Прадстаўнікі міжнароднай журналісцкай місіі паведамілі падрабязнасці сваёй сустрэчы з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Міжнародная журналісцкая місія працавала ў Беларусі ад панядзелка.

Ніякіх дамоўленасцяў падчас гэтай сустрэчы не паўстала. Аднак Пяткевіч адкрыта выказалася па пытанні магчымых зменаў размеркавання радыёхваляў. Яна прызнала, што сістэма выдзялення хваляў павінна быць больш празрыстай. І заверыла, што ў бліжэйшы час гэтая праблема вырашыцца.

Намеснік дарэктара арганізацыі «Індэкс цэнзуры» Рохан Асока Джаясэкера рассказаў, што яны абмеркавалі з Наталляй Пяткевіч магчымасць прыватызацыі сродкаў масавай інфармацыі.

«Яна не супраць разглядзець гэтую ідэю. З таго пункту гледжання, што гэта можа сэканоміць дзяржаўныя сродкі. Цяжка сказаць, якім чынам гэта можа адбыцца. Яна лічыць, што працэс мусіць быць добра пракантраляваны», -- кажа Рохан Осока Джаясекера.

Пры абмеркаванні новага Закону аб СМІ першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта зазначыла, што з новым заканадаўствам праблем няма. Прадстаўнікі міжнароднай журналісцкай місіі не пагаджаюцца.

Еўрапейскі су-дэрэктар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Марк Грубер: «Нам здаецца, што праблема не ў тым, як ужываюцца асобныя палажэнні гэтага закону, а ў тым, што некаторыя палажэнні ў гэтым законе ўвогуле прысутнічаюць».

Прадстаўнікі міжнароднай місіі сказалі, што Пяткевіч дастаткова адкрыта вяла размову. Вядома,

калі гаворка ішла пра пытанні, чаму СМІ з рознай формай уласнасці маюць розныя ўмовы прысутнасці на медыя-рынку, Пяткевіч дазваляла сабе сыход ад адказаў.

Асабліва, калі яны спрабавалі ўдакладніць ролю ў сферы СМІ аддзелаў ідэалогіі. За выключэннем гэтых момантаў, прадстаўнікі журналісцкай місіі пабачылі даволі адкрыты абмен меркаваннямі і задаволены размовай.

Еўрапейскі су-дырэктар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Марк Грубер расказаў: Наталля Пяткевіч прызнала, што ў Беларусі

«сітуацыя мяняецца марудна, але мяняецца».

Прыватызацыя дзяржаўных СМІ дазволіць зэканоміць дзяржаўныя грошы, заявіла Наталля Пяткевіч прадстаўнікам місіі. Пра гэта яны расказалі на выніковым брыфінгу міжнароднай журналісцкай місіі, якая з панядзелка працуе ў Беларусі.

Такім чынам чыноўніца адказала на пытанне пра магчымасць прыватызацыі дзяржаўных СМІ. Пры гэтым яна не назвала ніякіх тэрмінаў наступлення магчымай палёгкі для дзяржаўнага бюджэту.

Нагадаем, што ў пачатку верасня спн. Пяткевіч выказвала сумнеў наконт прыватызацыі дзяржпрэсы.

«Я не кажу пра іншых заснавальнікаў, але магу дакладна сказаць, што Адміністрацыя прэзідэнта свой друкаваны орган — газету «СБ. Беларусь сегодня» — у прыватныя рукі аддаваць не збіраецца»,— заявіла тады Пяткевіч. На яе думку, і іншыя дзяржаўныя органы наўрад ці адмовяцца ад сваіх выданняў.

Прадстаўнікі журналісцкай місіі таксама падзяліліся сваім бачаннем сённяшняй сітуацыі вакол узаемаадносінаў ураду Беларусі і Еўрасаюзу. На іх думку, абодва бакі пакуль не вызначыліся з фарматам дачыненняў, гаворка пакуль не ідзе пра канкрэтныя перамовы, казаць трэба хутчэй пра разведку на мясцовасці. Пра сваю місію яны выказаліся падобным чынам: мы прыехалі без канкрэтных прапановаў, наша задача — вывучэнне сітуацыі ў Беларусі ў галіне СМІ.

Праз колькі дзён можна будзе азнаёміцца з выніковай справаздачай місіі.

* * *

Місія экспертаў сфармаваная пад эгідай Міжнароднай федэрацыі журналістаў. У яе склад увайшлі восем экспертаў, якія прадстаўляюць Міжнародную федэрацыю журналістаў, Дацкі саюз журналістаў, Міжнародны цэнтр падтрымкі СМІ (IMS), ЮНЕСКА і Інстытут «Адкрытае грамадства».

Мэта візіту міжнародных экспертаў — вывучэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі і ацэнка зменаў у гэтай галіне за апошні час.

У рамках візіту адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі і супрацоўнікамі шэрагу дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі, офіса АБСЕ ў Мінску і дзвюх журналістцкіх арганізацый: БАЖ і Беларускага саюза журналістаў.

Настасся Шамрэй, СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0