Заначку не чапайце, але да стаматолага схадзіце

На жаль, зацягванне паясоў — неабходнасць для ўсіх, а не толькі для бізнэсаў і прадпрыемстваў. Эксперт упэўнены: усім трэба рыхтавацца да скарачэння даходаў, зніжэння ўзроўню жыцця і, не выключана, да дэфіцыту нейкіх тавараў.

«Цяпер як ніколі важны ваш рэзервовы фонд, таму да расходавання назапашанага на чорны дзень трэба падысці максімальна абдумана. Калі няма вострай неабходнасці, то траціць заначку цяпер не варта наогул — найгоршыя часы яшчэ не наступілі, — папярэджвае Віталь Рунцо. — Вядома, калі вам тэрмінова спатрэбіліся грошы, напрыклад, на паход да стаматолага або куплю камп'ютара для працы, адкладваць гэтыя пакупкі не трэба. Але набываць новы тэлевізар, таму што мы ведаем, што тэхніка хутка падаражэе, сапраўды не трэба».

Іншая справа, калі вашы накапленні (або іх частка) ляжаць у рублях, якія адназначна будуць абясцэньвацца. Тут, паводле спецыяліста, ёсць сэнс падумаць і, магчыма, здзейсніць нейкія траты, якія вы планавалі, але адкладвалі.

Па-ранейшаму будуць апраўданыя ўкладанні ў адукацыю — сваю і дзяцей, тым больш, што дзякуючы пандэміі, магчымасці ў гэтай сферы шматкроць павялічыліся.

Накапленняў павінна хапаць мінімум на тры месяцы жыцця

Памятаеце адно з самых галоўных фінансавых правіл? Вашых накапленняў павінна хапаць мінімум на тры месяцы жыцця ў выпадку, калі вы застанецеся без працы ці моцна страціце ў даходах. Менавіта таму эксперт раіць ужо цяпер перагледзець структуру сваіх выдаткаў.

«Сітуацыя развіваецца так імкліва, што месяца ці двух на разварушванне ў вас проста няма, — кажа Віталь Рунцо. — Вы павінны дакладна разумець, колькі ў вас сыходзіць на абавязковыя выдаткі (камунальныя плацяжы, транспарт, прадукты, гурткі для дзяцей, рэпетытараў і гэтак далей). Вылучыце тое, ад чаго вы не зможаце адмовіцца, і скараціце ўжо цяпер тое, без чаго можна пражыць (напрыклад, паездка ў адпачынак або паходы ў рэстараны).

Магчыма, сітуацыя будзе складвацца так, што гэтыя грошы вы хутка будзеце траціць на жыццёва неабходныя рэчы».

Вядома, адзначае эксперт, калі вы ўпэўненыя, што вашы фінансы падрыхтаваныя да стрэсавай сітуацыі, то адмаўляць сабе ва ўсім — няправільна.

«Калі ваша сямʼя ўвесь час карыстаецца аўтамабілем або ён патрэбны вам для працы, значыць, яго трэба купляць, калі ёсць магчымасць. Калі вы планавалі адпачынак, і грошы, выдзеленыя на яго, не апошнія, то адпачываць можна і трэба. Няхай нават замест Турцыі вы паедзеце ў беларускі санаторый. Зусім іншая справа — купляць новы iPhone або рабіць дарагі рамонт.

Гэтыя траты апраўданыя толькі ў тым выпадку, калі вы разумееце, што пасля такіх пакупак вашы дзеці будуць, напрыклад, апранацца і харчавацца гэтак жа, як да крызісу».

Не эксперыментуйце з інвестыцыямі

Яшчэ адно пытанне: як цяпер захоўваць заробленыя грошы. Па словах Віталя Рунцо, магчымасці для інвестыцый рэзка абмежаваныя. Па сутнасці, мы вярнуліся ў 90-я, калі ўкладваць заробак можна было толькі ў тавары ці набыццё валюты.

«Разумнасць адкрыцця ўкладаў у надзеі зарабіць выклікае сумневы. Мы ўсе бачым вопыт Расіі: спачатку банкі прапанавалі там уклады на 33 дні ў валюце пад даволі высокія 8% гадавых, а праз некалькі дзён увялі абмежаванні на выдачу дэпазітаў. Думаю, такія ж тэндэнцыі могуць быць і ў нас, таму адкрываць уклады цяпер варта толькі тады, калі вы дакладна ведаеце: гэтыя грошы вам у бліжэйшы час не спатрэбяцца, і вы гатовыя да таго, што яны могуць «завіснуць» у банкаўскай сістэме. Існуе далёка не нулявая рызыка атрымаць замест валюты частку свайго ўкладу ў рублях па курсе ‒ у Расіі цяпер сітуацыя развіваецца менавіта так.

Адназначна не варта спрабаваць эксперыментаваць, не маючы досведу, з такімі інструментамі, як купля каштоўных папер. Напрыклад, выказваліся меркаванні, што калі акцыі расійскіх кампаній цяпер абясцэніліся, то варта разгледзець іх пакупку ў надзеі на рост у далёкай перспектыве.

Ужо цяпер інвестары з вялікім вопытам сутыкнуліся з тым, што не ведаюць, як кіраваць сваімі сродкамі ў расійскіх актывах і колькі яны будуць каштаваць у будучыні, — канстатуе Віталь Рунцо. — Для Расіі мы зʼяўляемся нерэзідэнтамі і трапляем на шэраг істотных абмежаванняў у дачыненні да дзеянняў з расійскімі каштоўнымі паперамі. Так што абывацелям без досведу працы сапраўды не варта чакаць адкрыцця таргоў на фондавым рынку ў Расіі ў надзеі зарабіць лёгка і хутка.

Не трэба разглядаць і такія экзатычныя варыянты ўкладання свабодных рублёў, як, напрыклад, набыццё кітайскага юаня.

У будучыні вам за іх наўрад ці прададуць прадукты ў краме, так што скончыцца ўсё тым, што вы пойдзеце здаваць іх у той жа банк, у якім купілі. Але паколькі банкі ўмела расстаўляюць спрэды на куплю-продаж, то на гэтым вы не заробіце», — перасцерагае эксперт.

Адзначым, што, напрыклад, на момант напісання матэрыялу розніца паміж пакупкай і продажам юаня ў некаторых абменніках дасягала 12 разоў!

Тое ж самае тычыцца фізічнага золата, якое лічыцца сховішчам падчас форс-мажораў. Спецыяліст звяртае ўвагу, што кошт пакупкі цяпер на 10% большы, чым пры продажы. Гэта значыць, з-за спрэдаў вы губляеце ўжо ў момант пакупкі металу. Разглядаць укладанні ў золата можна толькі на вельмі працяглыя тэрміны, а ніяк не на некалькі месяцаў ці год.

Ці трэба хутчэй гасіць крэдыты?

«Калі ваш крэдыт у рублях і пад фіксаваную стаўку, то бегчы і пагашаць яго раней за тэрмін дакладна не трэба, — упэўнены Віталь Рунцо. — Больш за тое, калі вы хочаце ўнесці плацяжы наперад, варта падлічыць, ці ёсць у гэтым эканамічная мэтазгоднасць: пагашаць больш хуткімі тэмпамі варта ў тым выпадку, калі паменшыцца сума, на якую банк налічвае працэнты».

Пры гэтым эксперт раіць людзям, у якіх ёсць крэдыты, мець на іх пагашэнне асобны рэзервовы фонд на выпадак страты працы.

Цяпер рызыка сутыкнуцца з беспрацоўем рэзка вырасла ва ўсіх. І калі ў вас будуць адкладзеныя на пагашэнне крэдыту хоць нейкія грошы, вам будзе лягчэй весці перамовы з банкам, напрыклад, аб выдзяленні крэдытных канікул або рэфінансаванні запазычанасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0