Аркадзь Мошэс

Аркадзь Мошэс

— 12 красавіка адбудзецца чарговая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Навошта яны сустракаюцца гэтак часта, ставячы ў гэтым своеасаблівыя палітычныя рэкорды? Няўжо нейкія пытанні немагчыма вырашыць праз тэлефон, без асабістай сустрэчы? Што штурхае так часта бачыцца гэтых двух кіраўнікоў, якія, як мяркуецца, не выносяць адзін аднаго?

— Мне падаецца, зараз гэта значна больш трэба Лукашэнку, а не Пуціну. Бо ў Пуціна хапае і тэлефонных размоваў з іншымі лідарамі, і нават ёсць візіты — зараз канцлер Аўстрыі прылятае ў Маскву. А Лукашэнку, па вялікім рахунку, каб заставацца ў полі зроку, патрэбная тэлевізійная карцінка, якую можа даць толькі Пуцін. Лукашэнка хоча паказаць, што ён яшчэ патрэбны. Трэба пераканацца ў пэўных рэчах, і зрабіць гэта зручней падчас асабістага кантакту, а не праз тэлефон.

І мы павінны разумець, што Лукашэнка гатовы ехаць на Далёкі Усход, але ён па-ранейшаму не едзе ў Крым. Тое, што ён абяцаў яшчэ паўгода назад — а ніякага Крыма так і няма. Але Пуцін працягвае яго прымаць, хоць чаканні Крамля — ад вялікіх, як увод беларускіх войскаў, да меншых, як наведванне Крыма — так ці іначай не выконваюцца.

— Як варта ацаніць апошнія выказванні Лукашэнкі, што без Беларусі нельга праводзіць мірныя расійска-ўкраінскія перамовы?

— Вядома, гэта хацелкі, і гэта жаданне стварыць нагоду для каментатараў, каб гаварыць пра нейкую суб’ектнасць Лукашэнкі ў цяперашняй ваенна-палітычнай сітуацыі ў Еўропе. Я думаю, што Кіеў будзе рэагаваць на гэта роўна і асцярожна, і, найхутчэй, проста праігнаруе. Бо лішні раз ісці на канфрантацыю з Лукашэнкам каманда Зяленскага не хоча, спадзеючыся, што стрыманасць Беларусі хоць у нейкай ступені пойдзе на карысць Украіне.

Масква адрэагуе на гэтую прапанову Лукашэнкі хутчэй станоўча — але зразумела, што гэта Крамлю не прынцыпова.

Лукашэнка настойліва хоча ствараць карцінку, што Беларусь як бы ні пры чым у гэтай вайне, што яна не агрэсар. Хоць Беларусь — дзяржава-агрэсар, з дакладнасцю 100 працэнтаў трапляе ў гэтую катэгорыю паводле ААНаўскага вызначэння. Лукашэнка ж спрабуе зноў сесці на таго ж коніка, на якога ён сядаў у 2008 годзе, у 2014 годзе, ён зноў спрабуе даказаць, што складаць Беларусь і Расію ў адзін кошык нельга і што ён яшчэ можа спатрэбіцца як міратворца.

Думаю, што ў яго гэта ўжо не атрымаецца. Паўтаруся, Беларусь успрымаецца менавіта як агрэсар паводле ўсіх міжнародных вызначэнняў, таму яна ўключаецца ў санкцыі, якія толькі трошкі адрозніваюцца ад антырасійскіх санкцыяў.

— У Лукашэнкі гэта не атрымаецца — таму што Захад на гэта ўжо па-іншаму глядзіць ці таму што Масква не мае ў гэтым ніякага інтарэсу?

— Перш за ўсё таму, што Захад на гэта цяпер па-іншаму глядзіць. Масква нейкі інтарэс будзе праяўляць, бо ў нейкай сітуацыі можна было б Мінскам прыкрывацца.

Але на Захадзе ёсць разуменьне таго, што Лукашэнка наступіў на чырвоную лінію. Можна спрачацца, ці перайшоў ён яе на палову кроку, ці толькі наступіў пальцамі, — але ён яе перайшоў. Сённяшняму мінскаму рэжыму давялося б зрабіць вельмі шмат, каб Захад зноў вырашыў з ім размаўляць.

Гэта не значыць, што ў Лукашэнкі няма лабістаў на Захадзе. Яны ёсць. Яны, канечне, не так гучна выступаюць, як яшчэ год таму — але яны нікуды не падзеліся. Яны будуць спрабаваць даказваць, што Беларусь трэба адрываць ад Расіі любымі спосабамі. Але мне падаецца, што гэтая палітычная лінія ўжо не пераможа. Я думаю, на Захадзе ўжо прысутнічае разуменне таго, што рэжым у Мінску не можа лічыцца партнёрам і не можа быць рукапаціскальным.

— Але ці вызначыўся Захад у дачыненні да галоўнага агрэсара, да Расіі? Ці пакуль існуе намер проста адбіцца, абараніць Украіну, уціхамірыць? Ці з'яўляецца разуменне, што змагацца давядзецца да таго часу, пакуль рэжым Пуціна не будзе знішчаны, бо ён становіць трывалую пагрозу для міру ва ўсім свеце?

— Тут Захад яшчэ не вызначыўся. Але ён вызначаецца вельмі хутка. Тое, што здавалася немагчымым яшчэ месяц таму — сёння адбываецца. А тое, што здаецца немагчымым сёння — будзе адбывацца заўтра, калі вайна працягнецца.

Калі вайна будзе замарожаная, калі будзе абвешчана перамір’е, калі Украіне будуць паабяцаныя нейкія сур’ёзныя палітычныя набыткі (як бачыце, вельмі шмат «калі») — то замарозіцца і працэс радыкалізацыі Захаду. Але чым далей ідуць баявыя дзеянні, тым пазіцыя Захаду будзе станавіцца ўсё больш выразнай. Прывяду прыклад Італіі, якая была адным з лідараў прарасійскага лагера ў Еўропе, другая па ўзроўні залежнасці ад расійскага газу. Сёння Італія паводзіць сябе вельмі актыўна ў плане энергетычнай пераарыентацыі, што немагчыма было ўявіць яшчэ 2 месяцы таму. Шматлікія заходнія фірмы масава сыходзяць з Расіі, і многія з іх назад у Расію ўжо не вернуцца адразу пасля спынення вайны.

Вядома, нельга казаць, што мэтай палітыкі Захаду стала змена рэжыму Расіі. Мэтай палітыкі Захаду, на мой погляд, усё яшчэ застаецца аслабленне рэжыму Пуціна. Але колькасць у пэўны момант пяройдзе ў якасць. У той дзень, калі Нямеччына знізіць сваю залежнасць ад расійскага газу (а гэта можа адбыцца цягам двух гадоў), у Еўропе ўзнікне прынцыпова іншая геапалітычная і эканамічная сітуацыя. Дынаміка і кірунак працэсу тут больш-менш зразумелыя.

— Ці верыце вы ў такую рэч, як пераварот у Крамлі, вынікам якога можа стаць, сярод іншага, спыненне вайны?

— Дыскусія на тэму «гэта ўсё ж вайна Пуціна ці вайна Расіі» працягваецца, і мне падаецца, што ў выніку запануе думка, што гэта ўсё ж «вайна Расіі». Расійскія грамадзяне галасавалі за гэты рэжым, падтрымлівалі яго актыўна альбо пасіўна, сёння большасць насельніцтва падтрымлівае вайну ва Украіне. І калі запануе гэтая думка (што гэта ўсё ж «вайна Расіі»), то спроба выхаду з вайны праз пераварот у Крамлі не мае ніякага сэнсу. Бо выхадам могуць стаць толькі вельмі сур’ёзныя структурныя змены ў грамадскіх настроях і ў знешняй палітыцы Расіі, што зойме даволі доўгі час.

— У Беларусі сітуацыя з падтрымкай вайны і з падтрымкай улады зусім іншая. У гэтым сэнсе ці будзе стаўленне ў пасляваенным свеце да Беларусі іншае, чым да Расіі?

— Адназначна, тут у мяне думка значна больш аптымістычная. У адрозненне ад Расіі, гэтая вайна ўспрымаецца як «вайна Лукашэнкі», як «памылка Лукашэнкі», тое, што ён «дагуляўся».

Я думаю, у свеце цудоўна ведаюць і разумеюць тое актыўнае і пасіўнае супраціўленне вайне, якое ёсць у Беларусі. Разумеюць, што ў беларусаў няма гэтага імперскага мыслення, імкнення да пашырэння, гэта не іхная вайна. У беларусаў засталося разуменне, што вайна не павінна паўтарыцца. А ў Расіі, пачынаючы прыблізна з 2005 года, гэта замянілася на «можам паўтарыць». І гэтае адрозненне Беларусі ад Расіі ўсім відавочнае. У беларусаў нашмат меней антызаходніх настрояў, бо яны побач з Еўропай жывуць, яны ездзілі, яны атрымлівалі рэкордную на душу насельніцтва колькасць еўрапейскіх візаў, ім нават дзяржаўная прапаганда ад 2015 года казала, што з Захадам трэба супрацоўнічаць.

Тое, што гэта вайна Лукашэнкі, а не беларусаў, — гэта на Захадзе ўсе разумеюць. І калі нейкім чынам сыдзе Лукашэнка, Беларусь будзе ўспрымацца як усходнееўрапейская дзяржава, у якой ёсць някепскія шанцы далучыцца, кажучы высакамоўна, да сям’і еўрапейскіх народаў.

Чытайце таксама:

Што будзе, калі Пуцін прайграе вайну ва Украіне?

Навошта Пуціну Лукашэнка і калі Беларусь зможа вызваліцца з абдымкаў Расіі — фільм НН

Клас
31
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1