Беларусь і Белоруссія

Ёсць такая Белоруссія. Яна намёртва адбілася ў мазгах тых, хто з розных абставінаў (узрост, тупая настальгія, уплыў старэйшых, асяродку на працы, прага кар’ернага росту, проста апантанасць) не здолеў ухіліцца ад саўковай заразы. Гэтыя атручаныя людзі ўспрымаюць свет дагары нагамі, наадварот: чорнае ў іх — белае, зло ў іх — дабро, масавае знішчэнне людзей — вызвольная аперацыя, нацыянальная самаідэнтыфікацыя — нацызм, дзяржаўны фашызм — парадак і стабільнасць, ва ўсім вінаватыя жыдамасоны з іхняй сусветнай змоваю, а «Чорны квадрат» Малевіча — чуш какая-та, я і сам такое нарысую.

Гэтых людзей не так ужо й багата — у адсоткавым вымярэнні. Але. Ёсць адна акалічнасць.

Калі ты хочаш рабіць кар’еру ў РБ (быць дэпутатам, вертыкальшчыкам, дзяржаўным моладзевым лідарам, журналістам дзяржаўнага выдання ці тэле-радыё, дыпламатам, супрацоўнікам міністэрства ці нават нейкага ЖРЭА, я ўжо не кажу пра ўсю багатую палітру сілавых і калясілавых структураў) — ты мусіш прайсці праз ін’екцыю Белоруссіяй.

Інакш ты будзеш заўжды на паўпадпольным становішчы: не член праўладнага саюза пісьменнікаў — значыцца, не пісьменнік, не спяваеш «за Стабільнасць» — не спявак, выказваешся супраць таго, што ўлада Белоруссіі паламала людзям рукі, ногі і жыцці — не лекар. І далей па гэтай схеме.

Такім чынам, іх не так ужо й шмат, але яны ва ўладзе. Яны фармуюць унутраную ды знешнюю палітыку, міжнароднае аблічча дзяржавы, ейны імідж і рэпутацыю. Яны заўжды з Расіяй, бо Белоруссія не можа быць без Россіі, тым болей — а раптам некалі надарыцца магчымасць ускочыць туды ва ўладу і тады ўжо раскрыцца напоўніцу?

Белоруссія гвалтуе, забівае і катуе беларусаў і гаворыць, што гэта «во благо».

Белоруссія саджае замежны самалёт і гаворыць: ён сам сеў, хаця нармальныя людзі, не белоруссіанцы, выдатна разумеюць, што і як адбылося. Белоруссія ініцыюе правакацыі на межах, масава транспартуе на гэтыя межы мігрантаў і цынічна пытаецца: а чаму вы гэтых бедных людзей не пускаеце, пракляты калектыўны Захад?

Белоруссія рэгулярна абражае лідараў суседніх краінаў і заходняга свету, а ейныя ланцуговыя псы-прапагандысты брэшуць так, што ў іх ледзьве вантробы не вывальваюцца.

Урэшце Белоруссія саўдзельнічае ў расійскай вайне — пускае да сябе войскі агрэсара і ўхваляе запуск ракетаў і ўзлёты самалётаў з тэрыторыі Беларусі і адчыняе межы для праезду ва Ўкраіну варожай тэхнікі.

Белоруссія дае беларускую чыгунку для транспартавання расійскай зброі, але — дзякуй Богу! — Беларусь распачынае рэйкавую вайну, і варожая тэхніка не вельмі транспартуецца, але оркі Белоруссіі ахоўваюць рэйкі, і сярод беларускіх партызанаў ёсць ахвяры.

Калі за ўвесь гэты букет подласцяў ды мярзотаў Белоруссія атрымлівае букет санкцыяў у адказ, дык робіць пакрыўджаны твар і гаворыць: дык вось вы якія?! Усё, я з вамі не сябрую! Вы — падлюкі і мярзотнікі, адна я, Белоруссія, сумленная і добрая, ну, і яшчэ мая старэйшая сястра.

На цяперашні момант Беларусь акупаваная Белоруссіей, а за Белоруссіей мроіцца — у чырвона-зялёным балахоне з капюшонам, з сярпом у адной кашчавай руцэ і молатам у іншай — прывід БССРа.

Клас
127
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
0