Гэта адбітак маладушнасці ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі. Піша Барыс Тумар.
У Вільні Лукашэнка меў усе падставы для бравуры. Якая дыктатура? Ды беларусы проста не хочуць жыць інакш.
З пратэстам у часе дэбютнага візіту выйшлі ўсяго 15 чалавек. Акцыю зладзілі літоўскія маладыя кансерватары, а не студэнты і выкладчыкі ЕГУ.
З адкрыццём лукашэнкаўскага рэжыму на Еўропу ствараюцца і новыя спосабы падымаць пытанні аб несправядлівасцях і паскудствах, а таксама аб неад’емных правах і свабодах.
Крэатыў аўтараў бел‑чырвона‑белага сцяга насупраць Сойму зачапіў. Публічны пратэст — гэта таксама форма камунікацыі з рэжымам і грамадствам, чаго на словах дабіваецца грамадзянская супольнасць.
Устаць твар у твар з Лукашэнкам, пракрычаць да яго — таксама дыялог. Калі Лукашэнка збаіцца фэйс‑ту‑фэйсу, пасланне данясуць свабодныя СМІ ссюль і стуль.
Не толькі «Далоў дыктатуру», не канечне «Забойцы адкажуць за Ганчара». У Вільні не гучала нават натуральнае «Мы хочам вучыцца ў Беларусі».
Можа, сапраўды, не хочуць?..
Акрамя соцень студэнтаў ЕГУ, у Вільні дзее Беларускі дом правоў чалавека. Таварыства беларускай культуры мае на мэце абарону нацыянальнай ідэнтычнасці.
У большасці выпадкаў прычына пасіўнасці не ў «палітбізнэсе», а ў пераадоленні стэрэатыпу паводзінаў — пасіўных, каланіяльных, «кухонных». І страху таксама. Страху, які мы з Беларусі вязём у сабе ў Вольны свет, апранаем у «Акропалісе», кормім французскімі сырамі.
З іншага боку, многім сегментам незалежнага грамадства камфортна жыць так, як жывецца. Аўтарытарны рэжым і іх пазбавіў канкурэнцыі. Антыдот на такі паразітызм адзіны — інакшы асабісты этас.
Ураджэнец Менску, рэдактар парыжскай «Культуры» паляк Ежы Гедройць казаў: «Калі сцяну нічым не праб’еш, яе трэба прабіваць уласнай башкой».





