Аляксандр Саладуха традыцыйна хваліцца сваімі канцэртнымі поспехамі і рэкордамі: 35 год на сцэне, «пахаць 24 гадзіны на суткі», 30 год мегахіту «Здравствуй, чужая милая», 120 канцэртаў з 14-м альбомам «Мы живы». Гастроляў унутры краіны спеваку, відаць, хапае, таму ён і не лічыць вартым звяртаць увагу на тое, што адбываецца вакол краіны (ды і ўнутры).

Дзейны рэкардсмэн на «Еўрабачанні» ад Беларусі Зміцер Калдун запаўняе стужку сямейнымі фотаздымкамі і сэлфі з філасофскімі подпісамі кшталту: «Я занял место и не слезу попусту. А вы как?». На бягучыя падзеі ён адрэагаваў толькі аднойчы: калі пайшлі чуткі пра блакіроўку Інстаграма. Падстрахаваўшыся, ён размясціў на сваёй старонцы qr-код на профіль ва «УКантакце».

З гэтай жа нагоды ў яго ў сакавіку з’явіўся і тэлеграм-канал. Там ён у аўдыяфармаце выказвае сваю галоўную занепакоенасць: «Збіраюся ехаць у Маскву, вяртацца, вельмі шмат чутак, што там паліцы пустыя, не купіць каву, сродкі гігіены, цукру не хапае. Падкажыце, што з сабой узяць? Праўда гэта ці не? Ці ўсё глупства, усё добра, жывём, як і раней?» Калдун свае асноўныя творчыя праекты цяпер рэалізуе ў Расіі, у 2018 годзе ён выступіў у «ДНР» на выбарах кіраўніка самаабвешчанай рэспублікі.

Падобна да Калдуна дзейніче і Ірына Дарафеева: завяла тэлеграм-канал на ўсякі выпадак. У астатнім — рэпартажы з канцэртаў, фотаздымкі ў прыгожых касцюмах і сукенках, не больш за тое.

Яшчэ адна ўдзельніца і пераможца «Еўрабачання» (ужо дзіцячага), Ксенія Сітнік, вайну асуджае. Яна піша: «Я Ксюша з Беларусі, якая выступае супраць братазабойчай пунсовай лазні», — і расказвае гісторыю пра тое, як у Чэхіі, пачуўшы рускую мову, яе адмовіўся везці таксіст: «Рускім тэрарыстам не месца ў маёй машыне».

«Народжаная ў маленькім горадзе Беларусі на мяжы з Украінай, я ідэнтыфікаваная рускай, хоць этнічна ў маёй сям'і няма ніводнага такога. Але шматпакутны культурны код унесены ў ДНК праз гісторыю, трансгенерацыйную памяць і лінгвістычную сістэму», — піша Сітнік. І заканчвае наступнай высновай. — «Навошта нам свет, у якім не будзе Расіі», — дэклараваў неяк у інтэрв'ю спадар Пуцін. Несуцяшальная навіна: яе ўжо няма. Той Расіі, якую мы любілі».

У любіміцы Лукашэнкі Алёны Ланской па плане ідуць вясновыя гастролі па Беларусі, прэм’ера песні, праца на РТР-Беларусь у якасці вядучай. 13 красавіка Ланская адкрыла ў Брэсце фестываль Millennium, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Часам на старонках у сацсетках спявачкі таксама можна пабачыць фотаздымкі з Палаца незалежнасці — на фоне тамтэйшых дэкарацый яна, напрыклад, віншуе ўсіх з Днём Канстытуцыі. 

Скандальныя сёстры Груздзевы абазначаюць сваю грамадзянскую пазіцыю. «Няхай Бог заўсёды ахоўвае Беларусь і Расію! Гісторыя ўсім нам неаднаразова даводзіла, што толькі разам мы здольныя годна адказаць на любыя выклікі і пагрозы», — пішуць яны 2-га красавіка, які па дзяржаўным календары з’яўляецца Днём яднання Беларусі і Расіі.

Сёстры ўвогуле любяць святы: на 8 сакавіка, напрыклад, хваляцца надрукаванымі паштоўкамі ад Лукашэнкі, а на Дзень міліцыі віншуюць «беларускіх хлопцаў» як анлайн, так і афлайн.

Сваё стаўленне да вайны сёстры перадаюць словамі таго ж Лукашэнкі: «Як бы ні спрабавалі сёння асобныя сілы (вы іх ведаеце) уцягнуць нас у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, у вас няма падстаў для турбот». 

Разынка старонкі Груздзевых — публікацыі з выявамі ікон і малітвамі да іх, у тым ліку, напрыклад, малітвы за мір.

Руслан Аляхно акрэсліў сваю пазіцыю яшчэ больш выразна і не двухсэнсоўна: ён быў адным з выступоўцаў на канцэрце «Крымская вясна — 2022».

Там жа засвяцілася і ураджэнка Магілёва Наталля Падольская. Пры гэтым напярэдадні, 24 лютага, яна напісала на сваёй старонцы: «Мне хочацца, каб усё было як раней! Калі ў 2005 годзе было «Еўрабачанне» ў Кіеве і квітнелі каштаны».

Рыта Дакота з ліку артыстаў, хто працуе пераважна на расійскім музычным рынку. Але яна падтрымала беларускіх пратэстоўцаў у 2020 годзе і не маўчыць у гэты раз: «Усё, што адбываецца сёння — ё****е дно, ніводны разумны чалавек на зямлі не падтрымае вайну. У вайне няма пераможцаў, у вайне прайграюць усе. Мы браты, не давайце палітычным гульням змяняць гэта».

«Асуджаю ўварванне і бамбардзіроўку сувярэннай дзяржавы. Гэта вайна, якая зменіць жыццё кожнага назаўсёды, няважна, дзе ты жывеш», — напісаў у першы ж дзень вайны Макс Корж. У каментарыях рэперу дзякуюць і кажуць, што акурат галасы вядомых людзей могуць на нешта паўплываць. 

У Алега ЛСП з 19 красавіка па плане павінен стартаваць тур па Расіі. На 23-га запланаваны вялікі канцэрт у Маскве. Пра адмену нічога не паведамлялася, квіткі ўсё яшчэ магчыма купіць, але з 23 лютага на старонках ЛСП — цішыня, нягледзячы на тое, што людзі заклікаюць: «Не маўчыце пра сітуацыю ва Украіне», — а таксама пытаюцца, ці адбудуцца ўсё ж запланаваныя канцэрты.

UPD: калі гэты тэкст ужо быў апублікаваны, ЛСП напісалі, што пераносяць свой тур: «Сябры, я і мая каманда лічым недарэчным правядзенне канцэртаў у сённяшняй сітуацыі».

Такая ж цішыня з 23-га лютага назіраецца ў беларускай актрысы, вядомай па фільмах «Я худзею», «Духless 2» Сашы Борціч.

Маўклівымі застаюцца зоркі пакалення Z: Улад Бумага, Ціма Беларускіх, Мэвл. У гэтай жа касце вядомыя спартоўцы кшталту фрыстайлісткі Ганны Гуськовай. Паспрабавала выказацца наконт сітуацыі ва Украіне славутая біятланістка Дар’я Домрачава, але ў выніку яна больш асудзіла санкцыі супраць беларускіх і расійскіх спартоўцаў, чым cаму вайну.

Ілля Шкурын быў адзіным футбалістам, які адмовіўся гуляць за зборную Беларусі, пакуль уладу ў краіне ўтрымлівае Лукашэнка. Цяпер у сацсетках на аватарках у яго суседнічаюць украінскі сцяг і бела-чырвона-белы.

У падтрымку Украіны пры гэтым выказалася нямала альтэрнатыўных артыстаў: J:mors, Nizkiz, адноўлены «Ляпіс», лідар «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі і «Лепрыконсаў» Ілля Міцько, Лявон Вольскі.

Выступілі супраць вайны таксама оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, тайбаксёр Віталь Гуркоў, Palina, Ларыса Грыбалёва, NaviBand, Intelligency, Molchat doma, комік Слава Камісаранка, пісьменнікі Уладзімір Някляеў, Аляксандр Філіпенка і Святлана Алексіевіч, вядучыя Ганна Бонд, Дзяніс Дудзінскі, Зміцер Кахно і многія іншыя. Варта адзначыць, што шмат гэтых і іншых артыстаў зладзілі дабрачынныя канцэрты і акцыі, грошы з якіх ідуць на падтрымку ўкраінцаў.

Чытайце таксама:

«Мінск нібыта стаў пустым». Як цяпер жывуць тусовачныя Зыбіцкая, Кастрычніцкая і Рэвалюцыйная

Клас
30
Панылы сорам
36
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
4