Людзі чакаюць, каб сесці ў аўтобус падчас эвакуацыі ў Краматорску. 9 красавіка. Фота: Андрэй Андрыенка/AP
Пасля канстатацыі фактаў шматлікіх ваенных злачынстваў расійскіх войскаў і недастатковага адказу на гэта з боку заходніх краін і блока НАТА выданне сцвярджае:
«Такога варварства трываць нельга. Далейшыя ганебныя безвыніковыя крыкі Захаду недапушчальныя. Чым хутчэй Байдэн і астатнія перастануць заломваць рукі і пачнуць прымаць рашэнні, тым лепш. Хоць гэта і правільны ўчынак, але ўчарашняя дэманстрацыя салідарнасці Борысам Джонсанам у Кіеве не зменіць разлікаў у Маскве.
Пуцін кіруе з дапамогай страху. Дык напалохайце яго ў адказ. Ён не хоча бітвы з Захадам, не кажучы ўжо пра Трэцюю сусветную вайну — апошняе апраўданне НАТА для адмовы ад супрацьстаяння яму. Ён ведае, што прайграе. Гэта яго палохае.
Такім чынам, вось некалькі цяжкіх рашэнняў, якія заходнія лідары павінны тэрмінова разгледзець.
Па-першае, прамое ўмяшанне з мэтай стварэння бяспечнай зоны ў Заходняй Украіне, дзе маглі б збірацца перамешчаныя асобы замест уцёкаў за мяжу. Загадзя паведаміце Маскве пра месцазнаходжанне гэтай зоны і яе межы. Выразна дайце зразумець, што яе будуць абараняць паветраныя сілы НАТА і наземныя войскі, запрошаныя Кіевам.
Па-другое, вазьміце пад абарону неакупаваную Адэсу. Накіруйце ваенна-марскія сілы ў міжнародныя воды ў Чорным моры і папярэдзьце Расію аб неабходнасці спыніць прыбярэжныя абстрэлы, інакш будуць сур'ёзныя, нявызначаныя наступствы.
Па-трэцяе, скажыце Пуціну, што калі яго артылерыйскія і ракетныя падраздзяленні зноў абстраляюць мірных жыхароў, як у Краматорску, яны будуць лічыцца легітымнымі ваеннымі мэтамі НАТА.
Па-чацвёртае, перадайце Кіеву знішчальнікі і танкі.
Па-пятае, заблакуйце ўвесь экспарт расійскага выкапнёвага паліва.
Гэта — радыкальныя рашэнні. Рызыкі відавочныя. Але адзіная альтэрнатыва — бясконцая разня. Калі Захад сур'ёзна настроены спыніць вайну, гэтыя і падобныя рашучыя дзеянні могуць быць адзіным магчымым выхадам».





