Бежанка на ўкраінска-малдаўскай мяжы. Фота: АР.

Бежанка на ўкраінска-малдаўскай мяжы. Фота: АР.

Уцекачы расказваюць гісторыі пра галодных і нетрэніраваных расійскіх салдат, якія страляюць у бяззбройных людзей, узломы ў магазінах і рэйды па хатах у пошуках ежы і каштоўных рэчаў, бо самі акупанты маюць вялікія праблемы з пастаўкамі, піша Wall Street Journal.

64-гадовая Валянціна Ходас з вёскі Мірнае некалькі дзён хавалася ў склепе з дачкой і ўнукам, пакуль расійскія салдаты абшуквалі дом за домам. Жанчына расказвае пра гэта так: «Яны проста нахабна заходзяць, без аніякага сораму, і бяруць усё, што жадаюць».

Валянціна кажа, што два яе суседа, якія вадзілі машыну з украінскім сцягам, былі на мінулым тыдні застрэленыя расійскім патрулём. Іх целы ніхто не прыбраў.

Тым часам Масква сцвярджае, што яна не планіруе акупіраваць Украіну — хутчэй, Крэмль жадае яе «вызваліць». Расійскі рэжым кажа, нібыта ён наносіць удары толькі па ваенных цэлях, а любыя ахвяры сярод мірных людзей — віна так званых нацыяналістаў і экстрэмістаў.

Жанчына выбірае сабе адзенне ў цэнтры для бежанцаў, Запарожжа. Фота: Wall Street Journal.

Жанчына выбірае сабе адзенне ў цэнтры для бежанцаў, Запарожжа. Фота: Wall Street Journal.

У спробах заняць Кіеў і Харкаў Расія пакуль сутыкаецца з жорсткім супраціўленнем украінцаў. Але за першы тыдзень вайны акупанты здолелі захапіць некалькі рэгіёнаў на поўдні краіны, у тым ліку часткі Запарожскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей. Апошняя зараз цалкам знаходзіцца пад кантролем Расіі.

Гэта дазволіла стварыць сухапутны калідор паміж Расіяй і Крымам, які Масква анексіравала яшчэ ў 2014 годзе. Ёсць прыкметы, што Крэмль збіраецца доўга імі кіраваць.

Будучыня акупіраваных земляў

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба папярэджваў, што ў Херсонская вобласці акупанты рыхтуюць рэферэндум аб аддзяленні яе ад Украіны і абвяшчэнні так званай «народнай рэспублікі». Аналагічным чынам Расія ў свой час адарвала ад Украіны Крым і часткі Данецкай і Луганскай абласцей.

У акупіраваным Мелітопалі Расія прызначыла новага мэра — Галіну Данільчанка, былую дэпутатку Мелітопальскай гарадской рады. Былы мэр горада, Іван Фёдараў, быў выкрадзены.

У рэгіёнах, занятых рускімі, праходзяць праўкраінскія дэманстрацыі. Тыдзень таму тысячы людзей прайшлі па цэнтру Херсона, і разам з імі быў вялікі ўкраінскі сцяг. Вялікі мітынг прайшоў і ў Мелітопалі на наступны дзень пасля знікнення мэра. Бліжэй да канца мітынгу да мелітопальскіх дэманстрантаў пад’ехала чорная машына. Нехта кінуў дымавую шашку, з машыны выскачылі людзі ў чорным і проста з мітынгу скралі 54-гадовую Вольгу Гайсумаву, вядомую гарадскую актывістку.

На наступны дзень прыкладна тысяча мелітопальцаў сабралася пад сценамі штаб-кватэры расійскіх войскаў, каб спытаць, дзе іх мэр і дзе зараз Гайсумава. Рускія салдаты адштурхнулі тых з мелітопальцаў, хто спрабаваў падысці бліжэй да будынка. Як сведчыць Кулеба, у той жа дзень акупанты скралі і мэра горада Днепраруднае каля Мелітопаля.

Праўкраінскі мітынг у акупіраваным Херсоне. Фота: pravda.com.ua.

Праўкраінскі мітынг у акупіраваным Херсоне. Фота: pravda.com.ua.

Украінскія ўлады кажуць, што ўсе палітыкі і дзяржслужбоўцы, якія будуць супрацоўнічаць з акупантамі, будуць абвінавачаныя ў здрадзе і жорстка пакараныя. Але ж для Масквы вельмі важна, каб украінскія службоўцы пераходзілі на яе бок, бо так акупацыйны рэжым атрымае легітымнасць.

Гісторыі з захопленай Украіны

Дэманстранты з Мелітопаля кажуць пра тое, што акупантаў здзіўляе, наколькі мясцовыя жыхары ім не рады. 40-гадовая Таццяна Кумок, дызайнерка вясельных сукенак, апісвае гэта так: «Яны не могуць паверыць, што людзі выходзяць пратэставаць не за грошы і што мы не маем адзінага лідара».

Шмат хто з жыхароў акупіраваных рэгіёнаў вераць у хуткае вяртанне ўкраінскай арміі. Валянціна Ходус з Мірнага распавядае пра гутаркі з расійскімі салдатамі, якія пыталіся ў вяскоўцаў, ці цэняць яны тое, што рускія прыйшлі іх «вызваляць». Жыхары Мірнага адказвалі акупантам, што ім не трэба было «дапамагаць».

Цэнтр для бежанцаў у Запарожжы. Фота: Wall Street Journal.

Цэнтр для бежанцаў у Запарожжы. Фота: Wall Street Journal.

Іншы бежанец, Аляксандр Сітнікаў, каля двух тыдняў хаваўся ў склепе з тры малымі дзецьмі без доступу да водазабеспячэння і электрычнасці. Ён расказвае пра паводзіны акупантаў: «Калі рускія заходзяць у вёскі, яны марадзёрствуюць усімі магчымымі спосабамі, грабяць і расстрэльваюць людзей. Там вельмі цяжка».

Дар’я Прыступа, былая афіцыянтка, была вымушаная перасячы лінію фронту разам з двухгадовай дачкой Сафіяй. Яна кажа, што ў яе горадзе Малачанску, акупіраваным рускімі, ёсць вялікія праблемы з ежай, там няма ні солі, ні цукру, ні лекаў. На расійскім КПП, што на шляху ў Запарожжа, салдаты даюць украінцам праехаць толькі пасля таго, як атрымаюць ад іх ежу ці цыгарэты. Адмовіцца нельга — рускія настаўляюць на цябе зброю.

Прыехаў ваяваць са 100 далярамі ў кішэні, марыў пра кватэру на Дняпры. Гісторыя беларускага добраахвотніка, які загінуў ва Украіне

«Завялі нас у душ і залілі газам, білі». Як адбывалі «суткі» затрыманыя на антываенных акцыях

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0