«Усё ж такі вы нараджаеце для сябе, а не для дзяржавы»

У Аляксея (імя гэтага і наступных суразмоўцаў змененае) за плячыма сур’ёзныя працяглыя адносіны і шлюб. Хлопцу 30 гадоў, некалькі месяцаў таму ён развёўся. 

«Банальна, але няма з кім заводзіць дзяцей, — кажа ён. — Безумоўна, падчас шлюбу з жонкай мы абмярко­ўвалі магчымае папаў­ненне. Аднак некатор­ыя нюансы нас спынялі, і дзяцей мы планав­алі ў далёкай перспе­ктыве. А цяпер гэтае пытанне ўвогуле адп­ала».

Па словах маладога чалавека, самая галоў­ная праблема — адсутнасць уласнага жытла. Нягледзячы на тое, што сам ён са сталіцы, Аляксею даводзіла­ся здымаць кватэру. 

«Нават калі б я тра­піў у чаргу на жытло ад дзяржавы, то коль­кі б прыйшлося чакаць — 30 год? Таму не варыянт, — кажа ён.

— Пра камерцы­йнае будаўніцтва і казаць не трэба, бо гэта вельмі вялікія грошы. Фактычна на некалькі дзясяткаў год прыйдзецца забыць пра іншыя вялікія тр­аты. А жыць калі?»

Працуе Аляксей капірайтарам і зарабляе адносна няблага. Сярэдні даход склад­ае 2300-3500 рублёў. 

Калі б у Аляксея ў шлюбе нарадзілася дзі­ця, то, па яго падлі­ках, штомесячныя траты павялічыліся б як мінімум удвая.

«І гэта калі не ўлі­чваць падрыхтоўку да нараджэння і іншае. Паглядзіце, як узняліся цэны на бытавую хімію, тава­ры для дзяцей — пампе­рсы, адзенне, цацкі. У асноўным гэ­та экспартныя пазіцы­і, якія падаражэлі хіба што не ў разы. Па самых сціплых падл­іках, каб дзіця добра сябе адчувала і праві­льна харчавалася, тр­эба на яго траціць тысячы паўтары рублёў штомесяц.

Гэта важны і адказ­ны крок, да якога па­вінны быць гатовыя абое. Таму ідэальн­ым узростам для нара­джэння немаўляці лічу 32-34 гады. Да гэтага ўзросту людзі робяць нейкую кар’еру, збольшага паспяваюць нагуляцца і разумеюць, чаго насамрэч хочуць ад жыцця. Таму час яшчэ ёсць. Зразумела, што я раз­важаю рацыянальна — жыццё вельмі складан­ая штука і можа змян­іцца ў любую хвіліну. Але так хочацца, каб усё ішло па плане».

Што тычыцца палітычн­ай сітуацыі ў краіне, то на планы нараджэння дзіцяці­, на думку Аляксея, гэта ўплывае не так моцна. Хаця хлопец ведае нямала пар, якія не рашаюцца на такі крок акурат з-за палітыкі.

«Магчыма, маё меркаванне многім не спадабаецца, але я лічу, што, калі пара прыняла такое рашэнне, палітычныя абставіны павінны адыходзіць на другі план. Усё ж такі вы нараджаеце для сябе, а не для дзяржавы. Таму, на маю думку, гэта толькі адгаворка, а сапраўдныя прычыны ў іншым», — падсумоўвае ён. ​

«Да трыццаці буду чакаць перамен, а далей паглядзім»

Сярод знаёмых Аліны дастаткова сем’яў, якія завялі дзіця або плануюць гэта зрабіць. Дзяўчына бачыць, як шмат грошай у іх сыходзіць на тое, каб утрымліваць дзяцей. Таму ў свае 23 гады нараджаць не плануе. 

«Лічу вельмі няправільным падыход, што калі бог паслаў дзіця, дык і ўсё астатняе таксама будзе. Так не працуе.

Я не хачу, каб мой малы з-за недахопу фінансаў паступаў ва ўніверсітэт на бюджэт і потым адпрацоўваў ў гэтай сістэме два гады. Як у маім выпадку.

Па сабе ведаю, наколькі цяжка жыць, калі бацькі не могуць даць табе тое, што трэба. Гэта адна з прычын», — кажа яна. 

Па-другое, дзяўчына задумваецца аб тым, якой гісторыі будуць вучыць яе дзіця ў школе. Яна не ведае, як яго можна будзе абараніць ад хлусні і прапаганды. 

«Не ўяўляю, як у такіх абставінах нараджаць дзіця, — кажа яна. — Я на 9 мая была каля плошчы Перамогі, бачыла, колькі там маладых людзей з дзецьмі і гэтымі сцягамі, стужачкамі. Не разумею, як такое магчыма. Не хачу сваё дзіця выгадаваць такім чалавекам.

Нам яшчэ пашанцавала, мы можам супраціўляцца прапагандзе, а ў дзіцяці можа і не атрымацца. Востра не хапае свабоды». 

З базавых рэчаў, якія Аліна хоча мець перад тым, як нараджаць, — кватэра, машына і дастатковы заробак. Цяпер яе даход — 1500 рублёў, яна працуе менеджарам па продажах. 

«Пакуль я не магу ўявіць, на якія грошы купляць жытло. Напрыклад, нават не ў Мінску, а каля яго. Зразумела, што ёсць льготны крэдыт для маладых сем'яў, але чаму мы мусім яго браць? Нават калі выплачваць крэдыт, з такім даходам будзе няпроста. Яшчэ мне складана ўявіць, у якой сферы трэба працаваць, калі не ў ІТ, каб зарабляць дастаткова на жыццё. Адчуванне, што ўвесь свет падстроіўся цяпер пад айцішнікаў. Думаю, што для таго, каб нармальна жыць з дзіцём, заробак павінен быць ад 2000 даляраў. І, канечне, хочацца, каб была машына. Каб было магчыма вазіць яго на секцыі, гурткі. 

Трэба, каб бацькі сталі максімальнай апорай і падтрымкай. Для таго, каб ёю быць, варта мець матэрыяльныя рэсурсы», — кажа дзяўчына.

Нараджаць дзіця ў Беларусі бліжэйшым часам Аліна не плануе. Сітуацыя ў краіне да гэтага яе не заахвочвае.

«У мяне, здавалася б, нават ёсць з кім гэтае дзіця заводзіць, ёсць хлопец. Але да 30 буду чакаць перамен, а далей паглядзім», — кажа яна. 

«Не хачу расціць пушачнае мяса»

Адна з прычын, чаму дваццацігадовая Паліна не хоча нараджаць дзіця, — страх перад будучыняй. Дзяўчыне складана прадказаць, што будзе заўтра. 

«Умоўна кажучы, сёння сяджу на працы (я барыста), а заўтра раніцай да мяне ўрываюцца і забіраюць на суткі ў невядомым накірунку, а дзіця застаецца без маці. Гэта вельмі страшна. Без дзяцей прасцей пачаць усё спачатку, ты больш вольны ў сваіх дзеяннях», — кажа яна. 

Паліна падкрэслівае, што яна не хоча, каб яе дзіця прайшло такі ж шлях, як беларусы сёння. 

«Не хачу расціць пушачнае мяса. Такое ж стаўленне ва ўладзе да людзей. Калі камусьці захочацца, могуць адправіць на вайну. На абсалютна дурную вайну. Напрыклад, якая цяпер.

У мяне галоўная ўмова — гэта змена рэжыму і змена ўвогуле жыцця ў краіне. Каб тут хацелася жыць. Вольная Беларусь, упэўненасць у тым, што ты зможаш сябе і дзіця забяспечыць, мірнае неба над галавой. А таксама здаровая псіхіка як у мяне, так і ў мужа. На жаль, яе ўсім беларусам за апошнія два гады сур’ёзна сапсавалі», — разважае яна. 

На пытанне, ці не хоча дзяўчына з’ехаць з Беларусі, яна адказвае, што такой магчымасці ў яе пакуль няма. Не тое фінансавае становішча. 

«Калі гэты крок і рабіць, то адразу трэба знайсці там добрую, стабільную працу, — кажа яна. — У сэнсе «завесці дзіця», безумоўна, там будзе лепш. Яно зможа развівацца ў здаровых умовах. Але ўвогуле, у найбліжэйшыя дзесяць гадоў нараджаць не планую, як і з’язджаць».

«Я баюся стаць дрэннай маці і выгадаваць няшчаснае дзіця»

Аляксандры 22 гады. Нараджаць ні цяпер, ні ў будучыні дзяўчына не хоча. І на тое ў яе ёсць некалькі сур’ёзных прычын. 

«Па-першае, вайна ва Украіне і падзеі ўнутры Беларусі. Я не адчуваю сябе ў бяспецы і не ўпэўненая ў заўтрашнім дні, таму малалетняе дзіця і адказнасць за яго цяпер толькі пагоршаць мой стан. Для мяне гэта будзе вялікім стрэсам. Акрамя таго, нараджаць у такі час — не любіць сваё дзіця і не турбавацца пра яго маральнае здароўе.

Ёсць і асабістыя прычыны, якія не залежаць ад сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне. Я баюся стаць дрэннай маці і выгадаваць няшчаснае дзіця. Гэта водгаласы негатыўнага вопыту, які я атрымала як дачка і ўнучка ад сваёй маці і бабулі. Яны дрэнна справіліся з задачай выхавання дзіцяці, зрабілі шмат памылак, з-за чаго мне цяпер цяжка будаваць сваё жыццё», — дзеліцца яна. 

На пытанне, што дзяўчыне патрэбнае, каб яна вырашылася нарадзіць дзіця, Аляксандра называе жыццё ў эканамічна развітой краіне. А таксама адсутнасць пагрозы вайны як у Беларусі, так і ў суседзяў.

Цяпер Аляксандра працуе ў інфармагенцтве. Яе заробак складае 1500 рублёў. Яна ўпэўненая, што гэтых грошай на ўтрыманне дзіцяці ёй не хопіць.

«Цяпер мне цяжка ўявіць, што я выйду замуж і пабудую моцную шчаслівую сям'ю, таму нават у пытаннях нараджэння дзіцяці я планую спадзявацца толькі на сябе. Для камфортнага жыцця мне адной цяпер патрэбна каля 2000 рублёў у месяц. Каб я магла забяспечыць сваё дзіця ўсім неабходным, суму спатрэбіцца павысіць да 3000. Зразумела, што гэта павінен быць стабільны даход.

І трэцяе, але не менш важнае — працяглая псіхатэрапія, якая дапаможа мне канчаткова прапрацаваць дзіцячыя траўмы і здабыць базавую ўпэўненасць, што я змагу не праецыраваць іх на сваё дзіця». 

Чытайце таксама: 

У Беларусі — новы антырэкорд нараджальнасці. Такія падлікі зрабілі журналісты пры максімальна закрытай статыстыцы

«Выглядае, як зачыстка рынку на карысць «сваёй» прыватнай медыцыны. А Сайкоў ужо залятаў на штраф ад рэжыму». Што стаіць за пагромам медцэнтраў

«Я выступала супраць вайны, што ў гэтым дрэннага?!» Вольга Брыцікава расказала пра 75-дзённы арышт

Клас
17
Панылы сорам
10
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
19
Абуральна
1