Фота: pixabay.com
Выкарыстоўваем натуральныя фарбы
Пачнем з папулярных сярод беларусаў натуральных фарбавальнікаў. Выбірайце колер — і наперад:
- Чырвоны. Каб яго атрымаць, вазьміце літр вады, дадайце туды 2 сталовыя лыжкі воцату і шалупінне ад 12-15 чырвоных цыбулін. Давядзіце сумесь да кіпення і варыце яе 30 хвілін, потым працадзіце сумесь у міску з нержавеючага матэрыялу (гэты крок можна апусціць). Калі раствор астыне, пералійце яго ў каструлю і пакладзіце туды сырыя яйкі. Давядзіце да кіпення, зменшыце агонь, накрыйце крышкай і варыце яйкі 12-20 хвілін у залежнасці ад таго, наколькі інтэнсіўны колер вы жадаеце атрымаць.
- Жоўты. Змяшайце літр вады, 2 сталовыя лыжкі воцату і 3 сталовыя лыжкі куркумы. Давядзіце да кіпення, знізце агонь і кіпяціце сумесь каля 30 хвілін. Астудзіце яе, потым пакладзіце ў сумесь сырыя яйкі і варыце іх каля 10 хвілін.
- Ружовы. Пакіньце на ноч вараныя яйкі ў сумесі з двух шклянак бурачнага соку і дзвюх сталовых лыжак воцату.
- Блакітны. Вазьміце літр вады, дадайце 2 сталовыя лыжкі воцату і нашынкаваную чырвонакачанавую капусту (вам спатрэбяцца 1-2 качаны, якасць і свежасць капусты на вынік не ўплываюць). Давядзіце сумесь да кіпення, зменшыце агонь і кіпяціце сумесь 30 хвілін. Астудзіце, дадайце вараныя яйкі і пакіньце іх у растворы на 30 хвілін, каб атрымаць светла-блакітны колер, і на ноч, каб атрымаць больш цёмнае адценне.
- Фіялетавы. Змяшайце шклянку соку чырвонага вінаграду і сталовую лыжку воцату, пакладзіце ў раствор яйкі. Пакіньце на ноч у халадзільніку.
- Карычневы. Замачвайце вараныя яйкі ў растворы з літра крэпкай кавы і 2 сталовых лыжак воцату на працягу 30 хвілін.
Фота: pixabay.com
Эксперыментуем з харчовымі фарбавальнікамі
Можна спрасціць сабе жыццё і набыць у магазіне спецыяльныя харчовыя фарбавальнікі для яек. З іх дапамогай вы атрымаеце яйкі больш яркіх колераў, чым пры ўжыванні натуральных фарбавальнікаў, ды і смецця на кухні будзе менш. Вось як трэба працаваць з харчовымі фарбавальнікамі:
- Перш за ўсё, трэба зварыць яйкі ўкрутую. Для гэтага памясціце іх у каструлю і заліце вадой так, каб над яйкамі было хаця б некалькі сантыметраў вады. Потым давядзіце ваду да кіпення, здыміце каструлю з агню, накрыйце яе і пакіньце на 12-15 хвілін. Потым выліце ваду і астудзіце яйкі — прамыйце іх халоднай вадой.
- Далей падрыхтуем фарбавальнікі. Да кожнага з іх ідзе інструкцыя — прытрымлівайцеся яе. Чым большай будзе канцэнтрацыя фарбавальніка, тым больш яркі колер атрымаюць яйкі. Можна змешваць розныя фарбы: напрыклад, чырвоны і жоўты фарбавальнікі разам дадуць аранжавы колер, чырвоны і блакітны — фіялетавы, жоўты і блакітны — зялёны.
- Калі ўсё гатова, пачынаем фарбаваць яйкі. Засцяліце працоўную зону газетамі ці абрусам, падрыхтуйце папяровыя сурвэткі, каб прыбіраць пырскі вады, і посуд, куды вы пакладзяце фарбаваныя яйкі. З дапамогай лыжкі апускайце яйкі ў ваду з фарбавальнікам і пакідайце там на 5-10 хвілін. Трэба, каб вада цалкам пакрывала яйка, таксама не забывайце яго пераварочваць, каб афарбоўка была раўнамернай.
- Высушыце яйкі на папяровых ручніках.
- Пратрыце алеем — яны будуць зіхацець.
Фота: pixabay.com
Мармуровыя яйкі
Тут і далей: фота craftsbyamanda.com
Калі жадаеце нешта зусім арыгінальнае — паспрабуйце іншыя варыянты аздаблення яек.
Каб зрабіць яйкі мармуровымі, вам спатрэбіцца алей, воцат, харчовыя фарбавальнікі, кубкі і лыжкі (па адным кубку і адной лыжцы на кожны колер).
- Наліце ў кожны кубак па сталовай лыжцы алею і столькі ж воцату, дадайце фарбавальнік. Запоўніце тры чвэрці кожнага кубка цёплай вадой. Перамяшайце сумесь (асобнай лыжкай для кожнага кубка!).
- Вазьміце варанае яйка ў адну руку, другой рукой перамешвайце сумесь у кубку, пакуль не пабачыце ўзор, падобны да варонкі. Адразу ж дастаньце лыжку з кубку, пакладзіце на яе яйка і памясціце яго ў ваду.
- Палічыце да 5-6 і дастаньце яйка.
- Пакіньце яйка на некалькі хвілін на папяровым ручніку, потым можаце памясціць яго ў раствор з іншай фарбай. Калі будзеце задаволеныя вынікам, асцярожна прасушыце яйка папяровым ручніком.
Яйкі з аптэчнымі гумкамі
Падрыхтуйце воцат, харчовыя фарбавальнікі, кубкі і сталовыя лыжкі, аптэчныя гумкі.
- Абматайце варанае яйка некалькімі гумкамі.
- Афарбуйце яйка ў харчовым фарбавальніку так, як звычайна. Дайце фарбе высахнуць, потым здыміце гумкі і памясціце яйка ў раствор з іншай фарбай.
Яйкі з малюнкам па трафарэце
Вазьміце воцат, харчовы фарбавальнік, кубкі і сталовыя лыжкі, а таксама налепкі-стыкеры ці малярную стужку.
- Памясціце на варанае яйка стыкеры ці выражце адпаведныя ўзоры з малярнай стужкі.
- Праверце, каб усе часткі ўзораў былі добра прылепленыя да яйка, потым пафарбуйце яго як звычайна. Пачакайце, пакуль яйка высахне, і здыміце з яго трафарэты.
Яйкі са сцякаючымі фарбамі
Для гэтага варыянта вам спатрэбіцца вадкі харчовы фарбавальнік, падстаўка для яек і бутэлька вады з пульверызатарам.
- Памясціце варанае яйка на падстаўку ці ў любы іншы посуд, які дапаможа трымаць яйка вертыкальна. Папырскайце вадой на верхнюю частку яйка.
- Выліце кроплю фарбавальніка на верх яйка. Зноў папырскайце на верх яйка вадой.
- Дадайце іншыя фарбавальнікі, калі жадаеце. Пырскайце вадой ці дуйце на яйка, каб атрымаць эфект, які вам спадабаецца.
«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста
Чытайце яшчэ:
Пасха з шакаладам і цукатамі да велікоднага стала
Чаму католікі і праваслаўныя святкуюць Вялікдзень у розны час. І розніца можа складаць нават месяц?





