«Ноччу прыляцеў у Кутаісі, там працавала чатыры акенцы пашпартнага кантролю.

Першай да іх прарвалася дзяўчына-беларуска, а яе адправілі некуды назад, забралі пашпарт, перадаўшы яго іншаму супрацоўніку — расказвае чытач «Нашай Нівы», — У маё акенца перада мной стаяў мінскі айцішнік, які пачаў тлумачыць нешта пра перавод кампаніі, але пагранічнік махнуў рукой, недаслухаўшы, забраў пашпарт, сказаў ісці ў бок.

Пасля яго развароту ў акенца пайшоў я. 

Пагранічнік папрасіў прад'явіць пашпарт і ковід-сертыфікат, але як толькі ўбачыў сінюю вокладку, згубіў інтарэс да сертыфіката, спытаў пра мэту візіту і, таксама не даслухаўшы, сказаў, што «вам у той бок». 

Пасля гэтага нас адвялі ў бок ад усіх, утварылася такая невялікая чарга на некалькі чалавек — грамадзян Беларусі.

Нам сказалі чакаць, і па адным пачалі выклікаць у асобны пакой.

Працягласць размовы цягнулася па-рознаму, у мяне, напрыклад, хвілін 10-15. Першай выйшла дзяўчына, якую вельмі ласкава, з выбачэннямі і словамі «калі якія праблемы, званіце», правялі да акенца пашпартнага кантролю без чаргі і ўпусцілі ў краіну.

Калі пайшоў я, то ўбачыў у кабінеце чалавека, апранутага ў цывільнае. Ён дастаў паперы, напісаныя грузінскай, і сказаў, што мне трэба задаць некалькі пытанняў. 

Пытаўся пра род дзейнасці, мэту візіту ў дэталях (мне трэба было адкрыць ІП). Цікавіўся, чаму гэта нельга зрабіць у Беларусі, якім менавіта бізнэсам я буду займацца, хто будзе дапамагаць у Грузіі? Перапытваў адное і тое ж у розных фармулёўках. 

Таксама яго цікавілі дакладны адрас пражывання ў Грузіі, наяўнасць зваротных квіткоў, кантакты людзей, якія мяне ведаюць і пражываюць у Грузіі з ліку беларусаў ці грузінаў. Усё гэта ён запісваў у сваю паперу насупраць надпісаў па-грузінску, з чаго я зрабіў выснову, што гэта запаўненне анкеты. 

Пазабавіла, што ён удакладніў стаўленне да Святланы Ціханоўскай, якое было, натуральна, пазітыўным. Больш тэму ўнутранай палітыкі Беларусі не краналі. Тэма Украіны вісела ў паветры, але ніякіх канкрэтных пытанняў ён не задаваў, імаверна, задаволіўся маім адвольным каментам аб наяўнасці сваякоў ва Украіне, якія церпяць ад расійскага фашызму. 

На маё сустрэчнае пытанне, чаму ўсіх беларусаў рэйса завярнулі на гэтае сумоўе, адказаў, што «у сувязі з сітуацыяй да нас едуць і рускія, і ўкраінцы, і беларусы, хочам каб усё было нармальна». 

Пасля гэтага сумоўя ён правёў мяне да акенца пашпартнага кантролю, дзе спыталі кавід-сертыфікат і прапусцілі. 

На выхадзе таксама спыніў мытнік, узяўшы пашпарт і пачаўшы задаваць падобныя пытанні па другім коле. На заўвагу, што я толькі што адказваў на іх, ён запрасіў з сабой на паглыблены дагляд. 

Адметна, што, узяўшы ў руку беларускі пашпарт, чалавек прынцыпова гаварыў па-англійску. Але фраза «складвайце рэчы назад» у яго вырвалася па-руску, пасля чаго ён адразу ж паправіўся па-англійску. 

Гэта выглядала цывілізацыйным выбарам і праявай прынцыпаў. Агулам усё было карэктна, і ў час праверкі, і пасля. Служачыя давалі парады па тым, як лепш дабрацца туды, куды мне трэба, але пры гэтым усе беларусы прайшлі праз такі кантроль», — кажа чытач. 

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0