даслалі па Ватсапе. «Ваенкамат кажа, што прыхапкам нам скінулі пахаванку. Цяпер начальства іх за гэта граміць. Гэта нам пашанцавала (хоць якое ўжо тут шанцаванне), што ўсё адбылося ў першыя суткі, яны не апамяталіся і адправілі нам паперку», — распавядае бабуля Максіма Наталля.

Максім 23 лютага патэлефанаваў маці, расказаў, што яго частку прывезлі на вучэнні за два кіламетры ад украінскай мяжы, спалі ў машынах.

«Ён сказаў: «У нас адбіраюць тэлефоны, калі змагу, набяру», — успамінае маці. — Я думала, што ён патэлефануе ў свой дзень нараджэння, 25 лютага. Каля 14:00 патэлефанаваў ваенкам. Сказаў: «Ваш сын загінуў пры баявых дзеяннях 24-га». Пахаванку прыслаў па Ватсапе. Больш ніхто нічога не тлумачыць».

У Людмілы яшчэ адзін сын — прызыўнік, наступным годам — у армію. Яна кажа, што з віламі пойдзе, але сына не аддасць.

Магілу Максіму ўжо выкапалі. Але калі будзе пахаванне — ніхто не ведае.

«Ні развітацца не можам, ні пахаваць, ні на магіле паплакаць!» — крычыць маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0