Эксперт BEROC Настасся Лузгіна адзначае, што ўмацаванне беларускага рубля адносна даляра і еўра ў першую чаргу звязанае з дынамікай расійскага рубля.

«Як і ў сітуацыі з падзеннем, якое назіралася на пачатку ваеннага канфлікту, курс нашай валюты паўтарае траекторыю руху расійскага рубля, але тэмпы могуць адрознівацца. Аднак казаць аб вяртанні да курсу на пачатак лютага ўсё ж не прыходзіцца. Расійская валюта цяпер знаходзіцца ў зоне нявызначанасці, рубель нельга назваць стабільнай валютай. Застаецца шмат фактараў, якія могуць змяніць сітуацыю», — адзначае эксперт.

Умацаваць курс расійскага рубля ўдалося шмат у чым дзякуючы жорсткім абмежаванням з боку Цэнтрабанка РФ.

«У першую чаргу менавіта дзякуючы выкарыстанню адміністрацыйных рычагоў Расіі ўдалося дамагчыся стабілізацыі курсу. Іншымі фактарамі, якія таксама аказваюць свой уплыў на рубель, можна назваць высокія цэны на нафту і некаторыя пазітыўныя сігналы адносна сітуацыі ва Украіне», — лічыць эканамістка.

Тым не менш пазітыўная дынаміка яшчэ не кажа аб вяртанні даверу да расійскага рубля. Прыклад гэтага можна ўбачыць у беларускіх банках, якія па-ранейшаму гатовыя купляць рублі па моцна заніжаным курсе. Гэта сведчыць аб нізкім попыце на наяўным рынку.

Стабілізацыя курсу беларускага рубля ў дачыненні да даляра і еўра можа станоўча паўплываць на цэны імпартных тавараў.

«У некаторых выпадках, магчыма, убачым нават зніжэнне першапачаткова істотна завышанай цаны, хоць наўрад ці гэта будзе паўсюдна. На бягучы момант няма падстаў казаць пра тое, што дэвальвацыйныя чаканні ў бліжэйшай перспектыве прыкметна палепшацца. Імпарцёры закладваюць у кошт тавару дадатковыя рызыкі, звязаныя з нестабільнасцю курсаў валют. У кароткатэрміновым перыядзе яны будуць працягваць гэта рабіць», — кажа Настасся Лузгіна.

Як маскоўскі Цэнтрабанк здолеў падняць курс расійскага рубля

«Каля 70% экспарту ў ЕС — пад санкцыямі». Што чакае беларускую эканоміку

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру