15 сакавіка прагучаў прысуд Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко. Супрацоўнікі «Нашай Нівы» атрымалі па два з паловай года калоніі праз абсурднае абвінавачванне ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненым групай асобаў па папярэдняй змове, у буйным памеры».

У той жа вечар Андрэй Скурко, вярнуўшыся ў камеру, напісаў жонцы ліст, у якім ён падзяліўся ўражаннямі ад суда і запытанага (на той час) тэрміну. Паўліна апублікавала гэты ліст.

Андрэй піша, што пасля абвяшчэння запытанага тэрміну на некалькі секунд зажурыўся, але яго вельмі падтрымала тое, як мужна трымаецца Паўліна:

«Вельмі многа залежыць ад таго, як ты трымаешся, мне здаецца. Ад таго, успрымаеш гэта ўсё як жыццёвую паразу ці як непрыемны, але непазбежны этап».

Тэрмін у два з паловай года Скурко ліча не самым горшым варыянтам: «Канешне, было б лепей, калі б запыталі два, фантастыка — калі б паўтара. Але ж магло быць і тры, і чатыры».

Што да адпраўкі ў калонію, нашанівец піша, што новы этап для яго будзе прасцейшым за СІЗА. Ён атрымае магчымасць больш рухацца і бачыць прыроду, таксама будуць лепшыя ўмовы для камунікацыі з роднымі: будуць званкі і відэазванкі, спатканні, у тым ліку працяглыя. Усё, што адбываецца, для яго не прычына ненавідзець.

«Наступны этап толькі падаецца большым, але насамрэч ён можа быць і карацейшым па часе. Прыкра бясконца быць адарваным ад вас, прыкра за скрадзеныя ў нас дні, але не варта нам марнаваць ніводнай хвіліны на нянавісць, лепш давай патрацім іх на любоў», — піша Андрэй.

З-за кратаў Скурко не забывае падтрымліваць блізкіх: «Прашу цябе, не падай духам. Наша моц трэба адно аднаму — і нашаму найменшаму (пакуль што) зайцу. Гэта найбольшая мая трывога: ці будзе яму хапаць маёй такой — дыстанцыйнай — любові, ці не адаб’ецца мая адсутнасць у далейшым на яго характары?».

Але Андрэй верыць у тое, што ягоны сын прыме яго выбар: «Можна было рабіць, як многія: валяцца ў нагах і каяцца за тое, чаго не рабіў. Веру, што Тамаш, падросшы, не будзе мяне асуджаць. Дый не факт, што іншы сцэнар прывёў бы да іншага выніку».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

І, калі ласка, не забывайцеся падтрымліваць нашаніўцаў

Адрас для лістоў і грашовых пераводаў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0