«Пагутарыўшы з прадстаўніком гарадской ідэалогіі, накіравала заяўку на правядзенне аўтапрабегу. Сябры, раней не атрымаецца ніяк, мяркуючы па настроях, якія пануюць у гарвыканкаме. Скажу больш: ёсць вялікія сумневы, што і гэты патрыятычны аўтапрабег зарэжуць, спаслаўшыся на якую-небудзь непераадольную прычыну. Дай Бог, каб я памылялася!» — напісала Бондарава ў канале 11 сакавіка.
Аўтапрабег планаваўся на 26 сакавіка, прыняць удзел у ім павінны былі каля 20 аўтамабіляў. Мэта мерапрыемства — «выказаць падтрымку работнікам сілавых структур Беларусі і Расеі ў іх працы па абароне правапарадку».
Адказ за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Андрэя Болтрыка прыйшоў Бондаравай 17 сакавіка. Гродзенскі гарвыканкам падзякаваў Вольгу за «актыўную грамадзянскую пазіцыю і неабыякавае стаўленне да грамадска-палітычных падзей, што адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь». Але не дазволіў правесці аўтапрабег з-за рамонту дарог у горадзе.
У гарвыканкаме Бондаравай прапанавалі далучыцца да святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці.
Падпісчыкі Бондаравай у каментарах вырашылі, што прычынай адмовы з'яўляецца «польскі душок» сярод гродзенскай улады, і разважаюць, ці будзе на іх управа.





