«З пачатку вайны мы ўжо 47 сутак абараняем Марыупаль… мы трымалі абарону годна, робячы немагчымае. Але любыя рэсурсы маюць уласцівасць заканчвацца. 

Пяхота ўся загінула, і стралковыя баі вядуць артылерысты, зенітчыкі, сувязісты, кіроўцы і кухары. Нават аркестр. Гінуць, але змагаюцца. Мы паступова заканчваемся.

Мудрыя генералы раяць забіраць боепрыпасы ў праціўніка. Напэўна, не вымерлі гэтыя саўковыя паркетнікі, таму шмат народу з-за іх памрэ дарэмна. Былі шанцы. Былі магчымасці, але з-за баязлівасці дакладваць па вертыкалі яны не рэалізаваныя.

З намі ўжо ніхто не хоча мець зносіны, таму што мы спісаныя.

Сёння будзе, напэўна, крайні бой, паколькі бк [боекамплектаў] не засталося. Далей — урукапашную. Далей — для некаторых смерць, а для некаторых — палон».

Марпехі паведамілі, што за час баявых дзеянняў ім адзін раз перадалі 50 122 снарады, 20 мін, трохі «энлаваў» і старлінк Ілана Маска.

Без боекамплекту марпехі не мелі магчымасці абараняцца, таму праціўнік паступова адсунуў іх на завод «Азоўмаш», «акружыў, скаваў агнём і зараз спрабуе знішчыць».

36-я брыгада адзначае, што быў варыянт прывесці да іх рэзервы, каб узмацніць і працягнуць абарону. Таксама былі варыянты брыгадзе здзейсніць прарыў і выйсці да сваіх войскаў. Пра гэта дакладвалі ў аператыўным камандаванні «Усход», дзе нават пачыналі планаваць аперацыю, але «іх старэйшыя штабы заварочвалі».

Аб цяжкай сітуацыі паведамлялі ў Аперацыі аб'яднаных сіл. Там казалі — «Трымайцеся, мы працуем, абяцалі верталёт, які так і не прыляцеў».

Марпехі дадалі, што размаўлялі з галоўнакамандуючым, які абяцаў дэблакаду, і з гарантам, які «гарантаваў або палітычнае, або ваеннае рашэнне сітуацыі».

Цяпер палова пакінутых у брыгадзе — параненыя, што будзе далей, марпехі не ведаюць.

Паводле звестак выдання, аўтарам гэтага тэкста з'яўляецца адзін з вышэйшых афіцэраў 36-й брыгады. Гэта не афіцыйная пазіцыя вайсковай часткі, а «ліст марскога пехацінца», праз якога ажыццяўлялася сувязь з падраздзяленнем і які апісвае рэальнае становішча спраў па абароне Марыупаля марскімі пехацінцамі.

Адзначаецца, што сувязь з прэс-афіцэрам брыгады страчаная, але вайсковец, які вядзе ФБ-старонку брыгады, пацвердзіў, што яна не ўзламаная. Афіцэр прасіў апублікаваць зварот без указання яго асобы пасля таго, як ён не зможа выходзіць на сувязь.

Крыніцы «Украінскай праўды» у разведцы пацвердзілі, што сітуацыя ў Марыупалі вельмі цяжкая, спробы дэблакавання былі няўдалымі, ва ўкраінскай арміі няма сілаў для гэтага.

Галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны пракаментаваў сітуацыю наступным чынам: «Працягваецца абарона Марыупаля. Сувязь з падраздзяленнямі сіл абароны, якія гераічна ўтрымліваюць горад, устойлівая і падтрымліваецца. Падкрэсліваю, што правядзенне абаронных аперацый не з'яўляецца тэмай для публічных абмеркаванняў. Мы робім магчымае і немагчымае для перамогі і захавання жыцця асабістага складу і мірных жыхароў ва ўсіх напрамках».

У лютым Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што «вайна працягнецца тры-чатыры дні» і прадракаў хуткі разгром Украіны. Ëн таксама казаў, што «Зяленскі трухнуў». У сакавіку Лукашэнка зноў заклікаў Украіну пагадзіцца на патрабаванні Расіі і пагражаў, што ў адваротным выпадку вайна закончыцца капітуляцыяй па ўзоры Японіі ў 1945 годзе. 

Пасля паўтара месяца вайны прасоўванне расійскіх войскаў спынілася на ўсіх кірунках, і Масква ўсё больш выразна дэманструе гатоўнасць да кампрамісаў. Калі напачатку расійскі бок настойваў, каб перамовы праходзілі на тэрыторыі Беларусі, з якой адбылося ўварванне ва Украіну, то пасля яны аднавіліся ў Стамбуле.

Расійскія войскі дамінуюць у паветры. Нягледзячы на просьбы Кіева, Украіна так і не атрымала ад Захаду ані сучасных супрацьпаветраных комплексаў, ані дальнабойных ракет. Гэта робіць наступальныя аперацыі немагчымымі. Украінцы ўпарта абараняюць свае пазіцыі, але маюць цяжкасці ў адваёўванні страчаных тэрыторый. Дэблакаванне Марыупаля тым больш цяжкае, што мясцовасць вакол яго раўнінная і стэпавая, украінскія часткі сталі б на ёй лёгкай здабычай для расійскай авіяцыі.

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
93
Абуральна
23