Уладзімір Зяленскі ўручае Івану Фёдараву ордэн «За Мужнасць» ІІІ ступені.

Уладзімір Зяленскі ўручае Івану Фёдараву ордэн «За Мужнасць» ІІІ ступені.

— Як праходзіў гэты абмен? Стала вядома, што вас абмянялі на 9 расійскіх салдат тэрміновай службы. Як гэта адбывалася?

— Праходзіла досыць хвалююча, таму што гэта была другая спроба абмену. Першая спроба абмену была няўдалай, яна праходзіла ў панядзелак, мяне вазілі больш за сем гадзін у машыне, пасля чаго паведамілі пра тое, што абмен не адбудзецца. Вярнулі назад у камеру.

— А чаму, невядома? Чаму сарвалася? 

— Тая фармулёўка, якую сказалі расійскія вайскоўцы, — што мая краіна не хоча мяне забіраць, таму мяне вярнулі назад у камеру. Паверце мне, гэта досыць цяжкое выпрабаванне, калі сем гадзін цябе возяць з мяшком на галаве, не разумеючы, дзе, куды, — тыя асобы, якія цябе возяць, ты ім абсалютна не давяраеш. Яшчэ суткі, паўтара сутак я знаходзіўся ў камеры.

Пасля гэтага была другая спроба абмену, якая таксама была досыць складаная. Складанай яна была яшчэ і таму, што абмен праводзіўся ўжо ў цёмны час сутак, ён быў прызначаны на 17:30, але былі затрымкі, зацяжкі, нестыкоўкі. І па факце абмен адбыўся ўжо ў 18:40, калі было цёмна. Я быў упэўнены, што абмен не адбудзецца і гэтым разам, але, дзякуй богу, абмен адбыўся. І як вы бачылі, мяне абмянялі на дзевяць расійскіх салдат. Але салдатамі гэтых — напэўна, па ўзросце я не магу сказаць «дзяцей» — юнакоў, іх сапраўды нельга назваць, бо хлопцам па 18—19 гадоў. Але гэта тыя людзі, якія прыйшлі забіваць мой народ у маю краіну. І вось так адбыўся другі абмен.

— Іван, што адбывалася з вамі ў палоне? Зяленскі казаў пра тое, што вас катуюць.

— У палоне ўсё было досыць складана, складана эмацыйна, у камеры, у якой мяне ўтрымлівалі.

— Дзе вы знаходзіліся, у якім населеным пункце?

— Я знаходзіўся ў Мелітопалі, у СІЗА горада Мелітопаля. У камеры, калі са мной былі перамовы, калі ад мяне трэба было нешта атрымаць, часам знаходзілася пяць, шэсць, сем вайскоўцаў вакол мяне са зброяй. Яны мяне рукамі не чапалі, але паверце, сем чалавек са зброяй, якія знаходзяцца побач, дастаткова, каб пераканаўча давесці сваю пазіцыю. Альбо ў суседняй камеры кагосьці катавалі — і былі чутныя тыя крыкі, якія дакладна псіхалагічна ціснуць так, што гэта абсалютна дакладна можна супаставіць з ціскам, з катаваннямі і гэтак далей. Таму ўсе гэтыя шэсць дзён былі досыць цяжкія.

— Яшчэ раз хачу ўдакладніць, вас не вывозілі з Мелітопаля? Вось гэтыя ўсе апавяданні, што вас у Луганск адвезлі і гэтак далей… Што гэта было за СІЗА, ІЧУ нейкі?

— Гэта СІЗА гарадскога аддзела паліцыі.

— А вы разумееце, хто там яшчэ сядзіць у гэтых камерах? Гэта тыя, хто сядзеў, калі горад быў пад кантролем украінскіх уладаў?

— Не, гэта СІЗА цалкам пад кантролем расійскіх вайскоўцаў, туды яны прывозяць абсалютна розны кантынгент. Прывозяць мітынгоўцаў на вуліцах і асобна спрабуюць данесці ім пазіцыю, чаму ім не трэба выходзіць на мітынгі. Прывозяць, як ім здаецца, дыверсантаў, якіх проста ў цёмны час сутак затрымалі ў горадзе, якім спрабуюць прывязаць дыверсіі і заціскаюць ім пальцы ў дзверы для таго, каб яны сказалі, з якой яны арміі. Гэта проста жыхары горада. Там знаходзіцца абсалютна розны кантынгент, і такім чынам расіяне спрабуюць паставіць свае парадкі паліцэйскай дзяржавы ў нашым дэмакратычным ўкраінскім Мелітопалі.

— Яшчэ раз удакладню: вас не білі?

— Мяне — не.

— Як думаеце, гэта з-за агалоскі вакол вас?

— Я ўпэўнены, што гэта выключна з-за агалоскі. За гэта я хачу падзякаваць вольнай прэсе, якая аб'ектыўна асвятляла гэтую інфармацыю, палітыкам, якія паднялі дадзенае інфармацыйнае паведамленне на найвышэйшы сусветны ўзровень. Я думаю, што толькі дзякуючы агалосцы і пільнай увазе да гэтага пытання мне ўдалося застацца цэлым.

— Вы кажаце, што яны ад вас у камеры нешта патрабавалі: што пыталіся? Што хацелі ад вас атрымаць?

— Ад мяне хацелі атрымаць заяву аб звальненні, ад мяне хацелі атрымаць нейкія дакументы на прызначэнне нейкіх намеснікаў, на выкананне нейкіх абавязкаў. Але гэтыя людзі абсалютна непісьменныя, не разбіраюцца ва ўкраінскім заканадаўстве — што мэр сваім росчыркам пяра не можа звольніцца з працы, што адстаўку павінны прыняць дэпутаты гарадской рады. Яны не разумеюць, што мэр не можа прызначыць намесніка, за гэта павінны прагаласаваць дэпутаты гарадской рады. Хацелі атрымаць гэта спачатку. Пасля яны хацелі, каб я даў указанні камандзе, каб яна працягнула працаваць пад расійскімі сцягамі і з незразумелым выканаўцам абавязкаў мэра. Пасля яны хацелі, каб я даў указанне камунальным прадпрыемствам працягнуць працаваць. Вось такія былі задачы. Іх задача была адна: каб я сядзеў у СІЗА, а горад жыў сваім жыццём. А так не будзе.

— Вы падпісалі ў выніку што-небудзь?

— Былі падпісаныя шэраг дакументаў, якія не нясуць ніякай юрыдычнай каштоўнасці, але толькі дзякуючы гэтаму і ў тым ліку дзякуючы гэтаму мне ўдалося застацца цэлым у СІЗА.

— Раскажыце, дзе вы зараз знаходзіцеся? Ці ў бяспецы вы цяпер?

— Цяпер я знаходжуся ў Кіеве, сёння ў мяне была сустрэча з прэзідэнтам Зяленскім, пасля гэтага мы абмеркавалі ўсю бягучую сітуацыю, перспектывы развіцця сітуацыі, і ўжо заўтра я буду на тэрыторыі Запарожскай вобласці. Ёсць пэўны план дзеянняў, які я па даручэнні прэзідэнта павінен выконваць.

— А сам абмен дзе адбываўся? У Мелітопалі?

— Не, сам абмен адбываўся ў Васільеўскім раёне, побач з Васільеўкай. Умоўна на лініі размежавання, якую сёння кантралююць Узброеныя сілы Украіны і Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі.

— Галіна Данільчанка, калі я не памыляюся, называе сябе в. а. мэра Мелітопаля. Як вы разумееце яе рашэнне публічна заявіць, што яна будзе працаваць з расійскімі акупацыйнымі ўладамі?

— Маё дакладнае меркаванне, што Галіна Данільчанка падпісала сабе смяротны прысуд. Я ўпэўнены, што ўкраінская дзяржаўнасць вернецца і суверэнітэт Украіны зноў пераможа ў горадзе Мелітопалі, і ёй не ўдасца сысці ад крымінальнага пераследу. А каб ёй сысці ад крымінальнага пераследу, яе пазбавяць жыцця самі расійскія спецслужбы. Яна гэта, я думаю, разумее, але баіцца сёння сумленна ў гэтым прызнацца. Таму я так ацэньваю рашэнне Галіны Віктараўны - гэта самагубства.

— Як шмат сярод дэпутацкага корпуса людзей, якія ўжо падтрымалі Галіну Данільчанка?

— З сарака двух — чатыры.

— Хто гэтыя людзі? Якая гэта партыя?

— Партыя «Апазіцыйны блок», якая кантралюецца Баліцкім Яўгенам Вітальевічам, на сённяшні дзень дэпутатам абласной рады. Гэта чатыры чалавекі, якія падтрымалі Галіну Данільчанка, з 42 дэпутатаў.

— А вы з якой партыі?

— Я беспартыйны.

— А ўвогуле ў горадзе, як вам здаецца, колькі людзей за Расію? І колькі гатовыя перайсці?

— Маё дакладнае меркаванне, што на сённяшні дзень падтрымка Расійскай Федэрацыі ў цэлым ва Украіне мізэрная. Калі ўкраінцы бачаць, якім чынам Расійская Федэрацыя распраўляецца з іх ключавымі гарадамі: з Харкавам, з Валнавахай, з Марыупалем на сённяшні дзень — з кожным днём становіцца ўсё меншай і меншай падтрымка Расійскай Федэрацыі. Калі раней Расійская Федэрацыя дэкларавала так званы «рускі мір», то сёння «мірам» і не пахне. Тая ж сітуацыя ў Мелітопалі. Мелітопальцы не знаходзяцца ў вакууме, мелітопальцы знаходзяцца ў дэмакратычным грамадстве, і яны бачаць усё, што адбываецца. Яны бачаць, з якімі метадамі Расія прыйшла ў Мелітопаль. Таму сёння няма падтрымкі Расійскай Федэрацыі ў горадзе Мелітопалі.

— Іван, я раскажу сваю асабістую гісторыю, я з Прыморска, які па суседстве з вамі. І калі здарыўся Крым у 2014 годзе, мой бацька жыў на Данбасе і казаў, што так, пачалася вайна. Потым у яго выключылі ўкраінскі тэлевізар, уключылі расійскі, і ён казаў, што ўкраінская армія — нацысты, фашысты і гэтак далей. Зараз у Мелітопалі ўжо расійскі тэлевізар. Ці не баіцеся вы, што ў сувязі з гэтым памяняюцца настроі?

— Вядома, тэлевізар ўплывае на настроі. Вядома, прапаганда ўплывае на настрой. Але мы павінны дакладна разумець, што ўкраінскае грамадства за восем гадоў, з 2014 года, памянялася кардынальна, да чаго Расійская Федэрацыя не была гатовая. Яны чакалі, што сёння такія ж настроі, як у 2014 годзе, — і іх будуць гэтак жа, як у Данецку ў 2014 годзе, сустракаць і ў Прыморску, і ў Бярдзянску, і ў Мелітопалі. Але грамадства за сем гадоў памянялася кардынальна, з аднаго боку. З іншага боку, яны выразна бачаць супрацьстаянне грамадства, якога не было ў 2014 годзе: людзі свабодна выходзяць — гэта два. Таму ні за тыдзень, ні за месяц нельга тэлебачаннем будзе прамыць мазгі жыхарам, у тым ліку — жыхарам горада Мелітопаля.

Вядома, зараз яны заблакуюць тэлеканалы, вядома, наступным этапам яны заблакуюць інтэрнэт. Усе метады ўплыву Расійскай Федэрацыі даўным-даўно зразумелыя. Але наша задача: у самыя кароткія тэрміны сіламі Узброеных сілаў Украіны, якія сёння стрымліваюць расійскую агрэсію, сіламі пратэснага настрою жыхароў горада Мелітопаля вярнуць украінскую юрысдыкцыю на тэрыторыю горада Мелітопаля. І зноўку падняць там ўкраінскі сцяг. Таму ці баюся я прапаганды? Вядома, я разумею, што гэта працуе. Наша задача — не даць часу для гэтай прапаганды.

Чытайце таксама:

Мэра Мелітопаля Івана Фёдарава абмянялі на дзевяцярых расійскіх салдат тэрміновай службы

Прэзідэнт Зяленскі пагаварыў з мэрам Мелітопаля, якога ўкраінцы сёння вызвалілі з палону шляхам спецаперацыі

Украіна правяла спецаперацыю па вызваленні мэра Мелітопаля з расійскага палону

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0