Гісторыю выратавання Бубліка з Ірпеня апублікаваў адзін з карыстальнікаў сацсетак. Калі ўладальнікі ката эвакуяваліся з горада, сабралася ўся сям'я з сабакам, але Бублік уцёк ад абстрэлаў і не адгукаўся. Ён прывык да дваровага жыцця, але, верагодна, не быў гатовы да тых гучных гукаў, якія прынёс з сабой «русский мир».

Таму людзям давялося ехаць без свайго пухнаціка і спадзявацца на цуд. І ён адбылося. Нягледзячы на тое, што акупанты разбурылі дом абстрэламі, на яго руінах пасля вызвалення Ірпеня сябар сям'і знайшоў Бубліка. Той, як відаць на выкладзеным відэа, вельмі эмацыйна «расказаў» пра ўсе свае «прыгоды» і выказаў сваё стаўленне да ўсяго, што адбылося.

Сярод выратаваных у гэтым жа самым горадзе і аўчарка Дзік з пазыўным «Ірпень». Такое імя яму далі супрацоўнікі патрульнай паліцыі, якія суправаджалі гуманітарную дапамогу і ўбачылі сабаку з поўнымі смутку вачыма. Ірпеня вычасалі, вымылі, адвезлі на агляд да ветэрынара, таму што сабака дрэнна сябе адчуваў.

Патроху той стаў асвойвацца. А праз некалькі дзён ратавальнікі даведаліся, што іхны Ірпень на самай справе Дзік. Яго ўбачылі ў пабліку вышуку жывёлаў, зніклых у Ірпені, Бучы і Гастомелі. Гаспадары расказалі, што «ратаваліся самі і эвакуявалі дзяцей, а вярнуцца за улюбёнцам ужо не змаглі, таму што ў горадзе пачаліся жорсткія баі». Дзік жыў у суседзяў, але перагрыз ланцужок і ўцёк. Праз тыдзень гаспадары абяцаюць вярнуцца за ім. Пакуль жа Дзік служыць у шэрагах патрульнай паліцыі.

Часова патрульным стаў і лабрадор у Запарожскай вобласці. Чатырохногі разам з праваахоўнікамі суправаджае эвакуацыйную калону ў Запарожжы.

Інспектары заўважылі напалоханага сабаку, калі фармавалі эвакуацыйную калону. Чатырохногі трымаўся як мага далей ад людзей і баяўся нават гуку аўтамабіляў. Патрульныя мяркуюць, што сабака ўцёк ад уладальніка і згубіўся.

Аднак лабрадор хутка прывык да сваіх новых знаёмых, смачна паабедаў, атрымаў аброжак з рамяня і стаў членам экіпажа.

Калі працу па суправаджэнні калоны скончылі, чатырохногага перадалі заводчыцы лабрадораў, якая будзе клапаціцца пра яго, пакуль не знойдзецца ўладальнік.

Прытулілі спалоханага сабаку паліцыянты і ў вызваленай ад расейскай акупацыі Бучы. Сабаку пароды хаскі патрульныя выявілі, калі дапамагалі мясцовым, правяралі дамы і кінутыя машыны. У наскрозь прастрэленым аўтамабілі з боку пасажырскага сядзення патрульны Аляксандр Сідарэнка заўважыў сабаку.

«На машыне засталіся сляды ад аўтаматных чэргаў. Жывёліна ляжала на абломках шкла, здавалася, што яна нежывая. Аднак, калі Саша падышоў бліжэй і загаварыў, хаскі падняла галаву. Экіпаж невымоўна ўзрадаваўся гэтаму», — адзначылі ў паліцыі.

Жывёліну перамясцілі ў патрульны аўтамабіль, пакармілі, а затым адвезлі ў клініку, дзе яе агледзелі. Ветэрынар паведаміў, што гэта здаровая самка, толькі знясіленая і напалоханая.

Спачатку патрульныя вырашылі адвезці хаскі ў прытулак для жывёл. Аднак пасля таго, як Аляксандр расказаў пра сваю знаходку жонцы, усё змянілася. Так сабака стала членам патрульнай сям'і. Цяпер Буча, менавіта так назвалі жывёлу, паступова адаптуецца і прывыкае да новага жытла.

Сапраўднай зоркай інтэрнэту стаў вялікі чорны кудлаты сабака з украінскім вайскоўцам у закінутым доме каля Ірпеня. У зааахоўнай арганізацыі Happy Paw расказалі, што УСУ знайшлі дакументы на чатырохногую, адтуль даведаліся, што яе завуць Баварыя.

Жывёліну забралі з сабой і пакінулі ў валанцёрскім штабе ў Кіеве, дзе яе пад апеку ўзяла валанцёр Оля. «Баварыя жыла ў сям'і з дзецьмі, вельмі засумавала па зносінах і чалавечаму цяплу, таму з задавальненнем лашчыцца і знаёміцца з кожным», — адзначылі зааабаронцы.

На момант выратавання ўладальнікі Баварыі знаходзіліся ў Ровенскай вобласці. Яны звязаліся з Оляй і расказалі, што ўцякалі ад баявых дзеянняў похапкам. Вымушаныя былі эвакуявацца ўсяго адной машынай, і сабаку там месца не хапіла. Затое дамовіліся з ахоўнікам суседняга дома, што ён будзе даглядаць і карміць Баварыю.

Але мужчыну збілі марадзёры, і ён некалькі тыдняў праляжаў у бальніцы. А Баварыя ўвесь гэты час знаходзілася адна ў доме. Аднак жывёліна не разгубілася — знайшла запас корму, разгрызла мяшок і не была крытычна галоднай.

Оля адвяла Баварыю да ветэрынара, які пацвердзіў, што сабака здаровы.

А выратаванаму з Бучы хаскі ўжо пашчасціла сустрэцца са сваім гаспадаром. Кранальны момант паказалі байцы батальёна Каліноўскага.

Чатырохногі спачатку павітаўся з мужчынам, а потым пачаў «пераказваць» усё, што з ім адбылося, пакуль яны з гаспадаром не бачыліся.

Многія жывёлы сталі ўдзельнікамі абароны Украіны на перадавой. Яны не толькі антыстрэс, але і дадатковыя вочы ды вушы для байцоў. Так, Байрактар прыбіўся да нацгвардзейцаў у першы ж дзень, калі тыя пачалі ўладкоўваць свае пазіцыі, і застаўся тут. Таму што, перакананыя ў Нацгвардыі Украіны, жывёлы ведаюць, што з імі лягчэй перамагаць ворага на вайне.

Фота: Нацыянальная гвардыя Украіны

Фота: Нацыянальная гвардыя Украіны

«Чаму назвалі Байрактарам? Таму што гэта наша галоўная зброя, — смяюцца хлопцы. — Ён першы «ловіць фішку» і паказвае нам на магчымую небяспеку. Як і мы, нясе службу кругласутачна».

Яшчэ адна хвастатая, што сама далучылася да абароны Украіны ад захопнікаў, — бельгійская аўчарка, якой далі пазыўны Кіра. Яна добраахвотна далучылася да 112-й брыгады тэрытарыяльнай абароны горада Кіева — проста прыбегла на пазіцыі да абаронцаў і засталася з імі.

Аўчарка стала на баявое дзяжурства разам са сваім падраздзяленнем на ўскраіне сталіцы і гатовая пакусаць і нават загрызці любога акупанта, які захоча прыйсці ў Кіеў.

Акрамя таго, сотням жывёл вайны зараз трэба знайсці новых гаспадароў. Як вось гэтай сабацы з Барадзянкі на Кіеўшчыне. Яна 38 дзён выжывала ў акупаваным гарадку і засталася здаровым.

Рудой ўжо пашанцавала сустрэць журналістаў і прадстаўнікоў тэрабароны, якія ўзялі яе на борт свайго аўто і вывезлі. Цяпер жа для яе шукаюць сям'ю.

Арыенціровачна 2-гадовая прыгажуня яшчэ палохаецца нават гуку выключальніка святла і пральнай машыны. Але радуецца цацкам і цёплай коўдры.

Ратавальнікі, якія зараз разбіраюць завалы ў Барадзянцы, кажуць, што па пасёлку зараз бегае шмат жывёл у пошуках чалавечага цяпла. Хтосьці вулічны, а хтосьці — калісьці хатні. Супрацоўнікі ДСНС паказалі аднаго з прыгажуноў, якому вырашылі даць прытулак. Назвалі Брадзей.

Фота: ДСНС

Фота: ДСНС

«Яшчэ падгояць параненую лапу і ў сваім новым жыцці ён будзе жыць у сям'і выратавальніка», — адзначылі ў ДСНС.

У гэтым самым пасёлку — адным з найбольш разбураных населеных пунктаў на Кіеўшчыне — ацалелае маленькае жыццё выявілі ў завалах адной з пяціпавярховак. Тут ратавальнікі знайшлі кацяня. У малога яшчэ прыжмураныя вочы, яны толькі пачалі расплюшчвацца — гэтаму кацяняці каля 10 дзён ад роду.

Нестандартную выратавальную аперацыю прыйшлося арганізаваць работнікам ДСНС Адэсы. У пажарную частку горада падкінулі дзвюх чарапах без усялякіх тлумачэнняў. Работнікі пасля працяглых разважанняў вырашылі перадаць нечаканую знаходку ў Адэскі заапарк. Там ужо былі свае падкінутыя новыя насельнікі — трусы, грызуны.

Пара чарапах, якіх пакінулі людзі падчас эвакуацыі, жыве і ў Гастомельскім прытулку для жывёл. Гэтая ўстанова функцыянавала ўсе дні акупацыі, пра мясцовых жыхароў клапаціліся работнікі прытулку.

А каманда прадстаўнікоў турыстычнай інфармацыі VISIT Ukraine выклала ў сваім Tik Tok відэападборку выратавання і зносін украінскіх абаронцаў з хвастатымі сябрамі. 

Клас
21
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
0